Балончык як зброя канфармізму

Мурал, зроблены Гіда Ван Хельтэнам на Рабкораўскай, 15 у Мінску ў межах фестывалю Urban Myths, трапіў у спіс самых папулярных графіці за лістапад па версіі StreetArtNews.  



12250497_1034524303247307_1949478802_o.jpg

Фота lstr.by

«Смерць у парцы» — то бок чалавек са свечкай замест твару, выяўлены на вуліцы Варанянскага грэкам Ino, выклікаў такое невыноснае раздражненне жыхароў суседніх дамоў, што яны збіраюцца звяртацца ў суд, каб той прыняў рашэнне пра знішчэнне твора. А што можа быць прыемнейшым для мастака, чым відовішча розгаласу, выкліканага ў душах творчасцю.

Муралы на гістарычныя і патрыятычныя тэмы пачынаюць з’яўляцца не толькі ў сталіцы, але і ў абласных гарадах. Узнікае адчуванне, што Беларусь перажывае выбух вулічнай візуальнасці і вось-вось зробіцца Меккай усіх графіцістаў.

Кажуць, у Мінск прыедзе нават вялікі Blu з Італіі, хай сабе з Бэнксі Blu параўноўваюць пакуль хіба занадта даверлівыя журналісты.

Дык вось.

Людзі дасведчаныя чытаюць усе гэтыя навіны і хаваюць усмешкі ў бародах.

Ага, Бэнксі.

Ага, графіці.

Ага, Мекка візуальнасці.

Ага, вышыванка на Рабкораўскай.

budzma.by__wp_content_uplo_6914a8e70f801b05560c1c279cfe743a.jpeg

Стрыт-арт на вул. Захарава

Людзям дасведчаным відавочна, што, калі Бэнксі і прыбудзе як-небудзь у Мінск, дык толькі дзеля таго, каб намаляваць партрэт Максіма Лужаніна над галоўным уваходам у КДБ. А пасля гэтага сесці адбываць законнае пакаранне. Ці, як гэта заўсёды здараецца з ім, збегчы з краіны неапазнаным і прадаць эскіз малюнка на аўкцыёне за чвэрць мільёна фунтаў.

Можа, тэзіс прагучыць і радыкальна, але…

Графіці ў Беларусі няма. І стрыт-арту няма. Ёсць роспіс будынкаў жылога сектару і адміністрацыйнага прызначэння адабранымі Мінкультам і раённымі адміністрацыямі профільнымі спецыялістамі.

Графіці — гэта бунт. Стрыт-арт — гэта праклён сістэме. Вось, што робіць той самы Blu ў Балоньі: вы бачыце, у кожнай выяве — востры сацыяльны прысуд, сарказм, іронія, крытыка капіталізму, спажывецтва і карпарацый.

Так, калі Blu проста перанясе свайго дзядзьку ў кароне Shell, які п’е планету Зямля, бы клубны кактэйль, у Мінск, куды-небудзь на Кастрычніцкую, гэта будзе прымальна для Мінкульта і Мінгарвыканкама. Бо сістэма ў нас левая, і таму антыкарпаратыўныя графіці тут прымальныя.

Але!

Калі Blu прыязджае ў Беларусь і малюе нешта пра «акул капіталізму», ён насамрэч паводзіць сябе не як нонканфарміст, а як лектар палітінфармацыі на сустрэчы з працоўным калектывам АТ «Камволь». Гэта не пратэст! Гэта сорам!

Ці як гэта зрабіў Ван Хельтэн: не абазнаны ні ў чым спрадвечным, графіціст прыязджае ў краіну, наведвае Строчыцы, глядзіць на арнаменты і за суткі вырашае, што мы ёсць, выяўляе дзяўчо ў вышыванцы — фактычную копію таго, што ўжо зроблена ва Украіне і, дарэчы, і там выклікала заўважную хвалю абурэння тамтэйшымі інтэлектуаламі (кажу, вядома, не толькі пра Толіка Ульянава).

І што?

Гэта графіці? Ці манументальны жывапіс? Гэта Бэнксі? Ці ўсё ж такі Кішчанка?

