Беларусы стварылі ўнікальны сэрвіс, які не дае памыліцца
Кожны дзень мы пішам шмат тэкстаў: ліставанні па працы, перапіска з роднымі ды сябрамі, ды мы ж не перастаем страчыць у сацыяльных сетках! Сэрвіс «Добрапіс», які быў створаны беларускімі адмыслоўцамі, ужо каторы год дапамагаем пазбягаць памылак у беларускамоўных тэкстах. Пра стварэнне анлайн сэрвісу, ягоныя магчымасці і жыццё «да» і «пасля» «Добрапісу» распавяла кіраўнічка моўнай службы «Белсату» Настасся Мацяш.
Лянота — рухавік прагрэсу. І гісторыя «Добрапісу» пачалася з ляноты. На планёрцы кіраўнік моўнай службы «Белсату» Зміцер Саўка ўшчуваў журналістаў за неахайнае рыхтаванне тэкстаў і заклікаў да большай пільнасці, бо кожны школьнік ведае: перад «што» трэба ставіць коску. Калі яе на месцы няма — то гэта не ад няведання правілаў. «А вось бы была анлайн-праграма, якая б правярала тэксты…» — памарыў услых Кірыл Смяглікаў. «Праграма не будзе расстаўляць за вас косак», — строга зазначыў Зміцер, але троху разважыў і дадаў, што стварыць такую праграму магчыма. Зміцер звярнуўся да праграміста Алеся Булойчыка, вядомага сваім удзелам у шмат якіх карысных беларускіх рэсурсах, і па нейкім часе паўстаў сэрвіс.
У сучасным свеце, калі жыццё ўсё імклівейшае, эканомія чалавечага і часавага рэсурсу — вялікая рэч. Навошта рабіць тое, што можа рабіць машына? У нашым выпадку праграма.
«Добрапіс» можна знайсці на старонцы belsat.eu або адразу ўпісаць адрэсу dobrapis.belsat.eu
«Добрапіс» — гэта шматфункцыйны моўны сэрвіс, які ўлучае ў сябе спэлчэкер, канвертар лацінкі і базу іншамоўных найменняў. Спэлчэкер правярае арфаграфію ў двух правапісах, афіцыйным і класічным, дарэформенным. Аўтар «Добрапісу», Зміцер Саўка, дбаў пра захаванне і развіццё дасягненняў вольнага бытавання мовы — незалежна ад правапісу. Беларускія рэаліі такія, што маем два правапісы — адпаведна, дзве закладкі для правярання тэкстаў.
Давер да інфармацыі залежыць ад таго, як гэтая інфармацыя падаецца. Яна не дойдзе да адрасата, калі таму давядзецца прадзірацца праз нетры памылак набору. А праграма эканоміць нашыя рэсурсы, чалавечыя, часавыя. Яна вылучыць словы з памылкамі, а мы сканцэнтруемся на іншых задачах. Слоўнікавая база наркамаўскай часткі — больш як паўтара мільёна словаў і словаформаў. Ва ўмовах, калі беларусы не маюць нармальнага вялікага слоўніка, які б улучаў лексіку з усіх магчымых пластоў і сфераў, гэта нямала. І вельмі важна, што рэсурс развіваны, мы папаўняем слоўнік. Тарашкевіцкая частка сціплейшая, там каля мільёна двухсот тысячаў словаў і формаў, але яно і зразумела, бо «Белсат» паслугоўваецца афіцыйным правапісам, сігналы, што пэўнага слова ці формы няма ў класічнай частцы праверкі арфаграфіі, атрымліваем рэдка.
Канвертар лацінкі дапаможа пісьменна перадаць беларускія найменні ў іншамоўных варыянтах сайтаў ці прапісаць адрасы інтэрнэт-старонак — лацінкаю па-беларуску. Беларуская мова — двухграфічная. Беларуская лацінка — цалкам самастойная графічная сістэма, са сваёй гісторыяй ды доўгаю практыкаю ўжывання. У 1920-я гады сярод мовазнаўцаў сур’ёзна абмяркоўвалася прапанова перайсці з кірыліцы на лацінку як адзіны беларускі шрыфт. Не дзіва, што савецкія ўлады кваліфікавалі гэтую тэндэнцыю як шкодніцкую. Багатыя напрацоўванні мовазнаўцаў улічылі і пры складанні афіцыйнага дакументу, паводле якога рэкамендуецца афармляць беларускія найменні ў іншамоўных тэкстах: у 2007 годзе Дзяржаўны камітэт зямельных рэсурсаў, геадэзіі і картаграфіі Беларусі зацвердзіў апошнія змены ў «Інструкцыю па транслітарацыі геаграфічных назваў Рэспублікі Беларусь літарамі лацінскага алфавіта». Інструкцыя мае абавязковы для выканання характар: «2. Требования настоящей Инструкции обязательны для всех министерств, республиканских органов государственного управления, учреждений, предприятий, организаций, независимо от форм собственности, физических лиц, включая иностранные, имеющих специальные разрешения на право осуществления деятельности в области географических названий Республики Беларусь». Гэтую ж інструкцыю зацвердзілі ў ААН для перадавання беларускіх найменняў у лацінаграфічных мовах (National System of Geographic Names Transmission into Roman Alphabet in Belarus. Ninth United Nations Conference on the Standardization of Geographical Names.New York, 21—30 August 2007).
