Алесь Разанаў — алхімік слова

«У вершы, калі ён праўдзівы, прысутнічае невядомая велічыня і ад таго, наколькі яна прысутнічае, ён праўдзівы. Яна больш, чым змест, яна першазмест, і першазмест усіх вершаў невядомая велічыня. У што мы ўслухоўваемся, калі верш чытаем ці згадваем верш напамяць? Так, у яе, у невядомую велічыню», — распавядаў Алесь Разанаў на лекцыі ў межах заняткаў Лятучага Універсітэта ў лістападзе 2015 года.

maxresdefault_122.jpg

Ігар Бабкоў: Мы працягваем цыкл лекцый Лятучага ўніверсітэта, які аб’яднаны назвай “Галоўнае путанне”. І сёння ў нас з аднаго боку працяг, з другога – разрыў дыстанцыі, бо сёння у нас не зусім лекцыя, і не зусім лектар. Я сам адчуваю сябе ў нейкай няёмкай сітуацыі, бо Алесь Разанаў, з аднаго боку, гэта чалавек, які ніякіх прадстаўленняў не патрабуе. З другога боку: яшчэ як патрабуе! Мы сапраўды не разумеем, што адбылося ў беларускай культуры ў 70-я – 80-я гады, які такі вір утварыўся, у выніку чаго паўстала вось гэтае чацвёртае, або пятае паэтычнае вымярэнне беларускай культуры, беларускага мыслення. І ясна, што каля гэтага віра сэнсаў быў Алесь Разанаў. Я вучыўся на пачатку 80-х в універсітэце, і тады Алесь Разанаў быў у Менску практычна классікам. І ўвесь гэты час беларуская культура ўпарта робіць з яго класіка, а ён упарта адбіваецца ад гэтага статуса, спрабуючы застацца у сваёй прасторы, каля гэтага віра сэнсаў. Калісці я назваў гэта “алхіміяй сэнсаў”, кажучы, што Алесь Сцяпанавіч не зусім паэт, не зусім інтэллектуал, ён проста алхімік сэнсаў. Ён проста знаходзіцца ў сваёй прасторы і спрабуе вось з гэтых звыклых кампанентаў – мовы, слова, – утвараць нешта абсалютна незвыклае і нечаканае.

Алесь Разанаў: Добры вечар. Я згадзіўся на гэтую размову з аўдыторыяй Лятучага ўніверсітэта, і рызыкую зараз. Бо тое, што я буду гаварыць – гэта не даклад, не лекцыя. Я буду звяртацца да вершаў, але гэта нават не чытанне. Да, калі верш вводзіцца ў нейкую гатовую сістэму – тады ён чытаецца, але тое, што я буду гаварыць – гэта такое “ўчытванне” у верш. У вершы заўсёды ёсць тое, што вымавілася, і тое, што не вымавілася, ёсць тое, што выявілася, і тое, што не выявілася. Вось мы разам з вамі зараз будзем рабіць гэтую спробу ўчытвання ў тое, што не вымавілася, услухоўванне ў яго.

Чаму верш? Таму што вершы – гэта з’ява яшчэ неасэнсаваная, яна нават так і не асэнсоўваецца, як філасоўскія катэгорыі, напрыклад. У вершы няма гэтых катэгорыяў, у іх ёсць нешта, што думка, мысленне абмінае, як не вартае ўвагі. Яно застаецца пакінутым – тое, што ёсць у паэзіі, у вершах, незапатрабаваным, зрэбным. І ў гэтым зрэбным захоўваецца тое, што філасофія, выходзячы на свае бальшакі і магістралі, сама пакідае, і сама застаецца без нечага, збедненай.

Магчыма, некалі яны былі адно і тое, і філасофія вяла размову з сутнасцямі, і паэзія вяла гаворку з музамі, з багамі і багінямі. Калі мы згадаем блізкую класіку, антыку, то як пачынаецца гамераўская “Іліяда”? “Гнеў, о багіня, усхвалі, Адысея, Пелеева сына”. Зварот да багіні. Без таго, што яна дасць вось гэтую згоду, прыме ўдзел, усхваліць – не адбылося бы і гэтай з’явы. Таксама і наступнікі, Вергілій пачынае свой твор са звароту да музы. Такім чынам мы робім выснову, што творцасць – гэта су-творчасць. У пазнейшыя часы запамятавалі гэта правіла, пайшлі другія арыенціры. Здаецца, яшчэ Кант узгадваў, што паэзія сярод усіх мастацтваў самая ўзнёслая з’ява. З самай узнёслай з’явы яна стала самай абніжанай, з самай узвышанай – самай незапатрабаванай. У чым справа? Мы зараз не будзем гэта разбіраць, але, з аднаго боку, сама рэчаіснасць стала не гатовая для размовы з тымі велічынямі, с боскімі існасцямі, з якімі мае справу паэзія. З другога боку, сама паэзія пачала глядзець на тое, што адбываецца, на навакольную рэчаіснасць. Яна глядзіць на рэакцыю аудыторыі, ці пачынае арыентавацца на нейкі пажаданы водгук.

