“Бойня №5”: Праўдзівы рэпартаж Апакаліпсісу
Яшчэ адна адзнака сёлетняга 65-годдзя Вялікай Перамогі, шырока святкаванага ў Беларусі: днямі выходзіць даўно анансаваны раман амерыканскага пісьменніка Курта Вонегута “Бойня №5,
або Крыжовы паход дзетак у перакладзе на беларускую мову. Выданне здзейсніцца ў выдавецтве “Логвінаў у серыі кніг “Біліятэка
“Бацькаўшчыны— Пераклады. Пра тое, чым можа прыдацца кніга беларускаму чытачу, мы гутарым з яе перакладчыкам Паўлам Касцюкевічам.
Яшчэ адна адзнака сёлетняга 65-годдзя Вялікай Перамогі, шырока святкаванага ў Беларусі: днямі выходзіць даўно анансаваны раман амерыканскага пісьменніка Курта Вонегута “Бойня №5,
або Крыжовы паход дзетак у перакладзе на беларускую мову. Выданне здзейсніцца ў выдавецтве “Логвінаў у серыі кніг “Біліятэка
“Бацькаўшчыны— Пераклады. Пра тое, чым можа прыдацца кніга беларускаму чытачу, мы гутарым з яе перакладчыкам Паўлам Касцюкевічам.
“Вонегута я перакладаў заўсёды
— Павел, ты вядомы як паспяховы перакладчык ізраільскай літаратуры. Калі і пры якіх абставінах ты зацікавіўся амерыканістыкай?
— Як мне цяпер здаецца, Вонегута я перакладаў заўсёды. Я жыў у Ізраілі і намерваўся распачаць кар’еру перакладчыка мастацкай літаратуры. Але літаратура на мове іўрыт па першым часе
не здавалася мне прынадным аб’ектам для перакладу. Я не залічваў яе ў “гранд-літаратуры. Іншая справа — французская, брытанская, нямецкая, польская… А
тое, што я стаў перакладаць менавіта гэты раман менавіта гэтага аўтара, было шчаслівым выпадкам.
У Ізраілі я працаваў ахоўнікам у ерусалімскім раёнчыку Нямецкая Калонія, дзе, паводле завядзёнкі, селіцца інтэлігенцыя. Культурны кантынгент — і сметнікі ў раёне культурныя. Мінаючы, заўсёды
можна разжыцца якаснай кніжкай, якая ахайна ляжыць на ходніку перад кантэйнерамі. Было шмат англійскамоўнай літаратуры. У адну ноч я знайшоў “Сідхартху Германа Гесэ па-англійску і
наступнага дня сеў — нямецкі тэкст з англійскай мовы — перакладаць. Але вельмі хутка адступіўся ад гэтага намеру. І дзякуй Богу, бо сёння “Сідхартха паспяхова
абеларушаны германістам Арцёмам Арашонкам. А канкурэнцыя паміж перакладчыкамі, асабліва ў малой літаратуры, — гэта не жарты…
А адступіўся я ад “Сідхартхі таму, што літаральна на наступны дзень адшукаў ля таго ж сметніку “Бойню №5 Вонегута. Я палічыў гэта шчаслівым знакам — і
ўзяўся за пераклад менавіта гэтай кнігі.
— Гэта было тваё першае знаёмства з пісьменнікам?
— З пісьменнікам — не. Вядома ж, у дзяцінстве я, як, думаю, многія, чытаў выдатныя рускія пераклады Вонегута, якія належаць пяру Рыты Райт-Кавалёвай. Але тое былі культавыя ў СССР
“Сірэны Тытана ды “Калыска для коткі — адзіныя, па-мойму, кнігі гэтага аўтара, прапушчаныя савецкай цэнзурай. Прапушчаныя таму, што ў іх не згадваецца
Савецкі Саюз. “Бойня №5 — гэта твор, з дапамогай якога Вонегут спрабуе разабрацца з уласнай радзімай — і гэта як бы дае яму карт-бланш не цырымоніцца і з іншымі
краінамі, уцягнутымі ў другую сусветную. Таму на рускую мову твор быў перакладзены толькі ў часы позняй Перабудовы. Між тым, у ЗША Вонегут зрабіўся шырока вядомым найперш дзякуючы гэтаму раману, які
стаў класікай яшчэ пры жыцці аўтара, увайшоў у амерыканскую культуру і мову на ўзроўні цытатаў. Напрыклад, папулярная лаянка, якую я пераклаў як “каб ты ляцеў і пярдзеў праз дзірку
бубліка. Або з гэтага раману пайшла ў гутарковую мову фраза “So it goes — у маім перакладзе — “Во як!. Ну і, вядома ж, знакамітая
малітва Курта Вонегута:
Божа! Дай мне лагоды
прыняць тое, што
я не магу змяніць,
мужнасці
змяніць тое, што магу,
і мудрасці —
заўсёды адрозніць першае ад другога.
