Белліт у 2011 годзе, або прадмова да канца свету
У 2012-м усё скончыцца — Галівуд, астролагі і жоўтая прэса нас даўно папярэджвалі. Азірнёмся на пражыты год і ацэнім беларускую літаратуру ў апошні раз. Якой яна запомніцца Богу
ды іншым у космасе? Што згіне разам з чалавецтвам, а што трапіць на неперадузяты суд наступных цывілізацый? Культаглядальнік “НЧ падводзіць літаратурныя вынікі 2011
года.
У 2012-м усё скончыцца — Галівуд, астролагі і жоўтая прэса нас даўно папярэджвалі. Азірнёмся на пражыты год і ацэнім беларускую літаратуру ў апошні раз. Якой яна запомніцца Богу
ды іншым у космасе? Што згіне разам з чалавецтвам, а што трапіць на неперадузяты суд наступных цывілізацый? Культаглядальнік “НЧ падводзіць літаратурныя вынікі 2011
года.
Асоба года — Уладзімір Някляеў, які ўвесь год трымаў удар, працуючы на мяжы жанраў палітыкі і паэзіі. Рыцар грамадзянскай мужнасці, аўтар праніклівай кнігі “Лісты
да Волі.
Выдавец года — рэдакцыя часопіса “34. Пакуль беларускія выдаўцы вярцелі на языку тэрмін “электронная кніга і разважалі, ці яно ім
трэба, каманда “34, як у іх і заведзена, апярэдзіла ўсіх, наладзіўшы вытворчасць беларускіх кніжных навінак без друку на паперы. На віртуальных старонках “34
цягам 2011 года выйшла два “і-букі на беларускай мове — “Сцюдзёны вырай Віктара Марціновіча і “Радзіма Уладзіміра Казлова. У
Беларусі, дзе прадукаванне кніг, па словах выдаўца Змітра Коласа, “дарагое хобі, электроннае выдавецтва можа стаць выйсцем і культурнай рэвалюцыяй. Канец кнігадруку?..
Дэбют года — Эдгар Алан По. “Маска чырвонай смерці (Мінск: Кнігазбор). Першы “выхад у людзі калектыву часопіса
“Прайдзісвет (www.prajdzisvet.org). Кніга, якая мусіла з’явіцца да 200-гадовага юбілею класіка сусветнага рамантызму, але крыху прыпазнілася. Яна была задуманая і
ўвасобленая прадстаўнікамі новай школы перакладу, а асноўную працу па падрыхтоўцы амаль акадэмічнага выдання ажыццявілі Ганна Янкута, Кацярына Маціеўская і Юлія Цімафеева.
Імпрэза года — міжнародны літаратурны фестываль “Вялікае княства паэзіі 8–9 верасня, цэнтрам якога сталі прэзентацыя чатырохтомнага збору твораў
Чэслава Мілаша па-беларуску (Мінск: Логвінаў, укладальнік — Андрэй Хадановіч), а таксама прэзентацыя араторыі гурта “Рацыянальная дыета на беларускія пераклады вершаў
Чэслава Мілаша.
Канфлікт года
У гэтай намінацыі два пераможцы: Другі з’езд Саюза пісьменнікаў Беларусі (17–18 кастрычніка) і XVI з’езд Саюза беларускіх пісьменнікаў (11 снежня). Мала адрозныя паводле
антуражу падзеі ў савецкім стылі, тым не менш, чарговы раз нагадалі пра ідэалагічны і эстэтычны раскол у асяроддзі беларускіх пісьменнікаў, пра гвалтоўны падзел на “правільных і
“няправільных.
Персанаж года
Каян Лупака — крэатура беларускага прафесара Франкенштэйна Альгерда Бахарэвіча.
Цыкл эсэ-рэвізій класікі белліту, якія аўтар дагэтуль плённа піша на замову “Радыё Свабода з самага пачатку не абяцаў нічога добрага. Аматараў згаданай класікі моцна раздражняў ужо
сам факт, што акцэнт у назве праекта робіцца не на класіку як такую, а на асобу рэвізора. Нацыянальная бібліятэка Беларусі. “Казкі і паданні Палесся. “Гамбургскі рахунак
Бахарэвіча. Выбух не прымусіў сябе доўга чакаць. Здэнатавала эсэ “Цёмнае мінулае Каяна Лупакі, дзе Бахарэвіч аналізуе творчасць позняга Янкі Купалы, які, рыхтык як
Маякоўскі, “наступіў на горла ўласнай песні і з тонкага лірыка і аўтара геніяльнай п’есы “Тутэйшыя ператварыўся ў сацрэалістычнага
паэта-агітатара.