Але паэзія ўсё роўна, у сваіх існых праявах, творах, вершах, захоўвае тое першапачатковае. Яно, магчыма, застаецца невымоўным, але застаецца. Я з сабой прынес некалькі тэкстаў, адны з іх апрабаваныя, да якіх я звяртаўся некалькі разоў. І вось новы тэкст, які яшчэ толькі зняўся з роздума, са стала, але яшчэ не паспел зняцца ў дапісванні, гэта такі сваеасаблівы чарнавік. І я маю прапанову рызыкнуць і пачытаць вам гэта чарнавое, каб мы разам паўслухоўваліся ў тое, што там хаваецца, у гэтым вершы, з аднаго, з другога боку падыйшлі да тых дзвярэй, якія адчыненыя, альбо якія ёсць. Як бы вайшлі у туя майстэрню, у якой я сам правёў некалькі апошніх дзён.

Гэта верш, які некалі зачапіў маю ўвагу. Ён звычайны, просты, але ў гэтай звачайнасці, простасці нешта тоіцца. Гэта верш паэта, якога ўжо няма, яго прозвішча Алесь Пісьмянкоў, і зараз я пачну чытаць. Але гэта не чытанне, а ўчытванне, мы разам будзем у полі ўвагі, разам учытвацца.

Такім чынам, пачынаем. Яшчэ раз – гэта яшчэ не высновы, гэта нейкія зацемкі, але сыстэма ў іх ёсць. Чаму я не увожу гэта ў фісасофскую сістэму – таму што гэта адразу аддаць іх гэтай сістэме і яна іх праглыне, зробіць свою выснову, а вось тое, што прысутнае у вершы, застанецца або сцёртым, або адсунутым. І нашая задача, вось з гэтых зместаў, што хаваюцца ў вершы, гэту сістэму нанова ўзняць, раскрыць. Такім чынам:

Зацемкі з зімовага саду.

Чытаем верш.

Сваёй назвы ён не мае і сам увесь з’яўляецца назвай да таго, што кранае, што выяўляе, што вымаўляе, і называецца па першым радку “Мой сад у снезе па калена…”, аўтар Алесь Пісьмянкоў. Жыццёпіс Алеся Пісьмянкова чапаць не будзем, зазначым толькі, што распачаўся ён у 1957-м, завершыўся – абарваўся – у 2004-м, верш сам старонка з яго жыццёпісу і напісаўся за год да таго, як яго не стала.

Чытаем верш.

 

Мой сад у снезе па калена,

Азяб у золь і снегапад…

Табе не холадна, Алена?

Табе не холадна, Алена?

Табе не хочацца назад?

 

Мой сад зусім не салаўіны –

У ім ахрыплыя вятры,

У ім рабіна ды каліна,

У ім рабіна ды каліна –

Вось і усе яго дары.

 

Мой сад пусцее без дагляду.

Яго сячэ калючы град.

Ён замаркоціўся без свята…

Ён замаркоціўся без свята…

Табе не хочацца назад?

 

Мой сад у снезе па калена.

Над ім і золь, і снегапад…

Табе не холадна, Алена?

Табе не боязна, Алена?

Табе не хочацца назад?

Мы прачыталі верш (прачыталі?!.), ён просты і нават празрысты, усё ў ім для слыху і разумення вядомае, аднак у яго простасці і празрыстасці ёсць нешта тое, што затрымлівае ўвагу, што надае вершу глыбіню і ў ёй тоіцца і для самога верша застаецца невядомым. Невядомае не адстароньваецца ад верша і тым больш яму не супрацьпастаўляецца, яно ў ім выяўляецца, выяўляецца не становячыся вядомым.

Сваёй рытмікай, сваёй інтанацыяй верш блізкі песнаспеву, ён аголены, “зімовы”, у ім амаль няма чаго бачыць, слоў няшмат, яны паўтараюцца і суадгукаюцца. Так, слова “сад”, нідзе не выносячыся ў канцавую рыфму, не наўпрост рыфмуецца і наўпрост суадгукаецца са словамі “снегапад”, “назад”, “над”, “град”, “свята”, “дагляду” і нават “холадна”, у якім хаваецца не выяўленае і не вымаўленае ўголас слова “лад”; слова “каліна” далікатна суадгукаецца з моцна зрыфмаванымі між сабою словамі “калена” і “Алена” і выклікае нявымаўльеную сінтагму “калі на”, ну і само па сабе красамоўнае імя Алена ў сваёй назоўнасці і суадноснасці дапасоўвае да сябе семантыку спадарожных слоў “але”, “на”, “не”, апошняе з якіх глыбока ўнетрана ў слове “снезе”, і, выходзячы за межы верша ў жыццёпіс таго, хто гэты верш напісаў, яднаецца з імем Алесь. Яно названае па-за вершам, а ў самім вершы ёсць яшчэ словы прысутныя і неназваныя, мы будзем мець з імі справу і таму назавем іх: гэта найперш слова “сляды” (той, хто ўваходзіць у сад, пакідае ў снезе сляды) і слова “ягады” (яны выспелі, і “рабіна ды каліна” іх дораць вершу).

