Голем на пераходзе. Марыя Мартысевіч пра "Шал" Юрыя Станкевіча

У XVI стагоддзі ў Празе жыў легендарны рэбэ Лёў. Паводле адной з версій, ён хацеў абараніць габрэяў ад пагромаў. Паводле іншай — банальна стварыць служку для нуднай хатняй працы. Зляпіўшы балвана з гліны, здабытай у Влтаве, ён ажывіў яго з дапамогай Кабалы. Уключальнікам для гэтага робата эпохі барока служыў “шэм" — цыдулка з таемным імем Бога, пакладзеная ў гліняны рот.



shal.png

Голем спраўна завіхаўся на карысць гета: абараняў яго межы, насіў ваду і дровы. Часам, праўда, ад няма чаго рабіць самавольна ўключаўся, выходзіў з-пад кантролю і ішоў душыць саміх габрэяў, але збольшага ўсё было добра. І ўсё роўна аднойчы рэбэ Лёў выключыў яго назаўжды. Але шмат стагоддзяў габрэі Еўропы верылі, што Голем адраджаецца з пацярухі і абараняе іх народ у часы небяспекі.


Празаік Юры Станкевіч стаў шырока вядомы чытачу пасля 1997 года. Яго раман “Любіць ноч — права пацукоў" — жамчужына “новай літаратурнай сітуацыі, класіка новага беларускага мадэрнізму, заслужаны “нуар" беларускай літаратуры. Эксперыментальны твор, мадэрністычны “свяжак" на фоне татальнага рэалізму айчыннай прозы, адрэдагаваны, выдадзены і разрэкламаваны калектывам часопіса “Крыніца" — бадай, самай магутнай і аўтарытэтнай інтэлектуальнай структурай Беларусі канца 1990-х, — вокамгненна стаў культавым.


Вось толькі аўтар, на праверку, выявіўся форменным Големам — змрочным Франкенштэйнам, які паўстаў супраць сваіх стваральнікаў. Мы і не заўважылі — але за нейкі дзясятак гадоў з флагмана мадэрнізму (якім мы яго чамусьці лічылі) Станкевіч перарадзіўся ў гуру беларускіх правых. Станкевіч — галоўны козыр беларускіх нацыяналістаў у ідэалагічным супрацьстаянні з праеўрапейскімі лібераламі, якія, у сілу бязмежнай талерантнасці да ўсіх, моўчкі глытаюць у тым ліку прозу Станкевіча. Камуністы таксама адседжваюцца ў хмызах. Што такога могуць супрацьпаставіць танку, які мкне напралом, тутэйшыя левыя? Маніфесты Цімура Хоміча? Складаецца ўражанне, што Станкевіч павёў рэй у гета беларускай культуры ўсур’ёз і надоўга.


У чым менавіта палягае перараджэнне празаіка Станкевіча? На гэтае пытанне, думаю, здольная адказаць кніга “Шал".
І
“Шал" мае амаль санетарную архітэктоніку. У кнізе 13 тэкстаў у чатырох жанрах. На першы погляд, “Шал" — кніга таго самага антыкамерцыйнага фармату “слепила из того, что было, які дае цынікам нагоду кпіць з нішчымных беларускіх літаратараў. Маўляў, аўтары карыстаюцца любой нагодай апублікаваць “нятленкі і, атрымаўшы перапустку ў друкарню, на радасцях вярстаюць пад адну вокладку ўсё, што гадамі пісалася ў стол. Але насамрэч усё ў зборніку даволі арганічна. Канцэптуальна ён распадаецца на дзве часткі. На маю думку, асобна варта разглядаць “Аповеды розных гадоў" (8 навелаў) і рэшту твораў: аповесці “Пераход", “Шал", “Лавец святла поўні", кінасцэнар “Фалькона" і эсэ “Пясняр самураяў".