З нагоды Каяна Лупакі на пачатак 2012 года, здаецца, выказаліся ўжо ўсе. Меркаванні радыкальна падзяліліся. Калі, напрыклад, паэт Віктар Жыбуль бачыць у імені-анаграме “метафару дэфармацыі
асобы, то некаторыя іншыя ўдзельнік дыскусіі лічаць перастаноўку літараў псеўданіма абразай памяці паэта. Прагучала смелая думка, што словазлучэнне “Янка Купала
— інтэлектуальная ўласнасць Івана Луцэвіча, і нашчадкі класіка мусяць падаць на Бахарэвіча ў суд. Аўтара “Гамбургскага рахунку катэгарычна асудзіў мастак Рыгор Сітніца,
які характарызаваў нарысы скандальнага пісьменніка як “нацыянальнае хунвэйбінства, якое “трэба спыняць і фактычна зрабіў заклік да цэнзуры ў незалежных СМІ.
Сітніцава катэгарычнае асуджэнне катэгарычна асудзіў публіцыст Сяргей Дубавец. У эсэ “Залатая мумія ён называе крытыкаў Бахарэвіча “манапалізатарамі Купалы і
дадае: “Манапалізаваць Купалу можна толькі ў выглядзе залачонай муміі. Тым часам Купала як сонца — у кожнага свой і адзін для ўсіх, яго не манапалізуеш. Канец манаполіі на
класіку?
Пляцоўка года — мінская кнігарня “ЛогвінаЎ. Невялікае (як усё, што ў Беларусі датычыць незалежнай культуры) памяшканне ў форме літары
“П, дзе ў 2011 годзе адбылося каля 120 літаратурных сустрэчаў. Апроч таго, за год тут істотна палепшыўся гандаль: на паліцах прадстаўленыя ці не ўсе кніжныя навінкі, шмат класікі,
рарытэтных выданняў... У Беларусі няма кніжнага рынку, але, калі ён раптам уздумае заявіць пра сябе, для яго ўжо гатовы першы павільён — у дварах за мінскім домам з надпісам
“Подзвіг народа.
Чыноўнік года
Вопыт з’езду дэмакратычнага СБП паказаў: змена літаратурных пакаленняў большасці айчынных пісьменнікаў непатрэбная і непажаданая. Выдатна гэта разумеючы, у афіцыйным лагеры белліту моладзь
насаджаюць на кіруючыя пасады спецыяльнымі загадамі.
29-гадовая Тацяна Сівец у сярэдзіне 2011-га змяніла на пасадзе галаўрэда часопіса “Маладосць Раісу Баравікову. Выпусціўшы ў свет лічаныя нумары абноўленага выдання, Таццяна
атрымала “перавод — са снежня 2011 года яна галоўная рэдактарка газеты “Літаратура і мастацтва. Сівец — гэта яшчэ і новы афіцыйны твар
беларускай літаратуры: яна прачнулася знакамітай пасля сустрэчы “правільных літаратараў з прэзідэнтам 25 кастрычніка.
Таленавітая лірычная паэтка і дзіцячы драматург імкліва стаецца зоркай дзяржаўнай тэлевізіі, сумленным адвакатам беларускіх літаратараў, так, нібы беларуская літаратура паводле КК РБ —
злачынства. Вось, напрыклад, як яна тлумачыць адсутнасць у беларусаў самага запаветнага: “Нобелеўская прэмія — гэта нешта, звязанае з палітыкай. Таму спадзяюся, што беларускім
пісьменнікам не хутка свеціць Нобелеўская прэмія, бо для гэтага трэба, каб усё было вельмі кепска ў краіне, каб былі вялікія праблемы... Ці стане Таццяна лукашэнкаўскай Кацярынай Фурцавай і
Наталляй Пяткевіч ад літаратуры?
Тэндэнцыя года — маргіналізацыя паэзіі. І, адпаведна, актуалізацыя прозы.