Рыфмы і алітэрацыі ў вершы істотныя не самі па сабе, а тым, што яны намацваюць і абуджаюць уласцівыя вершу зместы.

Верш і сам увесь змест, які дарэшты не выяўлены і не абвешчаны, чым больш ён (змест) выяўляецца, тым больш заступае за межы самога верша.

Словазлучэнне “мой сад” пераходзіць са стафы ў страфу, нібы ўсякі раз верш распачынаецца нанова, у кожнай страфе верша чацвёрты радок паўтарае трэці, пераймаючы тое, што ён перадае і зберагаючы такім чынам вымаўленае, а чацвёртая страфа амаль цалкам паўтарае першую. “Табе не холадна, Алена?..” – чытаем у трэцім радку апошняй страфы знаёмыя словы і, гатовыя іх паўтарыць, у чацвёртым радку спатыкаем раптам адрозненне: “Табе не боязна, Алена?..” Яно істотнае, яно ўзнікла з глыбіні самога верша, яно ім намацвалася і прадбачылася, арфаэпія слова “азяб” яго ўжо распазнавала. І тое, што ў апошняй страфе дзеяслоўнае “азяб” саступае месца прысутнасці прыназоўніка “над”, робіць “боязна” яшчэ больш з’яўным. Яно збіралася адпачатку і, застаючыся ва ўтоеным і з ім супадаючы, з яго паступова вылучалася. Утоенае – да часу невядомае і наймення не мае. Найменне набывае тое, што пачынае сябе распазнаваць і распазнавацца тым, што, дагэтуль разасобленае, збіраецца ў сваю, адно яму належную, суадносіну.

Боязь як з’ява ўзнікае не раптам, яе выклікае і яе знаходзяць ёй тоесны змест акалічнасцяў, а ў самім слове “боязь”, што аб’яўляецца ў заключнай страфе верша, вымаўляюцца лексемы, што не вядома адкуль узяліся, лексемы мовы, што яшчэ не сталася мовай ці перастала быць мовай, лексемы згадкі, што ўжо ні з чым не суадносіцца ці, калі суадносіцца, то з невядомай велічынёю: “бо”, “я”, “зна”.

Выяўляцца – вымаўляцца: у садзе выяўляецца тое, чаго верш яшчэ не вымавіў.

І яшчэ апынаюцца прысутнымі і застаюцца неназванымі колеры: белы (снегу) і чырвоны (ягадаў). Яны прысутныя той прысутнасцю, што ўмалёўваецца ў краявід і не мае патрэбы ў атэстацыі. Атэстоўваць – вылучаць; вылучаецца тое, што яшчэ толькі аб’яўляецца і, аб’яўляючыся, пераходзіць з утоенага ў відавочнае. Тое, што ёсць, ужо мае сваю атэстацыю з сабою і ўтоенае захоўвае ў сабе.

Рабіна і каліна ў ягадах – завяршальная стадыя таго, што ў суадпаведныя поры аб’яўлялася квеценню, завяззю, выспяваннем, а цяпер аб’яўляецца ягадамі, таксама ў суадпаведную – апошнюю – пару.

Зіма ў белым колеры, рабіна і каліна – у чырвоным, яны кантрастуюць адно з адным і адно да аднаго дапасоўваюцца, дапасоўваюцца глыбока, так, што белае становіцца чыстым белым, вольным ад прыналежнасці, а чырвонае чыстым чырвоным. Гэтыя колеры ведаюць нешта адно пра адно адпачатку і сустракаюцца наапошне і, сустракаючыся наапошне, робяць сустрэчу відушчай.

У абодвух гэтых колераў ёсць яшчэ адзін кантраст – чорны, але ён супрацьлеглы і абодвум ім іншародны: у іхняй пары яму няма чаго рабіць. Ён узнікае, калі яны знікаюць, і – наўзаем – калі ўзнікае ён, знікаюць яны.

У вершы дагэтуль разасобленыя словы складаюцца між сабою так, што набываюць моц закону: адно так яны маюць скласціся, і тое, што яны кажуць, адно так насампраўдзе ёсць. У вершы словы складаюцца ў закон, выяўляючы рэчаіснасць, для якой ён свой, і набываюць моц закону, наколькі гэтую рэчаіснасць выяўляюць.

Увага яшчэ не можа яе разгледзець, але ўжо не можа і абысці.

“Над”, аднойдзенае ў апошняй страфе верша, знаходзіць сябе над садам, яго месцазнаходжанне ў абсягу, што вынесены за межы самога саду, і калі “ў”, прысутнае ў папярэдніх строфах верша, уласціва таму, што знаходзіцца як унутры саду, так і знадворку, то “над” у дадзеным выпадку аднаяўна вынесена ў знадворнае.

У знадворным валадарыць надвор’е, сваё для кожнай пары, яно паводзіцца так, нібы ўсё залежыць ад яго, а яно ні ад кога і ні ад чога.

