«Выскачка, які парушае ўсе законы драмы, патурае нізінным інстынктам публікі»
Летась адзначалася 460 гадоў з дня нараджэння рэфарматара іспанскага тэатра і геніяльнага драматурга, паэта і празаіка, аўтара каля 2000 п’ес (да нашых дзён дайшла толькі чвэрць) і 3000 санэтаў Лопэ дэ Вегі. Гэта дата нечакана спарадзіла пытанне: за што калегу не любіў класік іспанскай літаратуры Сервантэс?
Іх адносіны нельга назваць сяброўскімі, хаця на публіцы яны нават ні разу не пасварыліся. Больш за тое — кожны з іх прызнаваў майстэрства і значэнне адзін аднаго пісьмова. І на людзях. За вочы ж — пераважалі іншыя пачуцці і эмоцыі. Ды і ці магло б быць інакш? Адзін усё жыццё імкнуўся быць дабрадзейным і маральным чалавекам. Другі перыядычна імкнуўся быць такім — але не атрымлівалася. Ці атрымлівалася яшчэ горш, чым было да таго. А першы спрабаваў пісаць п’есы, і ў яго ні разу не атрымалася хаця б наблізіцца да калегі.
Першы не адмаўляўся ні на хвіліну ад сваіх перакананняў і не «адхіляўся» ад маральнага стрыжня. Ён быў супраць інквізітарскіх судзілішчаў, адважыўся пісьмова звярнуцца да караля са словамі «хопіць аўтадафэ!», — а другі запісаўся ў інквізітары і нават распараджаўся і камандаваў каля вогнішча, на якім спалілі нейкага звар’яцелага манаха.
Нарэшце — адзін памёр у галечы, а другі — у самавітым дастатку. Якое ўжо тут сяброўства?
Першы — Мігель дэ Сервантэс Сааведра. Другі — Лопэ Фелікс дэ Вега Карпіё. Карацей — Лопэ дэ Вега. Абодва — рэфарматары іспанскай і сусветнай культуры. Пасля абодвух засталіся несмяротныя старонкі. Пасля першага нельга было ўжо пісаць прозу, як да яго. Без другога не з’явіўся б сучасны тэатр. Каму аддаць перавагу ў такім маральным паядынку? Гісторыя і Час вырашаць мудрэй, прычым з вялікай іроніяй…
Хуан Перэс дэ Мантальбан, дыскрэт ордэна святога Францыска і натарыус інквізіцыі, быў вельмі сімпатычны Лопэ дэ Вегу і ў гісторыі застаўся як аўтар кнігі «Fama póstuma» (1636), біяграфіі Лопэ дэ Вегі, у якой ён не эканоміў на «фіміяме і ружах». Лопэ дэ Вега быў яго сябрам, магчыма, нават суаўтарам па п’есе «El Orfeo en llengua castellana» — «Арфей на іспанскай мове». Дэ Мантальбан быў адным з тых, хто ў памяць пра дэ Вегу зладзіў яго «паэтычнае пахаванне». Бацька Хуана дэ Мантальбана зваўся Алонса Перэс, і быў ён выдаўцом шматлікіх твораў дэ Вегі, габрэем, які прыняў каталіцтва. Але Хуан спрабаваў выдаць сябе за арыстакрата дэ Мантальбана, за што і патрапіў «на пяро» сатырыку Франсіска дэ Кеведа. З дэ Кеведа ён ваяваў пры дапамозе памфлетаў да самай смерці. Зрэшты — не так ужо доўга давялося чакаць. У 1638 годзе Хуан Перэс дэ Мантальбан страціў розум і неўзабаве памёр. Але біяграфію Лопэ дэ Вегі напісаць паспеў.
У гэтай біяграфіі ён і паведаміў пра дзіцячыя гады свайго настаўніка і сябра, пра тое, што той пачаў пісаць вершы ў пяцігадовым узросце, але — вось жа прыкрасць — яшчэ навучаны грамаце не быў, а таму «...пакуль не навучыўся пісаць, дзяліўся сняданкамі са старэйшымі вучнямі, каб яны запісвалі тое, што дыктаваў Лопэ». Іншыя біёграфы паведамлялі, што «з ранняга дзяцінства Лопэ выяўляў выдатныя здольнасці: у пяць гадоў вольна чытаў па-іспанску і па-латыні, а ў шэсць, яшчэ не ўмеючы пісаць, складаў вершы». Каму верыць — вырашайце самі.