Спачатку крыху пра навелы. Гэта, на маю думку, каронны жанр пісьменніка Станкевіча. Беларуская літаратура пакуль не ведае сюжэтніка, лепшага за яго. Па характары і сіле ўздзеяння на чытача гэтыя кароткія тэксты можна параўнаць з петардамі. Развязка, як і належыць прыстойнай навеле, проста дэтануе (прычым у навеле “Падарунак для свекрыві дэтануе літаральна). Але галоўнае іншае: толькі гэтыя восем тэкстаў кнігі “Шал" можна аднесці да чыстакроўнай літаратуры.


Бо, у прынцыпе, кніга “Шал" — узор маргінальнага пісьменства. Вядома ж, у маім разуменні маргінальнага пісьменства: калі твор літаратуры паўстае на сутыку розных сістэм мастацтва і не можа быць адэкватна інтэрпрэтаваны ў катэгорыях толькі адной з іх.

Што адбываецца, калі непадрыхтаваны чытач занураецца ў сусветы Юрыя Станкевіча? Адбываецца разрыў шаблону ва ўсіх, хто прачытаў у прэсе: новая кніга ад аўтара “Любіць ноч — права пацукоў". Непадрыхтаваны чытач натыкаецца на серыю аднастайных твораў-клонаў, пабудаваных па адной схеме, небагатых на вобразныя сродкі і часам нават выкладзеных не зусім пісьменна, з гіпертрафаванай роляй сюжэту, які, зрэшты, вандруе з аповесці ў аповесць і структура якога можа быць апісаная радком са школьнай хрэстаматыі: “Ноч — Халодная зямлянка — Перастрэлка — Цішыня".


Гэтак жа, як адэпта інтэрнэт-тэхналогіяў Альгерда Бахарэвіча часта ловяць на творчым пераказе Вікіпедыі, Юрыя Станкевіча можна западозрыць ва злоўжыванні ў якасці крыніцы натхнення тэлевізіі, прычым пераважна расійскай. Перад намі тыповы РТРаўскі серыял пра вайну, які перапыняецца “Шоў экстрасэнсаў" і перадачамі пра разборкі крыміналітэту ў Маскве і Піцеры.


З першых абзацаў герой — сціплы беларускамоўны мача — пуляе, “редко, но метко, у чарговых прыхадняў, якія або маскалі, або “чарнамазыя", або проста падонкі, або ўсё гэта разам. Наступае зацішша, і агаломшаны чытач нарэшце атрымлівае флэшбэк. Які і праўда тлумачыць, як герой трапіў у зямлянку і чаму менавіта кепскія мальцы — кепскія, але не мяркуе ніякай дыялектыкі: чытач па-ранейшаму не ўяўляе, што зрабіла мальцаў кепскімі і якія такія ўнутраныя рэсурсы і перакананні змусілі героя, у мінулым шараговага абываталя, зрабіцца бязлітасным забойцам. Эфект запінгу — рэзкае пераключэнне тэлеканала нябачным пультам дзеля ўвядзення ў тэкст гома- і ксенафобных лозунгаў — крыху праясняе сітуацыю, але не пакідае шанцаў на катарсіс. Так, герой — нацыяналіст і праварадыкал, гэта зразумела, але чаго адразу за бярданку хапацца? Дзе дыялектыка, я пытаюся?


І вось мы прымаем гэта як дадзенасць — самотны шэравокі каўбой супраць свету “мяшанцаў" і “дэградантаў", якія абрынулі на планету шэраг “Непажаданых Падзей" — гэтыя азначэнні таксама вандруюць з твора ў твор і ўжо трывала асацыююцца з прозай Станкевіча.