Знадворнае відовішчнае: яно бачыцца, чуецца, адчуваецца і сцягвае на сябе ўсемагчымую ўвагу, аднак самае істотнае ўсякі раз адбываецца па-за ім і па-за ўвагай, так непрыкметна і незаўважна, што пра яго мы даведваемся, калі даведваемся, потым. Знадворнае шчыміцца і точыцца ва ўнутранае і, падслухоўваючы ва ўсемагчымыя слыхі ды падглядаючы ва ўсемагчымыя гляды, здагадваецца пра тое, што там адбываецца, і тады выносіць свае здагадкі на людзі і аб’яўляе ўголас.

“Ахрыплыя вятры” аб’яўляюць здагадкі.

“У ім рабіна ды каліна…” – дрэвы, што атэстуюць зімовы сад, самыя не садовыя; садовыя пакінулі свае дары лету і восені, а рабіна і каліна вынеслі іх у зіму і ў зіме, у голым бязмежжы, ззяюць і сведчаць, што гэта іхняя пара.

Тое, чаму надаецца ўвага, набывае суадпаведную ёй вагу, а яна надаецца таму, што ўжо загадзя вагу мае, што вылучаецца са звычайнай, знойдзенай у раўнавазе, суадносіны. Вылучаецца, бо вылучана – той велічынёй, якой і захоўваецца раўнавага.

У вершы, калі ён праўдзівы, прысутнічае невядомая велічыня і ад таго, наколькі яна прысутнічае, ён праўдзівы.

Яна больш, чым змест, яна першазмест, і першазмест усіх вершаў невядомая велічыня. Ёю яны распазнаюцца і ёю слушныя, да яе звернуты і ёю абумоўлены.

У што мы ўслухоўваемся, калі верш чытаем ці згадваем верш напамяць? Так, у яе, у невядомую велічыню.

Застаючыся ў вершы, яна па-за вершам, яна відушчая, але самой яе не відаць, дзякуючы ёй кшталты набываюць азначэнні, а словы найменні, аднак сама яна ўхіляецца ад найменняў і азначэнняў, і самае большае, што верш здольны зрабіць – выявіць яе прысутнасць. Пра што б ён ні быў, яго змест суадносіцца з ёю, астатняе ўмовы і акалічнасці, дзякуючы альбо насуперак якім гэта адбываецца.

Верш вынікае з суадносіны вядомага і невядомага: у ім невядомае ўводзіцца ў вядомае так, што застаецца не ўведзеным, і вядомае выводзіцца з вядомага так, што застаецца нявыведзеным.

Пра што б ён ні быў, ён заўсёды застаецца дарэшты недатлумачаным, у ім прысутнічае тое, што, разгортваючы прастору для вытлумачэння, само ім не схопліваецца, што схопліваецца, дык гэта вестка: тое, што перастала ўжо быць невядомым і яшчэ вядомым не сталася.

Верш ведае вестку.

Яны ўваходзяць у сад, як у веду, якая ведае іх глыбей, чым яны самі.

Ведай не валодаюць, у веду ўваходзяць і, адкрываючыся ёй, адкрываюць яе. Яна не ўкладаецца ў меру мовы і асягаецца не мовай, а суадпаведнасцю. Быць – ведаць: мы ведаем суадпаведнае таму, чым ёсць.

У вершы вымаўляюцца суадпаведныя словы і самі вымаўляюць у ім суадпаведнае.

Вось малюнак, што вынікае з верша: зімовы сад, глыбокі, “па калена”, снег, і яны – ён і яна – удваіх ідуць па цаліку ўглыб. Пытанне: як ідуць? Як ідзе ён і як ідзе Алена – побач з ім? перад ім? за ім? Якая суадносіна месца і зместу ёй найбольш адпавядае? Пра гэта ў вершы нічога не гаворыцца, але самі з’явы і постаці, беручы ўдзел у суадносіне выяўленага і вымаўленага з нявыяўленым і нявымаўленым, знаходзяць узаемапаразуменне і ўзаемараўнавагу.

Як ідзе ён і як ідзе Алена? Яна ідзе ўслед, уступаючы ў яго сляды, яны супадаюць слядамі, ён кожным следам уступае ў невядомае, яна ў вядомае, здабытае ім: узаемапаразуменне і ўзаемараўнавага здабываецца ў хадзе. Не яна вядоўца ў гэтым падарожжы і нават не ён, яно вынікае з той суадносіны, з якой ён сам вынікае сабе невядомым, а яна вядомай сабе застаецца. І калі ён, заглыбляючыся ў невядомае, можа з ім усё больш супадаць, яна названая і невядомаю стацца не можа.

Ён ідзе дакуль магчыма, яна – дакуль ён, і дакуль магчыма яе сляды супадаюць з яго слядамі.

За выяўленым і вымаўленым у вершы прысутнічае нявыяўленае і нявымаўленае.

За нявыяўленым і нявымаўленым невыяўнае і невымоўнае, і тых, хто ідзе бездарожжам, арыентуючыся па захаваных унутры іх саміх, картах, ведае адпачатку.

