Без Божай волі і ва ўгоду ўладзе. Помнік Ларысе Геніюш — чарговая ахвяра ідэалагічнай атакі
Праўладная актывістка Вольга Бондарава піша ўладам лісты, у якіх патрабуе знішчыць беларускую культурную спадчыну. Пасля шэрагу ўдалых «акцый» яна звярнула сваю ўвагу на помнік Ларысе Геніюш. Міхась Скобла на старонках «Народнай волі» адказвае памагатай антыбеларускага рэжыму.
Сумнавядомая гродзенская актывістка Вольга Бондарава пасля ідэалагічнай атакі на Астравецкую раённую бібліятэку імя Адама Мальдзіса і пагрому (кувалдамі!) прыватнага музея ў Старых Дарогах знайшла новы аб’ект для нападу — помнік Ларысе Геніюш у Зэльве.
Помнік той ужо больш за дваццаць гадоў стаіць за высокай агароджай на царкоўным дворышчы, даглядаецца вернікамі, зэльвенцы з ім звыкліся і ўспрымаюць належным чынам — як годнае ўшанаванне знакамітай паэткі-зямлячкі. У мясцовым доме культуры, у бібліятэцы, у прыходскім доме і каля самога помніка шмат разоў праходзілі Геніюшаўскія паэтычныя чытанні, якія сталіся для Зэльвы добрай традыцыяй, як і ўзніклы пазней Ганненскі кірмаш.
У сваім адрасаваным ва ўладныя структуры лісце Бондарава напісала, што помнік «одним своим видом приносит невыносимые муки ветеранам ВОВ». Гэтае высмактанае з пальца сцвярджэнне змагарка з помнікамі нічым не падмацавала. Бо падмацаваць няма чым. Мне дакладна вядома, што за ўсе дваццаць гадоў ні настаяцель зэльвенскай Свята-Троіцкай царквы, ні мясцовы райвыканкам не атрымлівалі аніякіх ветэранскіх скаргаў адносна помніка. Наадварот, зэльвенскі бацюшка неаднаразова чуў у свой адрас падзячныя словы за паважлівае стаўленне да памяці Ларысы Геніюш — і ад сваіх прыхаджан, і ад заезджых экскурсантаў.
Наступны пасаж Бондаравай здзіўляе яшчэ больш: помнік, аказваецца, «позорит чистое имя Белорусской православной церкви». На гэтую хлуслівую інвектыву гродзенскай хунвэйбінкі мусіў бы адказаць мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін, але ён нешта падазрона доўга маўчыць. Кажуць, раіцца з епіскапам Гродзенскім і Ваўкавыскім Антоніем, што рабіць. Таму адкажу за маўклівага мітрапаліта я.
Ларысу Геніюш у мінскай турме ў 1948 годзе садзілі ў карцар — за намаляваны на запацелай шыбе воблік Хрыста.
Міністр дзяржбяспекі Цанава, які на допыце патрабаваў у паэткі архіў БНР і пагражаў расправай, пачуў ад яе спакойнае: «Без волі Божай і волас з маёй галавы не ўпадзе».
У ГУЛАГу Ларыса Геніюш, наколькі гэта было магчыма, арганізоўвала патаемныя святкаванні Вялікадня — свята Хрыстовага ўваскрашэння.
Калі ў бязбожныя 1960-я гады зэльвенскага святара ўлады выселілі з царкоўнага дома і ён не меў даху над галавой, яму дала прытулак у сваёй хаце Ларыса Геніюш.
У зэльвенскай царкве і сёння можна пабачыць старажытнае напрастольнае Евангелле, абгорнутае ў чырвоны аксаміт — падарунак ад Ларысы Геніюш.
З духоўных, прасякнутых хрысціянскім духам вершаў Геніюш можна скласці цэлую анталогію…
Вось за ўсё гэта БПЦ, як мне бачыцца, і аддзячыла сваёй адданай верніцы — помнікам каля царквы.
Дарэчы, аднойчы яго ўжо спрабавалі знесці. Вось як гэта было.
Ідэя помніка была ўпершыню агучана старшынёй гісторыка-асветніцкага клуба «Спадчына» Анатолем Белым на старонках часопіса «Полацак» яшчэ ў 1996 годзе. Да яе з прыхільнасцю паставілася беларуская дыяспара, былі сабраны неабходныя сродкі.
Створаны неўзабаве аргкамітэт пісьмова звярнуўся ў Зэльвенскі райвыканкам з просьбай вызначыць месца пад помнік, над якім заканчваў працу скульптар Міхась Інькоў — родам з Зэльвы. Хутка прыйшоў адказ: «Раённы выканаўчы камітэт вырашыў дазволіць устаноўку бюста Ларысы Геніюш па вуліцы Савецкай, у скверы перад будынкам былога пасялковага Савета дэпутатаў за сродкі аргкамітэта».
Помніцца, як, перапоўнены радаснымі пачуццямі, я паехаў у Зэльву. Разам з тагачасным старшынёй райвыканкама Віктарам Будрэвічам мы агледзелі вызначанае месца (акурат насупраць хаты, дзе жылі Геніюшы).
Не ведаю, наколькі самастойным быў на той час райвыканкам у прыняцці рашэнняў. Але праз пэўны час я атрымаў з Зэльвы другі ліст, з якога вынікала, што раённая ўлада «перавырашыла» сваё ж рашэнне і адклала ўзвядзенне помніка да няпэўнага часу.
На гэтым справа мела ўсе шанцы заглухнуць. І яна ледзь не заглухла. Прайшлі гады, і ініцыятыву зноў узяў на сябе Анатоль Белы. Ён дамогся аўдыенцыі ў мітрапаліта Філарэта, падаў яму чалабітную і атрымаў рэзалюцыю Уладыкі: «Бог благословит доброе начинание».
З рэзалюцыяй у кішэні, прыхапіўшы неабходнае начынне і сам бюст, Белы ў той жа дзень паімчаў у Зэльву. Вечарам помнік ужо стаяў справа ад увахода ў царкву.
Такіх «буры і націску» мясцовыя ўлады ніяк не чакалі. Раніцай наступнага дня настаяцель царквы быў выкліканы ў райвыканкам. Ва ўльтыматыўнай форме яму было загадана дэмантаваць помнік. Святар паказаў чыноўнікам благаславенне Філарэта і сказаў, што такога ж благаславення на дэмантаж не мае. Улады заняліся «вывучэннем сітуацыі».
Уявіўшы бульдозер на царкоўным цвінтары, я факсам перадаў у Зэльву ліст-пратэст, у якім гаварылася, што «разбурэнне асвечанага па ўсіх праваслаўных канонах помніка станецца беспрэцэдэнтным актам вандалізму і выкліча абурэнне грамадзян Беларусі і розгалас па ўсім свеце». Сярод іншых ліст падпісалі народныя пісьменнікі Янка Брыль, Рыгор Барадулін, Ніл Гілевіч і акадэмік Радзім Гарэцкі.
Ліст разглядаўся на пасяджэнні выканкама, якім кіраваў ужо другі старшыня — Леанід Эльяшэвіч. Ён не захацеў застацца ў найноўшай гісторыі Беларусі руйнавальнікам помніка Ларысе Геніюш. Ад бюста тады адчапіліся.
Ці захоча зняславіць сваё імя ганебным учынкам сённяшні старшыня Зэльвенскага райвыканкама Дзяніс Альшэўскі? Хочацца верыць, што не. І што разам з мітрапалітам Веніямінам яны не дапусцяць вандалізму і адвядуць ад помніка Ларысе Геніюш занесеную гродзенскай цемрашалкай хунвэйбінскую кувалду.