Гісторыя Беларусі ў 24 трэках (прэм'ера!)

Вакаліст гурту Dzieciuki Алесь Дзянісаў прэзентуе на TuzinFM свой сольны альбом «Кароткая гісторыя Беларусі», запісаны на словы сляпога паэта са Скідзелю Алеся Чобата.

dzyanisau_chobat.jpg


Па песнях з гэтага альбому сапраўды можна вывучаць гісторыю краіны: заснаванне гарадоў, часы ВКЛ, Паўночная вайна, паўстанне Каліноўскага, Панятоўскі, Міцкевіч, Багдановіч, Тарашкевіч… Падзеі, асобы ды іх (пера-) асэнсаванне – усё гэта ёсць у «Кароткай гісторыі Беларусі».
Менавіта пад такой назвай у 2014 годзе пабачыў свет зборнік Алеся Чобата, які натхніў гарадзенскага музыку Алеся Дзянісава на запіс альбому паводле гэтых вершаў.
«Мы знаёмыя ўжо даўно з Алесем Фёдаравічам і мяне вельмі кранаюць ягоныя вершы. Я лічу, што гэта геніяльны паэт, які выдатна адчувае як мінулае, так і будучыню», – зазначае Дзянісаў. Яшчэ на этапе выбару вершаў Алесь сутыкнуўся з меркаваннем аднаго знаёмага музыкі, які сказаў, што з вершаў Чобата немагчыма зрабіць песні, надта яны ўжо немузычныя. Але Дзянісаў сваёй працаю абвергае гэтую тэзу.  


Спачатку меркавалася запісаць «Кароткую гісторыю» разам з гуртом «Людзі на балоце», але гурт у гэты пэрыяд практычна прыпыніў сваю дзейнасць, таму Алесь вырашыў запісаць песні самастойна. Ён працаваў над альбомам цягам двух гадоў. На адну першых запісаных песень «Турма» акурат тады быў зняты кліп. А сёлета асобным сінглам прэзентаваў спеў «Калі над лугам бусел праляцеў». Ён прысутнічае на дыску ў двух варыянтах – пад адну гітару, як і ўсе астатнія песні і ў версіі, запісанай разам з гуртом Race Of Dreamers. Яшчэ дзве песьні «Эпілог» і «Станіслаў Аўгуст Панятоўскі» былі зробленыя разам з гуртом Dzieciuki для альбому «Рэха». Цяпер гэтыя творы можна паслухаць і ў акустычным варыянце. Усяго было запісана 25 песень, адна з іх зь іншага зборніка Алеся Чобата, таму яна не ўвайшла ў гэты альбом, затое будзе выкарыстаная ў будучым альбоме «Дзецюкоў».
Прэзентацыя альбому «Кароткая гісторыя Беларусі» пройдзе ў верасні ў Гародні, Віцебску, Мінску. Алесь Дзянісаў збіраецца і надалей займацца сольным праектам. Наступная мэта – ажыццяўленне даўняй мары: альбом на вершы Уладзіміра Караткевіча.

tuzinfm.by