Сляды сведчаць: падаючыся ўслед за тым, хто ідзе, яны захоўваюць у сабе інтэнцыю звароту і дарогу назад ведаюць напамяць, і пакуль той, хто іх пакідае, ідзе, не могуць дарэшты апынуцца пакінутымі.

Сляды ўпісваюцца ў краявід зімовага саду, сад “мой”, і яны гэтаксама “мае”, і калі некалі той, хто іх пакідае і не можа дарэшты пакінуць, зверне на іх увагу і возьме, падаючыся ў адваротным кірунку за арыенціры, яны застануцца ў садзе як дадатак да яго “дароў”, як сведчанне, што ён не пакінуты, як знак прысутнасці ў ім таго, для каго ён “мой”.

Сваё (“маё”) тое, што я маю і ведаю. І ведаю і маю настолькі, наколькі яно мае і ведае мяне. Тут, у вершы, яно не раўнаістотнае і з “я” суадносіцца не аднолькава, і таму, што з “я” суадносіцца неаднолькава, сведчыць, што “я” гэтаксама мае свае ўзроўні і сваю суадносіну з велічынёю, для якой само з’яўляецца “маім”.

Той, хто ідзе, уводзіць у сад сваю прысутнасць, і сляды, выдрукоўваючыся ў снезе, яе ўвідавочніваюць. Снег тая субстанцыя, дзякуючы якой сляды ўваходзяць у сад і, уваходзячы, увідавочніваюць зварот, яго магчымасць – назад, да зыходу, у пачатак. Снег – субстанцыя свята, аднак свята, асіметрычнага таму, у якім некалі яны былі, і сцежак туды няма.

Той, хто ідзе ў зімовы сад, вядзе з сабой нейкае, яму не вядомае, парушэнне і вядзе датуль, пакуль хада доўжыцца, пакуль яе не пярэйме зварот.

Сад – адлюстраванне суадносіны, у якой яны маюць сябе, аднак у ёй самой, у суадносіне, цяпер адбываецца нешта, з-за чаго Алене і холадна, і боязна, і з-за чаго ў ёй, у суадносіне, яны перастаюць мець сябе, самім сабе вядомых і самімі сабой вядомымі.

“Ахрыплыя вятры” вынікаюць з гэтага нешта, яны вынікаюць з прагалу і з голасам маюць нятоесную суадпаведнасць, і сад у  людскім  смутку.

Застаючыся на тымсамым месцы, сад змяняецца так, што ён і яна апынаюцца скранутымі з месца; цяпер сад у той змене, у якую ён і яна ўваходзяць.

Зімовая змена вылучаецца з чарады іншых зменаў і з імі найменш суадносіцца. Яна ў той канчатковасці, пасля якой можа настаць адно новы пачатак. Канчатковасць па-свойму дасканалая: яна займае абсягі і вымалёўваецца ў краявіды, а тое, што мае настаць, схавана і месца не мае.

“Ахрыплыя вятры” выгаворваюць тое, чаго не вымавілі ні спеў, ні голас. Спеў і голас вымаўляюць свае, суадпаведныя ім, кшталты, яны іх вымавілі і забралі з сабой, тое, што выгаворваюць “ахрыплыя вятры”, – прагал, правал, страта.

Яны памятаюць сваё – яно іх не,

шукаюць – і не знаходзяць,

клічуць – яно не адгукаецца,

і самі апынаюцца страчанымі.

Яны выгаворваюць тое, што ўжо і не хоча выгаворвацца, – апошняе, і выгаворваюць праз сілу: у ім ёсць тое неабходнае, што мусіць выгаворвацца дакульмагчыма.

Пакуль сляды доўжацца, пройдзенае не становіцца мінулым; мінулае тое, што адымаецца, а яно тут дадаецца і ідзе след у след за імі.

Можна сказаць, што яны (сляды) ўводзяць мінулае туды, куды ўваходзяць самі, але датуль, пакуль яны ўводзяць яго туды, куды ўваходзяць самі, самі яны туды не могуць увайсці.

Калі паэт, суадпавядаючы той сваёй іпастасі, што ўведзена ў верш, кажа: “Ён замаркоціўся без свята”, то тут ён саступае ў іпастась сваёй спадарожніцы. “Мой” сваё і “табе” сваё – займеннікавыя азначэнні, і паміж імі свае суадносіны.

Тое, да чаго дапасоўваецца займеннік “мой”, не пакідае слядоў, наадварот, само становіцца месцам, куды сляды сцягваюцца і дзе пакідаюцца, у дадзеным выпадку – сад.

Той, да каго дапасоўваецца займеннік “табе” (у дадзеным выпадку да Алены), сляды аддаюцца, а ёй было б лепш іх не мець. У яе свой след – і ён цяпер супадае з яго следам, у яе свой лёс, і ён цяпер супадае з яго лёсам так, што ягоны лёс становіцца ейным.

Не было б яе, наваколле ўраўнялася б і падарожжа  туды  не змагло б адбыцца.