Потым герой яшчэ крыху ходзіць, пуляе (або, як варыянт, рэжа), знішчае ўсіх кепскіх мальцаў і запальвае дэфіцытную ў новай эканамічнай (або экалагічнай) сітуацыі цыгарэту, гледзячы на заход якога-небудзь радыёактыўнага сонца. Магчыма нават, дзеянне адбываецца не на Зямлі і не ў нашыя дні. Заслона. А, забыла. Побач з героем абавязкова круціцца якое-небудзь дзяўчо, што выжыла ў катаклізме (уцякло ад бандытаў). Перад фінальнай перастрэлкай Ён і Яна здзяйсняюць эпічны Полавы Акт. Цяпер дакладна ўсё.


Вядома ж, гэты абагульнены мной сюжэт мае адхіленні, крокі ўправа-ўлева і падскокі ўверх (толькі Полавы Акт мае месца пры любым надвор’і — проста як канцэрты Ухцінскага), але па сутнасці, канва адна і тая ж. Падчас чытання складаецца ўражанне, што табе выпала гуляць у нейкую бясконцую кампутарную стралялку, дзе твой аватар у пачатку дзеяння саскоквае на экран аднекуль зверху, распачынаючы бяздумны doom. І тады тое, зойдзе табе ці не зойдзе напісанае, залежыць ад таго, наколькі табе падабаецца гуляць у такія стралялкі. “Чалавек на імя Антон Лашкевіч", “чалавек на прозвішча андруш валовіч" — мяняюцца адно нікі гульца і антураж узроўняў.


Шмат грэблівага напісана мужчынамі-крытыкамі пра жаночую прозу — ружовую жанравую літаратуру ў стылі “каханне-морква". Шмат плачу чутно са стану жанчынаў-крытыкаў, маўляў, такой беларускамоўнай прозы нам бракуе. У выпадку са Станкевічам мы маем люстраны адбітак ружовай жаночай прозы (якой няма) — мужчынскую прозу колеру хакі. Так, відаць, да яе і трэба ставіцца як да літаратуры жанравай — па азначэнні нізкапробнай і другаснай. Разлічанай на падлеткаў-геймераў і аматараў серыялу “Брыгада". Калі б гэты кантынгент чытаў па-беларуску. Зрэшты, адкінем залішні аптымізм: калі б гэты кантынгент чытаў.
Вось што за карціна адкрываецца, калі разглядаць прозу Станкевіча выключна як літаратуру.
ІІІ
Другі код для прачытання зборніка “Шал" дае эсэ “Пясняр самураяў", напісанае да 100-годдзя японскага рэжысёра Акіры Курасавы, — твор, безумоўна, праграмны. У гэтым непрацяглым тэксце Станкевіч выкладае сваю інтэрпрэтацыю даробку вядомага японца, у прыватнасці, яго знакамітага фільма “Сем самураяў", і робіць цікавыя падагульненні. Ці, дакладней, фармулюе крык душы (ва ўсіх цытатах аўтарскі сінтаксіс захаваны):


“Гісторыя нашай краіны Х—ХІХ стагоддзяў не менш багатая за японскую, ангельскую або французскую. Сюжэты, адзін аднаго прыгажэйшыя, лічы, крыкам просяцца на экран. Але, па сутнасці, наша краіна ніколі не мела нацыянальнага кінематографа. Нацыянальна свядомыя прафесіяналы проста выціскаліся з кінавытворчасці, і гэта працягваецца і цяпер (…) Чаго не хапае і ўвесь час бракуе кволаму беларускаму гістарычнаму кіно? Скажу адназначна: нацыянальнай ідэі".


Творчасць Юрыя Станкевіча — гэта латэнтная кінематаграфія. Я не ведаю ўсіх фактаў біяграфіі Станкевіча, што змусілі яго напісаць працытаваную вышэй “дудку беларускую" але нельга не адзначыць жывога інтарэсу пісьменніка да драматургіі і кіно, які знаходзіць увасабленне ў шматлікіх кінасцэнарах ды п’есах. Што праўда, нічога з гэтага нельга пабачыць ні ў кінатэатрах, ні проста ў тэатрах Беларусі.