Яна і пакладзеная ў аснову канвертару «Добрапісу».
База іншамоўных найменняў, адаптаваных на беларускую мову. З вымаўленнем таксама не памыліцеся, бо ў кожным слове пазначаны націск
Але наш гонар — гэта база іншамоўных найменняў, адаптаваных на беларускую мову з дзясяткаў моваў, і распаўсюджаных (англійская, французская, нямецкая, іспанская, славянскія мовы), і больш рэдкіх ды экзатычных (грэцкая, кітайская, японская, карэйская, грузінская, армянская, арабская, курдская, афрыкаанс).
Гэта ўнікальная база, больш як 38 100 пазіцыяў. Некалькі гадоў яна жыла ў маім нататнічку, я спрабавала структураваць веды, атрыманыя ад Змітра (Саўка напісаў дысертацыю пра адаптацыю іншамоўных уласных назваў) на старонках штодзённіка за 2008 год, пасля ўвасобілася ў вордаўскі файл, а са з’яўленнем «Добрапісу» пераехала ў інтэрнэт.
База папаўняецца натуральным чынам — тымі пазіцыямі, якіх патрабуе час. Падзеі Арабскай вясны прынеслі вялікі пласт назваў з арабскай: геаграфічныя назвы, палітыкі, назвы ваенных груповак. Курдскія пратэсты — база папаўняецца курдскімі найменнямі. Вывяржэнне вулкану ў Ісландыі — маем гатовыя для выкарыстання ў беларускім тэксце ісландскія назвы. Чэмпіянат свету па футболе — дадаем пласт новых імёнаў спартоўцаў, улучаем у актуальны спіс клубы і стадыёны. Паказ моды прыносіць назвы брэндаў і імёны мадэльераў, а навіны ў галіне высокіх тэхналогіяў — назвы касмічных апаратаў, робатаў і імёны вынаходнікаў. Такім чынам закладка «Іншамоўныя найменні» ахоплівае ўсе сферы жыцця, дзе хоць нешта адбываецца. Гэта працаёмкі складаны працэс, але ў нас кваліфікаваныя спецыялісткі, ніводная пазіцыя не трапляе ў базу, не прайшоўшы верыфікацыі. Цяпер закладка «Уласныя імёны» мае 38 121 пазіцыю, і лік расце ледзь не кожны дзень.
Часам згадваю «дадобрапісны» час, зазіраючы ў калекцыю памылак набору журналістаў: сістэма парвасуддзя, 1 красавіка іх ыбло ўжо на амаль 18 з паловай трыльёнаў, ён папросту абарзіў мяне, коля ягоных сяброў (пра Лукашэнку).
Чытаць смешна, але настрой падымаюць не перакручаныя словы, а тое, што памылак набору цяпер можна ўнікнуць.
Пісьменнасць тэкстаў — гэта як асабістая гігіена. Нікому не хочацца слухаць лектара, у якога нямытая галава, зжаваная брудная кашуля і кепская дыкцыя, нават калі ён найразумнейшы навуковец і апавядае ўнікальныя рэчы. Гэтак жа цяжка даць веры тэксту, калі да сэнсу трэба працярэбліваць сцежку праз нетры непісьменнасці. Нават калі тэкст па-беларуску і без цэнзуры)
Карыстацца сэрвісам заклікаю абсалютна ўсіх, не толькі людзей, якія мусяць на працы пісаць тэксты. Пісьмовая камунікацыя ў сучасным свеце адбываецца бесперапынна: блогі, ліставанне, старонкі ў сацыяльных сетках поўняцца памылкамі. Калі ты хочаш прамаўляць «са сцэны», прагані свой допіс праз праверку. Гэта зойме менш за хвіліну і ўратуе ад ганьбы. Разумных і пісьменных людзей шмат, яны бачаць твае памылкі і робяць высновы ды не абавязкова табе пра гэта скажуць. У кожнага ёсць звычка прычэсвацца ды чысціць зубы, гэтак жа трэба дбаць і пра чысціню тэксту.
Важна, што «Добрапіс» — жывы і развіваны сэрвіс. Праграма абнаўляецца, удасканальваецца.
Кожны карыстальнік таксама можа дапамагчы змяніць «Добрапіс» да лепшага. Свае заўвагі і прапановы дасылайце на электронную скрыню dobrapis.bel@gmail.com