Яны ўводзяць у сад супярэчанне, і яно выяўляецца ў ім. Яно шматмернае, і займае кожнага ў суадносіне да ўсіх і ўсіх у суадносіне да кожнага, і наўпроставага вырашэння не мае.

Магчыма, гэтым разам яны павернуць назад і выйдуць з саду, аб”яўленая і не вырашаная супярэчаннем суадносіна выпадзе з саду ўвагі, аднак, і выпаўшы, усё адно застанецца і будзе чакаць сваёй пары, каб аб”явіцца і вырашыцца.

Кшталт, які перадае слова “замаркоціўся”, афарбаваны ў колер змроку, у колер, што, гусцеючы, становіцца цемнатой, чарнатой, колерам, супротным белі і чырвані; ён (змрок) яшчэ не стаўся гэтакім, але гатовы стацца і, магчыма, ужо стаецца, і таму, што гэта гэтакі колер, Алене ў ім боязна.

У параўнанні са сваімі ранейшымі кшталтамі зімовы сад іншы, і постаці, што ўваходзяць у яго, становяцца іншымі. Яны маюць стацца іншымі: не становячыся іншымі, яны не змогуць увайсці, і не ўваходзяць яны настолькі, наколькі не сталіся іншымі. У ім (у садзе) ёсць тое, чаго не было ў іншых садах, у якія яны наведваліся дагэтуль, у ім ёсць  няма.

У ім яны бачаць тое, чаго дагэтуль не бачылі, і тое, чаго не чулі дагэтуль, чуюць, у ім яны маюць сябе (ці пачынаюць мець) гэтакімі, якімі не мелі.

Няма  вынікае з таго, што было.

Яны ўваходзяць у вынік.

У ім (а калі ў іх, то ў кожным па-свойму), высноўваецца нешта, што ўжо не ўмяшчаецца ў фармаце ранейшай узаемаадносіны і вядзе за межы яго самога і іх саміх. Што?

Яно неад’емнае ад яго і ад іх, аднак яно іншай спеласці, іншага выспявання і наймення яшчэ не мае. Яны і кіруюцца ў зімовы сад таму, што ён, пусты і ніякі, найбольш суадпавядае таму, чым самі яны яшчэ не сталіся.

Розныя, яны тоесныя і разам скіраваны туды, дзе няма розніцы і няма тоеснасці.

Тое, куды яны ідуць, неабходнае: яго нельга абысці.

Яно настае само, гэта тое няма, што паўстае з  ёсць, ёсць, вывернутае на левы бок, у зіму з лета, з містэрыі Купалля ў містэрыю Калядаў.

Двое, яны кіруюцца ў адлюддзе, туды, дзе нікога няма. Навошта ім гэта?

Іх вядзе туды ім уласцівая неабходнасць, яна адна ведае, як туды дайсці, і вядзе выяўляючыся, даводзячы і адкрываючы вандроўцам, што канчатковая мэта вандроўкі ў іх саміх.

Яны ідуць, слухаючыся яе і спазнаючы, навошта яны ідуць.

У вершы дзеецца, утоеная ад вачэй, містэрыя, дзеецца, не пытаючыся ў іх на гэта дазволу: недзе там, у глыбіні іхніх існасцяў, яна ўжо займела на гэта дазвол і згоду.

Верш у яе прысвечаны і ў яе прысвячае.

Нікому не выпадае нікуды спяшацца: далёкае ўвайшло ў сад і ў ім спынілася;

нікому не выпадае ў што б ні было ўмешвацца і перапарадкаваць, што б ні было, на свой лад: усё ўслалася чысцінёю і ёй асвяцілася;

нікому не выпадае рабіць ніякіх высноў: верш займеў сваю мэту, і тое, што мае стацца, разгортваецца і выяўляецца само.

Верш істотны тым, што вымаўляецца само, і менавіта з таго, што само хоча вымавіцца, вынікае верш.

Сад увайшоў у зіму, а яны ў сад уваходзяць, каб яно вымавілася.

Зіма не мае таго, што мелі іншыя – папярэднія – поры, і, у параўнанні з імі, нямая.

У вершы аднаходзіцца тое, што для гаварэння, паселенага ў абсягах дадзенасці, апынаецца нямым.

Перш, чым пачне вымаўляцца верш, паэт мае стацца нямым.

Застаючыся сваёй прысутнасцю ў абсягах прасторы і часу, яны кіруюцца за межы прасторы і часу, і арыенцір, які не дае ім згубіцца і зблытацца ў навакольных выявах, унутры іх. Яны настаюць знутры сябе, і тое, што ўчора было імі, сёння апынаецца знадворку пры ўмове, што самі яны застаюцца з тым, што ўнутры.

Аднак яны ў дарозе – адымаюцца і дадаюцца і маюць сябе адразу ва ўнутраным і знадворным. Тое, што ўнутры, ведае дарогу ў наступнасць, тое, што знадворку, – назад, у зварот.