У адзінаццаць гадоў бацька аддаў яго ў езуіцкую школу, і там малодшы Лопэ зрабіў пераклад паэмы Клаўдыяна «Выкраданне Празерпіны» на іспанскую мову. А праз паўтара гады, у трынаццацігадовым веку, склаў першую камедыю — «Праўдзівы палюбоўнік». Яе датуюць 1574–1575 гадамі. Ужо сама назва намякае на тое, што аўтар знаёмы з падрабязнасцямі і сутнасцю «справы». І менавіта з 1575 года можна пачаць калькуляцыю работ Лопэ дэ Вегі ў лічбах. Дапаможа нам усё той жа Хуан Перэс дэ Мантальбан, паводле падлікаў якога геній іспанскай драматургіі ў суме выпусціў у свет 1800 камедый і 400 аднаактовых аўто (прадстаўленняў рэлігійнага характару з жыцця святых), і ўсё гэта ў вершах агульным лікам больш за 21 мільён радкоў! Сам Лопэ дэ Вега пісаў, што на камедыю не марнаваў больш за тры дні. Простая арыфметыка дазваляе падлічыць, што калі лічбы дакладныя, то 5400 дзён, альбо 180 месяцаў, альбо пятнаццаць гадоў з пражытых сямідзесяці двух дэ Вега пісаў драмы і камедыі, а калі дадаць сюды аднаактовыя «аўто», пакінуўшы на іх па адным дню, выйдзе, што яшчэ тры гады і тры месяцы пайшло на іх, а ёсць яшчэ чатыры раманы, мноства санэтаў, лістоў, артыкулаў…
Яго сябар Хуан дэ Пінья пацвярджаў: «Я сам быў не раз сведкам таго, як ён пісаў па васямнаццаць старонак кожныя шэсць гадзін, і так васямнаццаць гадзін запар». І наўпрост з-пад пяра драмы і камедыі патраплялі на тэатральныя падмосткі.
Такім чынам — прыкладна дваццаць гадоў свайго жыцця Лопэ дэ Вега правёў з пяром у руках, яшчэ, напрыклад, гадоў дваццаць пайшло на сон. Астатнімі трыццаццю двума ён таксама распарадзіўся «па-гаспадарску».
Мігель дэ Сервантэс Сааведра ў дваццаць тры гады пайшоў на ваенную службу, у дваццаць чатыры стаў героем бітвы пры Лепанта ў Патраскім заліве, у марскім баі прыняў амаль ва ўпор два выстралы з аркебузы — гэта вельмі страшныя раны. Пабываў у палоне, быў выкуплены амаль што паміраючым, зноў вярнуўся на службу…
Студэнт універсітэта Алькала-дэ-Энарэс Лопэ дэ Вега ў шаснаццаць гадоў здолеў пры дапамозе вершаў і кампліментаў «украсці сэрца» нейкай замужняй дамы Даратэі. Але тэмперамент у студэнта быў вельмі палкі. Даратэя была неўзабаве забытая, а ў жыцці літаратара яе месца заняла нейкая Марфіса — цалкам набожная ўдава, на бяду сваю — прыгажуня з любоўю да паэзіі. Калі паэзія непазбежна прывяла да цяжарнасці, малады Лопэ загарэўся ўзвышанай любоўю да... радзімы і кароны, і ў 1583 годзе адбыў у складзе ваеннай экспедыцыі на Азорскія астравы (архіпелаг у Атлантычным акіяне).
Яго вершы таго часу заўважыў і пахваліў сам Сервантэс!
Вярнуўшыся, дэ Вега зразумеў, што сціплы заробак служачага не забяспечыць яму ні добрай вопраткі, ні годнага жылля, а галоўнае… жаночай ласкі. Ён зноў піша — цяпер ужо камедыі. Доўга пісаць не стае часу...
Вытанчаны палюбоўнік і паэт патрапляе ў яшчэ больш дасканалыя кіпцюры — да новай каханай. Яна не толькі прыгажуня. Зваць яе Алена Асорыя, і яна — акторка! І не якая-небудзь, а лепшая ў Мадрыдзе, і бацька яе сам Хераніма Веласкес — акцёр, антрэпрэнёр, пастаноўшчык. Лопэ становіцца заўважнай фігурай у іспанскім тэатры — і гэта ў яго залаты час!
Але мінае крыху часу, і небарака высвятляе, што прыгажуня (не кажучы аб тым, што яна наогул замужам) не проста завяла акрамя яго іншага палюбоўніка, дык яшчэ і збіраецца наогул да яго і сысці. Дзіва што — дон Франсіска дэ Гранвель не толькі багаты і шляхетны. Ён сваяк самога Антуана Перэна дэ Гранвеля, першага міністра і бліжэйшага дарадцы караля.
Лопэ раз’юшаны. Ён зразумеў, навошта гэтая інтрыгантка старалася трымаць яго каля сябе: дзеля вельмі папулярных у публікі п’ес, якія закаханы дурань пісаў за тры дні штуку! І неўзабаве ўвесь Мадрыд рагатаў з памфлетаў на актрысу, на яе мужа, на бацьку і на палюбоўніка-арыстакрата. Каралеўскі міністр наўрад ці быў задаволены такім скандалам.