Але ўсе гэтыя матывацыі — сусветная прызнанасць аўтара, неперакладзенасць на нашу мову, блізкасць закранутых ім тэмаў, — прыйшлі пазней, у працэсе працы над перакладам.
“Праўда мяне вельмі ўзрушыла
— Чым асабіста табе блізкая закранутая аўтарам тэма бамбардавання Дрэздэна?
— Ну як жа? Вайна! Пякучая праблема. Як ні круці, гэта адпраўны пункт найноўшай беларускай гісторыі. Дзяцінства маёй маці прыйшлося на 1960-я, і яна памятае, што ўсе размовы ў доме так ці
іначай тычыліся вайны. Дарэчы, цікава, як у Беларусі кажуць “у вайну, пасля вайны, і ўсе імгненна разумеюць, пра якую з тысячы людскіх войнаў вядзецца гаворка. З другой сусветнай
усе саюзнікі выйшлі героямі, але бамбардаванне Дрэздэну было злачынствам з боку Брытаніі і ЗША, і Вонегут першы ў Амерыцы пачаў пра гэта адкрыта гаварыць. Яго нават спрабавалі забараняць першыя гады,
але, мяркую, нават у 1970-я ў Амерыцы Вонегут сутыкаўся з меншымі абмежаваннямі свабоды слова, чым гэта мае месца цяпер у Беларусі. У кожнай краіне, якую закранула, другая сусветная пакінула безліч
праблемаў, іх цяжка развязаць і цяпер. Напрыклад, у Беларусі, з аднаго боку пэўная частка нацыянальнага пантэону — гэта калабаранты пры нацысцкай акупацыйнай уладзе. І тое трэба
асэнсоўваць, у тым ліку мастацкімі сродкамі. З гэтым трэба жыць.
З іншага боку, невядома, да чаго могуць давесці бяздумныя пампезныя святкаванні… Існуе небяспечная тэндэнцыя — найперш сёння ў Расіі — рамантызацыі,
“гламурызацыі не толькі савецкай зоркі, але і нацыскага арла.
— Ты лічыш, што беларуская ваенная проза гаворыць недастаткова “праўды пра вайну?
— Я лічу, што яна старанна ўнікае падводных камянёў гэтай тэмы. І справядліва: крок улева, крок управа — і ты асуджаны на грамадскае ганьбаванне. Курт Вонегут жа, выдатна ведаючы
гэта, у працівагу беларускай прозе не дае дакладных адказаў на адвечныя пытанні: “Хто вінаваты? і “Што рабіць?. Яго спосаб хоць неяк прасунуцца ў асвятленні
гэтай праблемы — апісаць усё, як было. І таму ў гэтым творы ён падае праўдзівы рэпартаж Апакаліпсісу. Я памятаю, у момант чытання праўда мяне вельмі ўзрушыла.
“Апошні класік, які пісаў без накуркі
— Якія цяжкасці напаткалі цябе падчас перакладу?
— Самым цяжкім было перамагчы ў сабе пісьменніка, застацца рамеснікам і зрабіць менавіта пераклад, а не свой уласны твор. Пэўны час я думаў, што не буду перакладаць, а буду пісаць свой
раман, на падставе кнігі Вонегута. Выходзіла такая “піктарыяльная фотаграфія, калі мастак расквечвае чорна-белы здымак на свой густ і ўпадабанне. Але, на шчасце, перакладчык ува
мне перамог. Усе свае роздумы над гэтым тэкстам я выклаў у паслямове да перакладу.
Што да тэхнічнага аспекту працы з тэкстам, то тут мне пашанцавала. Пасля працы ахоўнікам у Нямецкай Калоніі, дзе я знайшоў кнігу, я ахоўваў ешыву, куды прыязджала шмат амерыканскіх яўрэяў, карэнных
нью-йоркцаў. З аднаго боку, ім быў блізкі наш еўрапейскі кантэкст, з якога яны так ці іначай усе паходзяць, з іншага — яны вельмі добра зналіся на амерыканскіх рэаліях, дапамагалі мне з
моўнымі цяжкасцямі ды схаванымі цытатамі. Гэта быў ідэальны асяродак для перакладу “Бойні №5. Да Вонегута яны ставіліся так, нібы Нью-Йорк — гэта вялікая вёска, і вось яны
вернуцца дадому, зойдуць у суседнюю кавярню, пабачаць Вонегута — і лёгка мяне з ім пазнаёмяць.