Нібы наштурхоўваецца на перашкоду, верш знаходзіць сабе прыпынак, радкі паўтараюцца, і пытанні, звернутыя да Алены, застаючыся тымі самымі, глыбеюць: яны ўжо ўгадваюць адказ і, трымаючыся ад яго на магчымай адлегласці, агучваюць яго. Верш знаходзіць сябе ў прыпынку і здабывае ў ім сабе неабходную раўнавагу. Яшчэ не ўсё вымавілася, а вымавіцца – раўнавага парушыцца, і ён (верш) страціць сябе. Яму гэтаксама боязна, і калі Алене боязна таго, чаго яна яшчэ нейкім чынам не ведае, то яму таго, што ён ужо нейкім чынам ведае: боязна – бо я знае нешта, што не адважваецца вымавіць.

Верш – жывая з’ява, і мае што паведаміць.

Што тычыцца вытлумачэння, яно адбываецца, калі ўчытваецца ў верш, услухоўваецца ў верш, уваходзіць з ім у размову ці, больш дакладна, у суразмову: яно адпачатку прысутнічае ў вершы як яго дадзенасць і ўласцівасць.

Зварот магчымы адно ад, якім бы яно ні было, дасягання, і ці не ёсць дарога ў сад для тых, хто ідзе, увядзеннем у яе звароту, настойлівай і пастаяннай дарогай назад? Яны двое: з ім, усё болей падаючыся ў невядомае, з ёю ўсё больш назад? Яны ўзаемаёсць, узаеманалежаць, узаемазалежаць, дарога ў сад вынікае з іхняй узаемаадносіны, знутры іх, яны ёю пакліканыя, і з самага пачатку спалучана з тым супрацьдзеяннем, якое мусіць пераадольваць, каб дзейсніцца. Яе інтэнцыя кіруецца да, інтэнцыя супрацьдзеяння – ад, яно ўласцівасць самой дарогі, без яго, супрацьдзеяння, як бы ні спяшалася, яна застаецца на месцы і пакуль яна застаецца на месцы, свята апынаецца па-за тымі, хто зараз ёю ідзе, яны па-за ім.

Хіба зварот магчымы адно ў пройдзенае?

Той, хто вяртаецца ў пройдзенае, супадае са сваімі слядамі: яны для яго павадыры; для таго, для каго павадыры зместы, разгортваюцца невядомыя абсягі, на якіх той, хто ідзе, не пакідае слядоў, а згадцы – вядомыя.

Сад зімовы, і, як у сад, у верш усяляецца самота. Словы нечага не знаходзяць і, каб знайсці тое, без чаго адчуваюць сябе пакінутымі, паўтараюцца: паўтарацца – вяртацца назад, у вядомае назад. Аднак яго там не аказваецца, ці, калі аказваецца, то яго адсутнасць. “Мой сад зусім не салаўіны”, – самасведчыцца верш, згадваючы іншую пару і твор іншага творцы: словы, паўтараючыся, выпытваюць у гуку водгук і, не знаходзячы ці знаходзячы не той, што ім суадпавядаў бы, пачынаюць спяваць і жаліцца.

Ужо і яшчэ прыцягваюцца адно да аднаго, не могучы ні адасобіцца, ні супасці;

далёкае і блізкае захопліваюцца адно адным, не могучы ні атаясаміцца, ні разысціся;

і словы, што вымавіліся, збіраюцца ў паўторы, каб, выяўляючы тое самае зноў, выявіць тое, што вымавіцца не можа.

Рабіна і каліна – асіметрычныя постаці ў садзе.

Але сад цяпер і сам у асіметрыі – у зіме, і ў ёй выяўляе тое, што дагэтуль утойвалася і паспявала, – ягады рабіны і каліны. Гэта дзівосныя дарункі, апошнія, яны не маюць кошту, і ўсё наваколле аддае ім сваю ўвагу і дзівуецца ім, і, пэўна, ён і яна ў сваёй зімовай, а таму таксама асіметрычнай, вандроўцы кіруюцца якраз на іх.

Яны, гэтыя ягады, адрасуюцца ўсім і некаму, і, давяраючы суадносіне зместаў, закладзеных у вершы, мы немінуча прыходзім да здагадкі, важчэйшай за выснову, што ў вершы ўжо вымаўлена імя таго, каму яны адрасаваны ў прыватнасці. Яны адрасаваны “табе” – Алене.

Сад “мой”, а дарункі, у якія ўклаўся сад, – ёй.

У рабіны і каліны з ёю глыбокія і помныя суадносіны, і ў зіму, у якую яна ўваходзіць, яны пара за парою ўвайшлі са свята, на якім былі разам з ёю, а можа, нават адно.

Свята застаецца ў глыбіні, і дарункі са свята – ад свята.

Той, хто кажа “Мой сад у снезе па калена”, суадносіцца з садам і атаясамляецца з дрэвам, перажываючы стан і становішча, у якім яны (сад і дрэва) знаходзяцца.

Суперажыванне – сама ўласцівасць паэзіі, і здольнасць да суперажывання – сама ўласцівасць паэтычнай творчасці.

