Дапаможам выпусціць беларускамоўны рыфмаваны мультфільм для дзяцей!
На краўдфандынгавай платформе MOLAMOLA стартаваў збор грошай на пілотны эпізод мультфільма з рыфмаванымі тэкстамі. Яны дапамогуць дзецям прасцей запамінаць новыя словы, а вясёлыя гісторыі будуць развіваць дзіцячую фантазію.
На Сонечнай паляне жыве сям’я вожыкаў: мама, тата і блізняты-важаняты – дзяўчынка і хлопчык на імя Вожа і Пых-Пых. Важаняты, як і ўсе дзеці, надзвычай цікаўныя і любяць гуляць. А яшчэ яны вучаць беларускія словы: лічбы, дні тыдня, колеры, назвы пальцаў і інш. У гэтым ім дапамагаюць кароткія рыфмаваныя вершыкі і лёгкія для запамінання песенькі.
Першая серыя называецца «Гульня ў хованкі». Яна распавядзе, як па-беларуску правільна лічыць, а таксама пазнаёміць дзяцей са словамі, якія маюць дачыненне да гульні: лічылка, хавацца, шукаць, знаходзіць і інш.
Вось мнеманічны вершык-лічылка:
Раз – у шафе хвост захрас.Два – знікае галава.Тры – калючкі прыбяры,Бачу я іх угары.Чатыры, пяць – вушы тырчаць.Шэсць, сем – усюды зірнем!Восем – мы разяў не зносім.Дзевяць – і амаль канец,Хто схаваўся – маладзец.Я дайшла/я дайшоў да дзесяціІ хачу цябе знайсці.
Мультсерыял будзе складацца з 2-хвілінных эпізодаў з музычнай застаўкай. Сюжэты для серый бяруцца са штодзённага жыцця: гульні, сумесная праца з бацькамі, прагулкі і г.д. Усе сітуацыі – гэта тое, з чым дзіця сутыкаецца кожны дзень. Аднак у некаторых серыях будзе адбывацца і нешта незвычайнае, бо важаняты любяць фантазіраваць і ўяўляць тое, чаго не бывае.
Вожыкавы свет прыдумала дзівосная пісьменніца Ганна Янкута.
Як вожыкі выглядаюць, першай пабачыла сваім магічным позіркам мастачка Святлана Катлярова.
Галасы, музыку і песенькі начаруюць майстры гуку з www.gavarun.by
Грошы пайдуць на аплату мультыплікатару, аніматару, рэжысёру, музыкам, за агучку, звядзенне і мантаж. Удзельнікі паставілі свае самыя нізкія кошты, а некаторыя ўвогуле працуюць за шчыры дзякуй.
Для выпуску першай серыі мультфільма «Вожыкавая палянка» трэба сабраць 5 400 рублёў, у кампаніі ўжо паўдзельнічалі 105 чалавек, якія агулам ахвяравалі 1640 рублёў.