На маю думку, Кішчанка. Прычым у самым банальным, амаль прымітыўным яго рэгістры. Такі, ведаеце, чым паболей ды папрасцей. І каб арнамент. І народнасць. І з другога рогу вуліцы бачна было.

Калі б Ван Хельтэн зрабіў тое ж самае ўначы, незаўважна для authorities, з братанамі-памагатымі, гэта было б не так нудна. Да таго ж уклалася б у межы жанру, дзе правілы значаць больш за лік па выніках гульні.

А так краны, чыноўнікі, Мінкульт, адміністрацыя раёна і нават сапраўдны жывы пасол. Гэта графіці? Ці свецкі раўт?

Да графіцістаў, як і да ўсёй ініцыятывы Urban Myths, у мяне не было б пытанняў, калі б не адна істотная акалічнасць: з часоў TAKI 183 (г. зн. з 1960-х), графіці значаць адрэналін. Пратэст. Парушэнне межаў. Выклік. Тэтчэр. Абаму. Obey.

Што сказаў бы Бэнксі, калі б яму прапанавалі даслаць эскіз у камісію па ідэалогіі Брыстальскага выканкама?

Мне здаецца, самая трапная задача для Бэнксі тут была б у тым, каб аднаўляць, зноўку і зноўку, той партрэт Быкава, за які хлапцам з Signal далі 18 млн штрафу. Раніцай Быкава замалююць, праз ноч ён зноўку з намі! Міліцыя на вушах, Бэнксі — у топах продажаў.

portret_bykova_20140616_yer_tutby_phsl_5362.jpg

Вось як гэта працуе. А вы кажаце, Мінгарвыканкам.

У пэўным сэнсе маніфест бездапаможнасці (гэтаксама як і модус успрыняцця самімі мастакамі таго, у чым палягае іх місія), можа быць знойдзены на сайце адной з мінскіх суполак спрэй-артыстаў. «Асноўная мэта клубу — адцягнуць вулічных мастакоў ад псавання чужой маёмасці (!), а замест таго даць магчымасць праявіць сябе легальна і пры гэтым добра зарабіць», — зазначае сайт. Не псуй маёмасць, Бэнксі! Лепей праяві сябе легальна і добра зарабі!

Каб зрабіць мурал, чалавеку што называе сабе «графіцістам» у Беларусі, трэба ўзгадніць эскіз з Мастацкім саветам Мінгарвыканкама. Раней гэта тычылася толькі будынкаў, унесеных у спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў. Але ўвесну, калі адновіцца Urban Myths, гэта будзе тычыцца любой выявы.

Графіцісты кажуць, што ніводнага эскізу не перараблялі. Але калі ведаеш, што твой малюнак будуць зацвярджаць цёці і дзядзі ў афіцыйных гарнітурах, дык і думаць пачынаеш у пэўны бок. Мрояцца гусляры, вышыванкі і подзвіг народа ў Вялікай Айчынай вайне. Вось такое не пройдзе самай першай, унутранай, цэнзуры. Бо будуць жа глядзець цёці і дзядзі ў афіцыйных гарнітурах!

Бэнксі дагэтуль у вышуку ў большасці краінаў, дзе з’явіўся, каб «папсаваць» там «чужую маёмасць». Для дзяржавы і грамадства ён вандал, злачынца, а не дзеяч мастацтва.

У той самы час ён адзін з самых дарагіх мастакоў сучаснасці.

Ён прадае не смех, не стыль і не сарказм. Ён прадае смеласць.

Ён ваяр, а таму ягоныя малюнкі маюць моц прароцтва. Я сумняюся ў тым, што замежныя хлопцы і дзяўчаты, якія робяць графіці па эскізах, узгодненых з мастацкім саветам Мінгарвыканкама, могуць называцца з Бэнксі адным і тым жа словам.

Графіці ў сучаснай Беларусі няма. Ёсць станковае мастацтва.

Можна сказаць, што для з’яўлення сапраўдных графіці нам не стае свабоды. Але свабода — гэта не здабытак. Свабода — гэта трафей.

Запытайцеся ў Бэнксі.

budzma.by