Як беларусія пісьменнікі асуджалі Барыса Пастэрнака

Увосень 1958 года з асуджэннем паводзін Пастэрнака выступілі і беларускія пісьменнікі…

01d245c1c97395dca0040419b0e8561a.jpg



Даследчык гісторыі рускай эміграцыі Іван Талстой, выступаючы з лекцыяй у Маскве, выказаў меркаванне, што, каб не ЦРУ, Барыс Пастэрнак ніколі б не атрымаў Нобелеўскую прэмію, піша expressnews.by. Быццам бы ЦРУ дапамагло выдаць «Доктара Жывага» на рускай мове за мяжой, паведаміла «Комсомольская правда».
Адбылося гэта ў жніўні 1958 года, увосень пісьменніку прысудзілі прэмію. Між тым, ужо не меркаванне, а сапраўдны факт, які сёння практычна нікому невядомы: у тую ж восень 1958 года з асуджэннем паводзін Пастэрнака выступілі і беларускія пісьменнікі…
Разумеючы, які гэта быў час, мы не бярэмся нікога асуджаць. Адзінагалоснасць таго асуджэння была выклікана тым, што напярэдадні Прэзідыум праўлення СП СССР прыняў пастанову аб выключэнні Б.Пастэрнака як здрадніка Радзімы з членаў саюза.
Таму можна меркаваць, што беларускія пісьменнікі накінуліся на аўтара «Доктара Жывага» толькі таму, што так загадала Масква. Шкадаванне выклікае толькі адно — у якой грэблівай форме гэта рабілася: ну хай бы толькі асуджалі, дык не — абражалі, як толькі маглі.
І таму сведчанне — тая стэнаграма, якую нам удалося адшукаць у архівах Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва і якую падаем у скарочаным выглядзе.
Стэнаграма пашыранага паседжання Прэзідыума праўлення Саюза пісьменнікаў БССР ад 29 кастрычніка 1958 г. (Захоўваем мову арыгіналу)
Прысутнічалі: Члены прэзідыума П.Броўка, І.Шамякін, М.Калачынскі, К.Крапіва, М.Лынькоў, П.Глебка, М.Танк, І.Гурскі, сакратар партарганізацыі І.Грамовіч, рэдактар газ. «Літаратура і мастацтва» М.Ткачоў, пісьменнікі, сакратар ЦК КПБ Ц.С.Гарбуноў.
З паведамленнем аб паводзінах паэта Б.Пастэрнака, не сумяшчальных са званнем савецкага пісьменніка, выступіў П.Броўка.
П.Броўка сказаў, што пісьменнікі вітаюць пастанову Прэзідыума праўлення Саюза пісьменнікаў СССР аб выключэнні Б.Пастэрнака, як здрадніка Радзімы, з членаў Саюза пісьменнікаў СССР і пазбаўленні яго звання савецкага пісьменніка.
— Мы выказваем аднадушную думку, што пастанова Прэзідыума праўлення Саюза пісьменнікаў СССР з’яўляецца абсалютна законнай, мы падтрымліваем яе. Гэта падзея абавязвае нас, работнікаў усёй савецкай літаратуры, быць пільнымі і калі мы заўважаем ухіленне ад нашай дарогі, нягледзячы на аўтарытэт, на славу, трэба рашуча крытыкаваць і адмятаць тое, што непатрэбна нашаму здароваму арганізму. Правільна асуджае яго савецкі народ, правільна асуджае яго савецкая літаратура.
Пастэрнак — смецце, ён не заслугоўвае ні звання савецкага пісьменніка, ні звання грамадзяніна, а наша літаратура пойдзе прамой дарогай далей пад кіраўніцтвам нашай Камуністычнай партыі. (Апладысменты).
Выступілі:
І.Шамякін: Я прысутнічаў на паседжанні Прэзідыума праўлення Саюза пісьменнікаў СССР, якое аднадушна прыняла пастанову аб выключэнні здрадніка Пастэрнака з членаў Саюза пісьменнікаў. Ён даўно паставіў сябе па-за радамі савецкіх пісьменнікаў, ён, як там гаварылі, быў унутраным эмігрантам, які сядзеў, запершыся ў сваёй дачы. Ён чатыры гады не плаціў членскіх узносаў, не прайшоў перарэгістрацыі і не пажадаў атрымаць новы членскі білет. Сакратарыят Саюза пісьменнікаў СССР зрабіў усё для таго, каб Пастэрнак прысутнічаў на паседжанні Прэзідыума, але ён не прыйшоў, прыслаўшы запіску, якая была напісана даволі нахабна, у якой ён нават пагражаў Сакратарыяту Саюза пісьменнікаў.