Гэта сусветная тэндэнцыя, прадыктаваная сусветным жа кніжным рынкам. Яе ўкараненне нядаўна пачалося і ў Беларусі, хоць, як ужо гаварылася вышэй, кніжны рынак тут адсутнічае. Абвешчаная 3 снежня
польска-беларуская Літаратурная прэмія імя Ежы Гедройца будзе ўручацца за найлепшую кнігу мастацкай прозы — паэзія ўвогуле не бярэцца арганізатарамі пад увагу. Так, нібы ў паэзіі нельга
сягнуць літаратурных вяршыняў.
Як вынік, з літаратурных пляцовак паэзія мігруе ў самыя розныя сферы, — рок-сцэна (праект Лявона Вольскага “Белая яблыня грому на вершы беларускіх пісьменнікаў ХХ
стагоддзя, песня “Не быць скотам Сяргея Міхалка на словы Янкі Купалы), трыбуна (гімн “Муры Яцка Качмарскага ў перакладзе Андрэя Хадановіча), храм (кніга Рыгора
Барадуліна “Аніма). Чытача перастала цікавіць паэзія ў яе чыстым выглядзе. Прысуджэнне Нобеля Тумасу Транстрамеру — шведскаму паэту, які спрычыніўся да паўставання
мадэрнай еўрапейскай паэзіі — свайго кшталту нон-канфармізм Шведскай Акадэміі, спроба пераставіць акцэнт з і так папулярнай прозы на высокую паэзію. У ХХІ стагоддзі яна ўсё больш застаецца ў
ценю.
Новыя павевы добра адчуваюцца беларускімі творцамі. Так, з кнігамі мастацкай прозы сёлета выступілі бард Віктар Шалкевіч, рок-спявак Лявон Вольскі, мастак Артур Клінаў, паэт, бард і перакладчык Серж
Мінскевіч, культуролаг Сяржук Вітушка... Канец “нацыі паэтаў?
Экспарт года
Шлях літаратуры нашага рэгіёну да сусветнай вядомасці ляжыць праз Польшчу і Нямеччыну. І таму знакавым стаецца тое, што прэстыжную ўсходнееўрапейскую прэмію “Ангелус у снежні 2011
года атрымала Святлана Алексіевіч за кнігу “У вайны не жаночы твар (выдавецтва “Чарнэ, пераклад на польскую мову Ежы Чэха). Характэрна, што ў шорт-лісце прэміі
фігуравала яшчэ адна беларуская кніга — “Рыбін горад Наталкі Бабінай (выдавецтва “Рэбіс, пераклад на польскую Малгажаты Бухалік). “Беларуская
літаратура стала адкрыццём сёлетняй прэміі — сказаў сябар журы “Ангелуса Анджэй Завада на ўрачыстай цырымоніі ў Вроцлаве.
І галоўнае
Цягам 2011 года ніводная літаратурная суполка не падрыхтавала і не выпусціла ніводнага календара з выявамі сучасных беларускіх літаратараў — апранутых ці не. Насуперак набліжэнню канца
свету, гэта, безумоўна, добры знак.
--------------------------------------------------------------------
Кніга года
Паэзія: Антон Брыль “Не ўпаў жолуд (Мінск: Логвінаў, серыя “Галерэя Б). Пара дзясяткаў самых моцных беларускіх вершаў ХХІ стагоддзя.
Проза: Віктар Шалкевіч “Рэквіем па непатрэбных рэчах (Горадня, серыя Гарадзенская бібліятэка). Шчымлівы і шчыры расповед пра дзяцінства і юнацтва ў мястэчку Поразава, гісторыя
краіны, пададзеная праз лёс дарагіх сэрцу рэчаў, калісьці — прадметаў першай неабходнасці, а сёння — антыкварных насельнікаў старой хаты. Кніга, якая вельмі нагадвае
“сямейны альбом Вінцэся Мудрова, напісаная ў найлепшых традыцыях беларускай эсэістыкі.
Пераклад: ARCHE №4-2011, “Уяўляючы Балканы (укладальнік Сяргей Сматрычэнка). Незаслужана незаўважаная (відаць, праз часопісны фармат) салідная падборка перакладаў, якія адкрываюць
нам Балканскі субкантынент. Жамчужына нумару — “кніга ў часопісе — зборнік Міленкі Ергавіча “Сараеўскае Мальбара ў перакладзе Сяргея
Шупы.