Фільм «Жоўты пясочак» пакажуць па «Беларусь 3»
Мастацкую стужку «Жоўты пясочак» паводле аднайменнага апавядання Васіля Быкава год таму за ўласныя грошы зняў рэжысёр Аляксей Туровіч.
Ужо цэлы год ён дамагаецца паказу фільма па тэлебачанні. У траўні гэтага года стужка атрымала ўзнагароду міжнароднага кінафестываля ў Маскве. Тым не менш, ні Міністэрства культуры, ні Кінавідэапракат, ні Белтэлерадыёкампанія не хацелі яе паказваць. Аляксей Туровіч ужо нават і правы на фільм бясплатна перадаў Белтэлерадыёкампаніі.
Паводле праграмы канала, фільм пакажуць 22-га чэрвеня а 23:05.
Рэжысёр, актор, прадзюсер Аляксей Туровіч нарадзіўся ў 1959 годзе ў Глыбокім Віцебскай вобласці. Рос без бацькоў у інтэрнаце на Ашмяншчыне. Да войска працаваў трактарыстам, быў кіроўцам вялікагрузных аўтамабіляў у Сібіры, кіраваў цягнікамі менскага метрапалітэну. У 1994-м скончыў школу-студыю на базе кінастудыі "Беларусьфільм”. Як рэжысёр зняў шэраг фільмаў, найбольш вядомыя з іх — "Турма для кума”, "Сынок”, "Яблык Месяца”, "Трэба жыць”. Зняўся амаль у паўсотні стужак, сярод якіх "Анастасія Слуцкая”, "Franz+Polina”, "Ліст да Фэліні”, "Паскораная дапамога”, "Кантракт са смерцю”, "Вам — заданне”, "Жоўты пясочак”.