— Знаёмства адбылося?
— Не. Але ў мяне ёсць аўтограф Курта Вонегута, яго для мяне здабыў амерыканскі беларус Лявон Юрэвіч незадоўга да смерці майстра. Ён сапраўды амаль выпадкова сустрэў Вонегута ў
Нью-Йорку.
— Каму раман “Бойня №5 прыйдзецца даспадобы?
— Кожнаму, каму блізкая сусветная класіка ХХ стагоддзя. “Вясёла-сур’ёзная літаратура. Курт Вонегут — гэта ўжо брэнд. Гэта, відаць, апошні класік
ХХ стагоддзя, які пісаў “без накуркі. Хоць тэксты ў яго выходзілі “накураныя. Ну і не варта забывацца і пра аматараў фантастыкі. Усё-ткі Вонегут вельмі ўдала
маскіраваў свае філасофскія рэчы пад “саенс фікшн. Хоць я не лічу яго пісьменнікам-фантастам. Для мяне гэта сучасны класік разраду Васіля Быкава.
-----------------------------------------------------------------------------------------------------
“Бойня №5, або Крыжовы паход дзетак
(“Slaughterhouse-Five, or The Children’s Crusade) была напісана ў 1969 годзе. Гэта аўтабіяграфічны раман Курта Вонегута (1922–2007) пра бамбардаванне Дрэздэна
падчас другой сусветнай вайны.
У 1944 годзе Вонегут, які добраахвотна ўступіў у армію ЗША, каб ваяваць з фашызмам у Еўропе, трапіў у палон і быў накіраваны ў Дрэздэн, дзе працаваў на заводзе па вырабе соладавага сіропу для
цяжарных жанчын. 13–14 лютага 1945 года ён стаў сведкам бамбардавання Дрэздэна войскамі саюзнікаў. Ён апынуўся ў ліку тых сямі амерыканскіх палонных, што выжылі падчас масакры, у якой
пацярпелі пераважна мірныя жыхары. У Дрэздэне не было бомбасховішчаў, паколькі горад не быў стратэгічным аб’ектам, і таму на ноч палонных замыкалі ў гарадской скатабойні №5, а падчас
авіяналётаў спускалі ў падвал з мяснымі тушамі. Вонегут быў вызвалены з палону войскамі Чырвонай арміі ў 1945 годзе.
Бамбардаванне Дрэздэну стала самым страшным ваенным перажываннем Вонегута. Разам з іншымі палоннымі ён разбіраў завалы і выносіў з-пад руінаў тысячы трупаў. Свае перажыванні Вонегут адлюстраваў у
рамане: крытыкуючы фашызм, ён тым не менш выразна асуджае знішчэнне Дрэздэна.
У першыя гады выхаду “Бойні №5 раман зазнаваў цэнзуру ў ЗША.
-----------------------------------------------------------------------------------------------------
“Вось ён я, на амерыканскай зямлі са сваёй баявой
сяброўкай: нам па 21, і мы, яшчэ нават не паспеўшы пераапрануцца ў цывільнае, у шараговай нью-йорскай школе на бездакорнай англійскай вучым амерыканскую дзятву рускай мове. Дарэчы, у сваім
школьніцтве я не сумняваўся, што самі мы вучым англійскую якраз дзеля ваенных і да іх падобных мэтаў — інакш на чорта ўсе гэтыя выдыганні з «Pass me your money please»,
«Саn I have your watch?». Нашто нам словы, якія інакш ніколі не давядзецца прамаўляць, калі яны не будуць гучаць у загадным рытме, якому, усё роўна як настаўніцкая ўказка, дапамагае
калашнікавая руля?
Я лічыў, што выкладаць амерыканятам рускую мову ў першыя пасля перамогі дні — звышважна. Дзеці ж ні ў чым не вінаватыя і прагнуць сапраўдных ведаў: праўдзівай матэматыкі, праўдзівай біялогіі
і такой самай хіміі. Праўда возьме сваё, нягледзячы на тое, што раней ім дзяўблі, што добрае — гэта дрэннае і — наадварот. Я думаў, што амерыканскім дзецям трэба адно як след усё
патлумачыць, зрабіўшы гэта на самай правільнай мове свету — рускай.
Павел Касцюкевіч,
з паслямовы да раману К. Вонегута “Бойня №5, або Крыжовы паход дзетак