Новы 1588 год Лопэ дэ Вега сустрэў у турэмнай камеры. Яму прад’явілі суровае абвінавачанне — у абразе двараніна. А за гэта маглі выгнаць з Мадрыда на цэлы год. Не паспеў суд абвясціць прысуд — два гады выгнання з Кастыльі і чатыры гады выгнання са сталіцы, а дэ Вега зноў выдаў у адрас дэ Гранвеля з’едлівую абразу. І быў новы суд, і прыгавор: восем гадоў выгнання са сталіцы. Калі не паслухаецца — смерць.
Дэ Вега… нікуды не паехаў. Ён паспеў закруціць раман з дачкой кіраўніка старажытнага роду Ісабель дэ Урбіна. Разам са сваім братам ён падаўся ў Лісабон, адкуль выйшаў у мора на борце галеона «Сан Хуан», дзе склаў паэму «Прыгажосць Анхелікі». Ужо Анхелікі!
Лопэ дэ Вега браў удзел у паходзе Непераможнай Армады, вярнуўся, на шчасце, жывы і нейкі аціхлы. Ягонаму брату так не пашанцавала — ён загінуў і здабыў супакой у марскіх хвалях.
Пасля катастрофы Армады Лопэ ўз’яднаўся з Ісабель, яны з’ехалі ў Валенсію, дзе сталі жыць у Леванце. Ён піша п’есы з той жа хуткасцю — і яны карыстаюцца папулярнасцю. Тры гады Лопэ быў амаль шчаслівы. Тым больш што акрамя жонкі ў яго ёсць... яшчэ і Філіда. Жонцы ён яе прадставіў у якасці сваёй вучаніцы. Але ў 1893 годзе Ісабель не стала, а дзве іх дачкі памерлі ў маленстве.
Колькі ўсяго і ўсякага здарыцца з ім за астатнія гады — апісаць цяжка. Перыяды бурных раманаў будуць змяняцца доўгімі гадамі раскаяння і аскезай, нават манаствам.
У Мадрыдзе Лопэ дэ Вега знаёміцца з Сервантэсам. Адносіны знешне ідэальныя, але ўпотай ён Сервантэса пабойваецца, а той яго лічыць выскачкам і кепскім драматургам, які парушае ўсе законы драмы, патурае нізінным інстынктам публікі і псуе іспанскі тэатр. А не рэфармуе…
З часоў Старажытнай Грэцыі тэатральнае прадстаўленне будавалася па непарушным каноне. Дзеянне адбывалася «тут» і «цяпер». Ніякіх там «мінула тры гады» ці паказальніка новага месца, скажам, «Венецыя», а потым «Верона». Не так, як у Лопэ дэ Вегі...
П’есы дэ Вегі ставіліся звычайна ў заезных дварах, будынках з унутраным дворыкам, дзе вокны ператвараліся ў ложы, а зала дзялілася на дзве паловы — каб мужчыны не маглі апынуцца побач з жанчынамі. Тэатр іспанскай вуліцы стварыў свае падыходы да кампазіцыі: п’еса дзялілася на тры дзеянні, усё, што адбывалася за гэтае дзеянне, было адным сцэнічным днём, або харнадай. А паміж харнадамі падчас п’есы маглі мінуць і гады. Паміж харнадамі выконвалі сайнэты — маленькія п’ескі з куплетамі і музыкай.
Сервантэс на ўсё тое ўздыхаў: «Лопэ нельга пераймаць. Знікне ён, знікнуць і яго тварэнні».
У 1609 годзе, заўдавеўшы зноў, Лопэ дэ Вега вырашыў, што гэта пакаранне за яго шматгрэшнае жыццё, і звярнуўся да надзейнага сродку: рэлігіі. Ён пачаў маліцца, пасціцца і паступіў на службу ў інквізіцыю. Быў пасвечаны ў святары і выправіўся ў Таледа, каб застацца там служыць Госпаду і жыць праведным жыццём пастыра… у доме актрысы Геранімы дэ Бургас. Праз некалькі месяцаў «святы айцец» быў вымушаны бегчы з Таледа…
Час і гісторыя падзялілі і злучылі лёсы-лаўры Сервантэса і Лопэ дэ Вегі. І вось як. Уявіце, што нейкім цудам нам удалося выклікаць да жыцця абодвух. Яны паблукалі па сучасным Мадрыдзе, даведаліся, што было пасля іх сыходу і да нашых дзён. І вось дэ Вега з сумнай усмешкай кажа Сервантэсу:
— Ты ўяўляеш, аказваецца, я больш за дваццаць гадоў пражыў на вуліцы, якая цяпер называецца вуліцай Сервантэса. Хто б мог падумаць?
Сервантэс жа з горыччу мог бы адказаць:
— А мяне пахавалі на могілках манастыра Сан-Ільдэфонса-і-Сан-Хуан-дэ-Мата ордэна Басаногіх Трынітарыяў... І адрас могілак — вуліца Лопэ дэ Вегі! І я там ляжу да гэтага часу.