Юры Станкевіч пастаўлены ва ўмовы, калі ён не мае іншага выйсця, як уплываць на масы праз літаратурныя тэксты. Хоцькі-няхоцькі яму даводзіцца прымкнуць да разнароднай і яўна варожай яму па духу групы, якая адзіная ў цяперашняй сацыяльна-культурнай сітуацыі ўбірае ў сябе ўсіх прыніжаных і адрынутых рэжымным афіцыёзам — беларускай незалежнай літаратуры. Бо пры сённяшняй уладзе да “Беларусьфільма" мэтра айчыннага нуару не падпусцяць і на стрэл гарматы з запаснікаў гэтага прадпрыемства.


Калі разглядаць творы Станкевіча як сырэц кінаіндустрыі, усё бачыцца зусім іначай. Тады сюжэт і антураж набываюць самакаштоўнасць, а няздольнасць аўтара складна пісаць, звіваючы вянкі з метафараў, адступае на задні план. У той жа час дыялогі ў Станкевіча — самы моцны бок твораў, іх стрыжань. Не здзіўлюся, калі Станкевіч працаваў або працуе пад псеўданімам на расійскую серыяльную індустрыю — рука ў яго, адчуваецца, набітая. Пісьменніку ўласцівае візуальнае, а не вербальнае мысленне — і гэта родніць яго з мастаком Артурам Клінавым, які, дарэчы, з большым поспехам інтэграваўся ў айчыннае кіно, спрычыніўшыся да стужкі “Масакра" і, па чутках, стварыў раман “Шалом", маючы на мэце яго экранізацыю.


Але літаратар Станкевіч або непрызнаны геній кінематографу, відавочна адно: сваёй місіяй гэты аўтар бачыць правую прапаганду. Прымітыўнасць ягоных (кіна)тэкстаў — рэч стратэгічная. Заўважная адданая праца пісьменніка на глебе нацыянальнай міфатворчасці. Яго мэта — супрацьпаставіць існым іконам маскульту, у прыватнасці “гэтаму педафілу" Майклу Джэксану і іншым “дураплясам" беларускага нацыянальнага героя, гэткага капітана Амерыку.
ІV
Гліна з якой працуе Станкевіч, лепячы ўжо свайго Голема, — сумесь самых розных ідэалогій і эстэтык, блізкіх аўтару. Вы скажаце, гэта постмадэрнізм, але я скажу — гэта нью-эйдж. Паўлу Куэлью, а не Умберта Эка. Аўтар не іранізуе з папярэдніх тэкстаў, а спрабуе выкшталтаваць новую ісціну з добра забытых старых. Апроч пастулатаў беларускага нацыяналізму і кансерватыўна-хрысціянскіх каштоўнасцяў яго заўважна захапляюць акультны нацызм, італьянскі фашызм, пафас расійскіх фільмаў пра Афган і Чачню, галівудскіх — пра В’етнам і японскіх аўтарства Акіры Курасавы (як вядома, той стварыў свой міф пра самураяў, адаптаваўшы яго пад ментальнасць заходняй цывілізацыі). Аднак, лепячы свайго Голема, Станкевіч забываецца пра самае важнае: ажыўляецца гэтая няўклюдная махіна цыдулачкай з імем Божым. Вось гэтай Божай іскры — нейкага каліўца гуманізму, ці што — яўна бракуе яго вобразам. Магчыма, таму яны так і не ажываюць, забаўляючы нас сваёй штучнасцю.


