Фотафакт. У Беларусі з’явіўся першы помнік Алесю Адамовічу
Сённяшні дзень, 9 лістапада, стаў гістарычным днём. У пасёлку Глуша Бабруйскага раёна адбылося адкрыццё бюста выбітнаму пісьменніку Алесю Адамовічу. Гэта першы ў Беларусі помнік пісьменніку. Бюст усталявалі каля мясцовага Дома культуры.
Хоць Адамовіч нарадзіўся на Копыльшчыне, але сваёй малой Радзімай пісьменнік лічыў менавіта Глушу, там, дзе прайшло яго дзяцінства. Шматлікія тутэйшыя мясціны і жыхары сталі героямі яго кніг. Пахаваны Адамовіч на тутэйшых могілках.
Ініцыятарамі ўстаноўкі бюста выступіла ініцыятыўная група па ўвекавечанні памяці Алеся Адамовіча. Яны займаліся зборам грошай на помнік праз краўдфандынг з 2018 года. Курыраваў праект грамадскі актывіст Андрусь Архіпенка.
Бюст быў зроблены вядомым беларускім скульптарам Генікам Лойкам, які таксама прысутнічаў на ўрачыстым адкрыцці.
Нагадаем, у Глушы ўжо шмат гадоў спрабуюць стварыць музей Адамовіча, але грошай на гэта пакуль не хапае, таму збор сродкаў працягваецца.
Алесь Адамовіч — беларускі пісьменнік, літаратуразнаўца, грамадскі дзеяч. Быў адным з першых, хто падняў тэму Чарнобыльскай катастрофы ў сапраўдных яе маштабах. Аўтар кніг пра вайну «Вайна пад стрэхамі», «Сыны ідуць у бой», «Хатынская аповесць», «Я з вогненнай вёскі» і інш. Творы Адамовіча перакладзены больш чым на 20 моваў свету.
Алесь Адамовіч: драматычны і малавядомы