ac1e043458deaaad33d5aa813622f2a5.jpg


І.Шамякін
Бясспрэчна, гэта выклікала абурэнне. Яшчэ ў суботу ў Саюз пісьменнікаў СССР прыйшлі студэнты, якія напісалі на шчытах, на варотах: «Выгнаць з саюза здрадніка Пастэрнака». Увесь савецкі народ, усе простыя людзі аднадушна асуджаюць здрадніка, які прадаўся амерыканцам, як Іуда. Усе мы аднадушна падтрымліваем гэта рашэнне аб выгнанні Пастэрнака з радоў Саюза пісьменнікаў.
Ён не можа насіць высокае ганаровае званне савецкага пісьменніка.
М.Лынькоў: Дарагія таварышы! Учынак гэтага былога дэкадэнта, яўнага літаратурнага сноба ў мінулым, так мы яго можам велічаць, а на сённяшні дзень проста паскудніка (другіх назваў цяжка знайсці) выклікае ў кожнага савецкага чалавека і ўсяго нашага народа гнеў, звычайны чалавечы гнеў і згрэблівую пагарду да таго, хто да гэтага часу карыстаўся некаторым нашым давер’ем, быў членам нашай савецкай сям’і, членам нашай літаратурнай арганізацыі.
Я асабіста зразумеў бы пазіцыі Пастэрнака, калі б гэта было ў 1917-18-19, пачатку 20-х гадоў, у той час, калі вядомая частка інтэлігенцыі, якая была звязана з вярхамі тагачаснага грамадства, не прыняла рэвалюцыі, заставалася па той бок барыкад. Некаторая частка інтэлігенцыі сумнявалася, але мы ведаем, што ў далейшым значная частка гэтых жа людзей пад уплывам перамог нашай рэвалюцыі, пад уплывам усёй палітыкі нашай партыі ўключылася ў актыўнае будаўніцтва нашай дзяржавы.

3c283dd495c1c93e645d60d703fcd4d4.jpg


М.Лынькоў
Некаторым з іх мы нават не напамінаем аб такім этапе ў іх жыцці, калі яны праяўлялі вядомае сумненне. Былі асобныя таленавітыя пісьменнікі, якія аказаліся па той бок барыкад, сумняваліся ў нашай рэвалюцыі, але ўсё ж параўнальна хутка яны перамаглі свае памылкі і з таго боку барыкад перашлі да нас. Я маю на ўвазе А.Талстога, графа па паходжанню, які з малаком маткі ўсасаў сутнасць самога гэтага грамадства, гэтага ладу. І вось гэты чалавек пад уплывам рэвалюцыі, пад уплывам гістарычных падзей, якія ператварылі свет, пераканаўся ў праваце народа, у праваце той справы, за якую змагаецца наш народ. Ён стаў адным з відных пісьменнікаў і да апошняй кроплі крыві аддаў сябе народу.
А тут амаль што праз 40 год пасля рэвалюцыі, калі наша краіна ператварылася ў адну з буйнейшых дзяржаў свету і з’яўляецца перадавой краінай, гэты былы літаратурны сноб робіць такі ганебны ўчынак. Гэта гаворыць аб тым, што гэты чалавек нічому не навучыўся, як быў ён на тым баку барыкад, так і застаўся па сённяшні дзень.
І зразумела, што гэты літаратурны сноб, гэты паборнік мастацтва дзеля мастацтва, гэты паэт, якога сапраўды многія з нас не разумелі (дарэчы, я яго таксама не разумеў), ператварыўся ў звычайнага здрадніка народа. Ён нанёс вялікую абразу народу, якога ён прыраўняў да стада. Нам усім зразумела ўся падаплёка прысваення яму Нобелеўскай прэміі, відаць, для чаго прысуджаецца гэтая прэмія, якія не па сваёй волі, а па ўказцы ЗША надзяляюць іўдавымі срэбранікамі такіх, як Пастэрнак.
Я поўнасцю згодзен з пастановай Прэзідыума праўлення Саюза пісьменнікаў СССР, аргкамітэта Саюза пісьменнікаў РСФСР. Адно магу дадаць, што гэта зроблена запознена. Даўно былі чуткі, даўно паступалі сігналы, два гады цягнецца гэта гісторыя, не трэба было цацкацца з ім. Я зразумею нашу лінію, нашу палітыку чулых адносін да людзей, але гэты чалавек, гэты здраднік не заслугоўваў таго, каб з ім так цацкаліся.
К.Крапіва: Я думаю, што ў нас тут няма патрэбы аналізаваць твор­часць Пастэрнака, каб выявіць яго твар, яго вартасць як пісьменніка. Мы ведаем творчасць Пастэрнака многа год і ведаем яго адносіны да савецкай улады, да савецкай літаратуры. Мы ведаем, што ён заўсёды быў унутраным эмігрантам у сэнсе сваіх палітычных пераконанняў і быў снобам у сваёй літаратурнай творчасці. Савецкі народ, шырокі савецкі чытач ніколі не любілі творчасць Пастэрнака, для іх ён быў чужы, таму што і народ для Пастэрнака быў чужым. Гэта выявілася ў яго апошнім творы «Доктар Жывага».
Праўда, каля яго было невялікае акружэнне, якое лебязіла перад ім, гэта тая грыбная цвіль, з якой вырастаюць мухаморы. Такі мухамор і вырас на гэтай гнілі, хоць і чырвоны, для некаторых вельмі прывабны. Цяпер, калі гэты мухамор сапраўды паспеў, стаў больш ядавітым, нашы ворагі знайшлі патрэбным выкарыстаць яго супроць нас.
Што можна яшчэ аб ім сказаць? Бясспрэчна, гэта справа не літаратурнага парадка, гэта справа палітычнага парадка, справа палітычнай барацьбы, і шкада, я паўтараю за Міхасём Лыньковым, што раней не выкінулі мухамора з радоў нашай арганізацыі, для гэтага ўсе падставы былі, калі стала вядома, што ён аддаў гэты раман за граніцу.