Разгледзім Голема ў святле дня, хоць дзейнічае ён пераважна ноччу. Герой — прафесійны “выканаўца", “праваднік", “вартавы пераходу" — просты хлопец, навучаны мастацтву бою, пастаўлены лёсам да амбразуры. Вочы — шэрыя або блакітныя. Валасы — светлыя або русыя. Імя — беларускае. Характар — нардычны: наш герой стрыманы і нешматслоўны, што падкрэсліваецца атачэннем: людзі вакол яго віруюць спрэс нервовыя, мітуслівыя, крыклівыя і “гістэрычныя" — самы часты негатыўны эпітэт, ужываны аўтарам. Цікава, што паводле вобразу і падабенства герояў Станкевіча злеплены нават сам Акіра Курасава: упартым намаганням рэжысёра дазняць геніяльную стужку “Сем самураяў" супрацьстаяць “гістэрычныя прадусары", якім шкада грошай на такое фінансава стрэмнае прадпрыемства.


Герой аточаны сімваламі веры: вось ён шпацыруе на фоне былой уніяцкай царквы, вось камандзір партызанскага атраду асяняе яго знакам крыжа, бласлаўляючы на спецаперацыю. Па “легендзе" ў героя недзе “ў горадзе ёсць жонка і дзіця. Герой, няхай і стаў на шлях ваўка-адзіночкі, сумленна дбае пра іх, здзяйсняючы рытуал “адсылання дадому грошай. Гэта маральны і сумленны чалавек традыцыйных поглядаў, хрысціянскага веравызнання і гетэрасэксуальнай арыентацыі. Пацвердзіць апошняе (няхай гэта ідзе ўразрэз з першым і другім) і пакліканы Полавы Акт з баявой сяброўкай.


І сапраўды: няхай і да немагчымасці штучных, такіх тыпажоў беларускай культуры бракавала. Іншая рэч, што ў 2013 годзе яны мусілі б быць не новым словам, а кранальным перажыткам, якім і ёсць у сусветнай культуры.
V
Тэматыка, праблематыка і “ідэйная cкіраванасць" прозы Станкевіча таксама сведчыць пра яе кінагенічнасць. Так, “Пераход апавядае пра пераацэнку каштоўнасцяў мужчыны пасля сарака і ўсю метафізіку, звязаную з гэтым станам душы. Прывёзшы з баявых аперацый у Азіі праказу, адстаўны вайсковец па просьбе дактароў (!) выдаляецца падалей ад цывілізацыі — у зону адчужэння. На справе імавернага беларуса, хворага на лепру, паклалі б у тубдыспансер або інфекцыйную бальніцу, дзе створаныя ўмовы для ізаляцыі. Але нічога не паробіш, жанр: у халерным блоку не пастраляеш. У зоне герой сутыкаецца з рознымі маральнымі мутантамі (сацыялка: не толькі метафізічны, але і рэальны нелегальны памежны пераход; “жоўтыя" панавезлі ў сінявокую наркотыкаў) і паспяхова іх перамагае.


Загалоўная аповесць “Шал", на маю думку, — самая вострая ў кнізе. У чым прырода вар’яцтва і чаму людзі сёння як з ланцугу сарваліся? Сеанс экзарцызму ў Карэлічах і яго вынікі даюць падставы паразважаць: тоіцца ў чалавеку д’ябал ці гэта ўсё чалавечае, надта чалавечае?


Разынкі зборніка — кінасцэнар “Фалькона" і аповесць “Лавец святла поўні" — відаць, стануць прычынай сур’ёзнага скандалу вакол кнігі. Абодва тэксты прысвечаныя самым спрэчным аспектам Другой сусветнай вайны ў Беларусі.
VI
Як вядома, ідэолагі афіцыйнай улады і беларускія нацыяналісты сышліся не на жывот, а на смерць, у калабаранцкім “халівары": для першых беларускія калабаранты падчас ВАВ — памагатыя нацызму без маральнага аблічча, якія ваявалі супраць уласнага народа. Для другіх — людзі высокіх ідэалаў, ідэйныя натхняльнікі і папярэднікі, якія скарыстоўвалі рэсурсы акупантаў, каб ціхай сапай займець у Беларусі свой урад, сваё войска і г.д. і такім чынам здабыць незалежнасць. Пачуваліся паміж Гітлерам і Сталіным як паміж Сцылай і Харыбдай і пасля 1944 года загінулі ў лесе або эмігравалі, што аднолькава складае трагедыю нацыі.


