Група, якая сем разоў запар выходзіла ў фінал адбора на «Еўрабачанне», адмовілася ад удзелу ў ім
Беларуска Вольга Шыманская, яна ж Napoli, якая сем гадоў запар прабівалася ў фінал нацыянальнага адбору на «Еўрабачанне», не будзе браць удзелу ў ім у гэтым годзе. Пра гэта на сваёй старонцы ў фэйсбуку паведаміў яе прадзюсар Аляксандр Слуцкі.
— Мы вырашылі ў гэтым годзе не падаваць заяўку ў беларускі адбор, хоць песня ў нас ёсць, і досыць нядрэнная. Па-першае, гэта бессэнсоўна з прычыны нашай палітычнай пазіцыі супраць гвалту, беззаконня (...). Думаю, што нашу заяўку нават не сталі б разглядаць. Па-другое, калі б цяпер у нас атрымалася нейкім цудам выйграць адбор, мы б ні за што не пагадзіліся прадстаўляць краіну пад чырвона-зялёным сцягам. (...). Па-трэцяе, [у цяперашняй сітуацыі] прымаць удзел у (...) падобных мерапрыемствах проста блюзнерства — напісаў Слуцкі.
Беларуска Вольга Шыманская, яна ж Napoli, у апошні час атабарылася на Кіпры: там яна жыве і працуе з мясцовым музычным лэйблам. У фінал нацыянальнага адбору Вольга праходзіла сем разоў запар.
Бліжэй за ўсё да перамогі Napoli была ў 2016 годзе. Тады яна заняла другое месца, саступіўшы маладому спеваку Аляксандру Іванову (Ivan), якога прадзюсуе кавалер ордэна Францыска Скарыны Віктар Дробыш. Пасля абвяшчэння вынікаў прадзюсер групы Napoli засумняваўся ў чыстай перамозе спевака.
— Вельмі здзіўлюся, калі хто-небудзь з вас верыць, што за мала вядомага Сашу Іванова беларусы адправілі 23 167 званкоў і эсэмэсак. Такіх лічбаў не было ў адборах, напэўна, ні ў каго. Сапраўды гэтак жа, як і тое, што за Napoli на ўласным энтузіязме людзі адправілі 22 399 галасоў, — напісаў тады Слуцкі.
Нацыянальны адбор на «Еўрабачанне» ў гэтым годзе працягваецца да 31 студзеня. Да ўдзелу ў адборы запрашаюцца як сольныя выканаўцы, так і калектывы (не больш за 6 чалавек). Імі могуць быць беларускія і замежныя артысты ад 16 гадоў.
У мінулым годзе арганізатары ўлічылі няўдалы вопыт ўкраінскага спевака Alekseev, які прадстаўляў нашу краіну на "Еўрабачанні" у 2018 годзе. Таму да ўдзелу ў адборы-2020 дапускаліся толькі грамадзяне Беларусі, замежнікі і асобы без грамадзянства, якія пастаянна пражываюць на тэрыторыі Беларусі. У гэтым годзе замежнікі зноў атрымалі права ўдзельнічаць у адборы.
tut.by