72e2ff9ff0ec6918dce77e3e16b8c1bc.jpg


К.Крапіва
Але добра, што зрабілі гэта зараз, што савецкай грамадскасці стала цалкам вядома, што гэта за фрухт, на што разлічваюць нашы ворагі за мяжой, прысуджаючы такую прэмію. Я думаю, што выяўленне гэтага факта дапаможа ў далейшым звяртаць увагу на гэту цвіль, таму што раней мы часта праходзілі міма той гнілі, ліберальна адносіліся, а гэты факт паказвае, што гэта не такое ўжо безшкоднае з’явішча.
Я цалкам далучаюся да пастановы, якая вынесена Прэзідыумам праўлення Саюза пісьменнікаў СССР, як і ўсе нашы таварышы.
А.Зарыцкі: З усіх паводзін Пастэрнака відаць, што ён быў ворагам усяго прагрэсіўнага. Я памятаю адну гаворку пра Пастэрнака з адным паэтам. Ён так сказаў: «Гэта незамаскаваны контрык». І сапраўды, ўсё далейшае падцвярджае гэта. Калі была Айчынная вайна, ён адседжваўся, доўгія гады насіў у сябе злобу і нарэшце напісаў гэты пасквіль на нашу рэчаіснасць. Пасля Ташкенцкай канферэнцыі, дзе людзі розных нацыянальнасцяў пры­хільна ставіліся да нас, проста дзіка аб гэтым слухаць. Гэтымі дзеяннямі Пастэрнак паставіў сябе ў адзін рад з контррэвалюцыянерамі, і выключэнне яго з нашага асяроддзя абсалютна неабходная рэч.

8860066204fddef12f6bc8aaae252975.jpg


А.Зарыцкі
(Аднагалосна прымаецца рэзалюцыя. Рэзалюцыя дадаецца)
Прэзідыум Саюза пісьменнікаў БССР, сабраўшыся на пашыранае пасяджэнне разам з членамі Праўлення Саюза і пісьменніцкім актывам г. Мінска, абмеркаваў пастанову Прэзідыума праўлення Саюза пісьменнікаў СССР аб дзеяннях б[ылога] члена Саюза пісьменнікаў СССР Б.Л.Пастэрнака, не сумяшчальных са званнем савецкага пісьменніка.
Пашыраны Прэзідыум праўлення Саюза пісьменнікаў БССР лічыць, што Б.Пастэрнак учыніў здрадніцтва ў адносінах савецкага народа, справы сацыялізма і міру, апублікаваўшы ў рэакцыйным друку капіталістычных краін раман «Доктар Жывага», які з’яўляецца злосным, поўным нянавісці паклёпам на Вялікую Кастрычніцкую сацыялістычную рэвалюцыю, на ўвесь савецкі народ, на Радзіму сацыялізма. Міжнародная рэакцыя выкарыстала гэты паклёпніцкі твор для антысавецкай прапаганды, для далейшага распальвання халоднай вайны, дабіўшыся прысуджэння Б.Пастэрнаку Нобелеўскай прэміі.
Прэзідыум Саюза пісьменнікаў БССР, выказваючы думку ўсіх пісьменнікаў Беларусі, рашуча асуджае ганебны ўчынак Б.Пастэрнака і аднадушна ўхваляе пастанову Прэзідыума праўлення Саюза пісьменнікаў СССР аб пазбаўленні яго звання савецкага пісьменніка і выключэнні з ліку членаў Саюза пісьменнікаў СССР. Савецкім пісьменнікам можа быць толькі той, хто сумленна і аддана служыць савецкаму народу, справе сацыялізма, міру і прагрэсу чалавецтва.

«Гістарычная праўда»