Юры Станкевіч — здаецца, адзіны сучасны аўтар, які імкнецца папулярызаваць другі, крамольны сёння вобраз беларускага руху за незалежнасць сродкамі маскульту. У гэтым ключы цікавая аповесць “Лавец святла поўні. Галоўны герой па мянушцы Сплюшка, імаверна гіне ў 1950-х у Афрыцы падчас этнаграфічнай экспедыцыі, што вывучае плямёны канібалаў (парадаксальная талерантнасць, калі ўлічыць, што негры ў Станкевіча — крыніца большасці бедаў беларускага народа, але, відаць варта разглядаць гэта як уплыў эстэтыкі фашызму 1920-х з яго модай на Афрыку; таксама варта прыгадаць замілаванне Афрыкай пясняркі Гітлера Лені Рыфеншталь). Сплюшка выпраўляецца ў джунглі, бо мае досвед ляснога жыцця і яму няма чаго страчваць. Ён ужо страціў усё ў 1940-х — у балотах роднай Беларусі. Там яго партызанскі атрад апекаваўся мірнымі жыхарамі вёскі, вартуючы яе як ад савецкіх партызанаў, так і ад немцаў.


У гістарыяграфіі Другой сусветнай сапраўды ёсць згадкі пра такія “падшэфныя вёскі". Толькі, здаецца, вахту неслі атрады з сябраў КПЗБ — самыя што ні ёсць левыя. Але тут як з тымі летувісамі і Вялікім Княствам: міфатворчасць не вымагае гістарычнай праўды.


Адметна іншае: яўная алюзія на фільм Курасавы, дзе атрад самураяў вартуе вёску ад бандытаў. Дарэчы, камандзір прыдуманага Станкевічам атрада, беларускі нацыяналіст Ян Шэстак, ведае ўсходнія аднаборствы. Гэта ён навучыў Сплюшку вытачыць з бляхі сюрыкены, якімі той, на манер ніндзя, бясшумна распраўляецца з ворагамі беларушчыны.
VII
…Апавяданне “Гульня бронзавак у святле поўні" (1992) і аповесць “Шал" (2010) аддзяляюць 18 гадоў эпохі, якая ўжо займела найменне пераходнай. У творы 1992 года Станкевіч праводзіць нас па калідорах падсвядомасці жанчыны, якая цвёрда вырашыла пазбавіць сябе жыцця. Мы дазнаемся, што прывяло яе да такога рашэння, суперажываем яе траўмам і стратам і, хоць і з цяжкасцю, прымаем яе выбар. Разам з гераіняй мы захапляемся кустом глогу, аблепленым зіхоткімі жукамі, — рэдкая прыродная з’ява, сімвал эпізадычнага шчасця, якое зазнала гераіня, дачка “ворага народа, маці, якая страціла сына. У творы 2010 года гаворка таксама пра глыбіні падсвядомасці. Нас завабліваюць на эфектны сеанс выгнання д’ябла з апантанай. Але, здаецца, увесь пыл у вочы — толькі дзеля рэкламнай паўзы пасярод гэтага дзейства, калі аўтар укладае ў вусны праваслаўнага святара заклік пазбаўляць жыцця іншых: “бамбіць. (…) бамбіць усе опіумныя плантацыі, бо дэмакратыя — таксама хаос. вынішчаць злодзеяў. маньякаў. забойцаў. педафілаў".


1990-я сталі для пісьменніка Юрыя Станкевіча відавочным пераходам. Я запрашаю чытача падумаць пра тое, што набыла (і што страціла) на гэтым пераходзе беларуская літаратура.

Юры Станкевіч. Шал. — Мінск: Галіяфы, 2012