Ягады рабіны і каліны – індыкатары надвор’я, у якім апынаецца і ўжо апынуўся сад. У суадносіне з імі Алена гэтаксама індыкатар таго, што адбываецца ў садзе, а ў ім адбываецца нешта, што пакідае яе сам-насам з невядомасцю. Сад “мой”, і Алена больш, чым “мая”, аднак ёй у гэтым маім і холадна, і боязна.

Той, хто атаясамляўся з ёю, і з кім яна атаясамлялася так, што двое былі адно, перастае быць такім і ўжо не абараняе яе ад таго, ад чаго ёй холадна і боязна: ён ад яе адымаецца, і сам пра гэта яшчэ не ведае. (Холадна і боязна адно ёй, ці гэта яна, як індыкатар, улоўлівае змены ў надвор’і, агульным для яго і яе?!.)

Тут, дзе яны апынаюцца, яны апынаюцца ўпершыню, і такімі, якімі ёсць тут, таксама аказваюцца ўпершыню. Ёй холадна ад невядомага холаду і боязна не проста невядомага невядомага, а невядомага, што настае з вядомага і што, настаючы, перастае суадносіца з ёю.

Сад памятае свята, людзі – таксама. Памятаць свята не азначае яго мець і ў ім быць, хутчэй, наадварот, – не мець і не быць. Той, каму яно памятаецца, ад яго адняты, і – наўзаем -– яно аднята ад яго, але аднята так, што застаецца.

Свята святое, яно памятаецца само, і, з-за таго, што яно становіцца адсутным, усё астатняе, да чаго яно мела дачыненне, а яно мела дачыненне да ўсяго, да свету, становіцца самотным – недастатковым і лішнім: у недастатковасці лішак, у лішку недастатковасць, і тое, што мае сябе, апынаецца само і мае сябе ў самоце. Выйсці з яе – выйсці з сябе: сад утойвае выйсце.

У свята свае вымярэнні: адымаючыся – дадаецца, застаючыся ў мінулым – апынаецца ў наступным, стаўшыся  ўжо, стаецца яшчэ і, памятаючыся, аб”яўляецца як магчымасць, якую належыць асягнуць.

У свяце пераўзыходзіцца мяжа між унутраным і знадворным, мінулым і наступным, вядомым і невядомым, і двое адно аднаму не двое і не адно, а – сустрэча.

Свята – вядома-невядомая велічыня, усе рухі скіраваны да яго, і ўсе поры часу вядуць да яго, але хіба ў тым, што скіравана да яго і вядзе да яго, яно адсутнічае? Калі б адсутнічала, рухі не ведалі б, куды кіравацца, а поры часу, куды весці, калі б прысутнічала, не мелі б у гэтым патрэбы. Яно адсутнічае сваёй адсутнасцю і прысутнічае сваёй прысутнасцю, і ў завяршальнай пары, дзе яно мусіць знайсціся дарэшты, яго не аказваецца зусім.

Тое – яно не тое, не ёсць, а  ёсціцца, і, прыналежачы ўсім прыналежнасцю, у якой яны маюць спраўдзіцца, выяўляецца не як дадзенасць, а як вестка, што мае дацца і ўзяцца.

У параўнані з іншыі садамі, ці кшталтамі, зімовы сад страчаны, усё тое, чым вызначаліся іншыя кшталты, у яго аднята. Чым вызначаліся іншыя кшталты? Тым, што мелі, і тое, што яны мелі, было “маё”. “Маё” ў зімовага саду аднята, аднята не абы-калі, а ў сваю пару, не раптам, а паступова, не прымусова. а ў згодзе з самою ягонай існасцю: адымалася яно – адымаўся ён, становячыся для “маё” ўсё больш страчаным.

Страчаны, пакінуты ўсімі кшталтамі сад становіцца месцам сустрэчы зместаў.

Распазнаючы і асвойваючы па дарозе ўмовы, што не фармулююцца, а выяўляюцца, ён і яна ідуць у сустрэчу – у страту, што мае ўсё.

Як увайшлі рабіна і каліна, зімовы сад – свята, у якое належыць увайсці.

Каб увайсці ў свята, належыць стацца суадпаведнымі яму, гэта азначае, нешта набыць і ад нечага пазбыцца альбо з нечага выбавіцца. Што набыць і ад чаго пазбыцца? Для таго, хто ўваходзіць у сад, яшчэ не выснаваўся адказ, але пытанне, што мае свой кшталт у вершы, кранае ноту, што азываецца жалем. Магчыма, усё і ўсяго. Адказ мае настаць з самой існасці верша і, магчыма, для іх – для постацяў, што ўселены ў верш – ужо настае.

Пакуль хада доўжыцца, пройдзенае не стаецца пройдзеным дарэшты, яно адсоўваецца, і ўсякі раз апошні след апынаецца перад мяжой.

Той, хто ідзе, вядзе з сабою мяжу, якая не пераступаецца слядамі. Сляды дадаюцца адымаючыся, і мяжа з тым, хто яе вядзе, гуляе ў гульню, правілы якой ён забыў і якія мае згадаць ці нанова вынайсці.

Град “калючы”, ён нарываецца знадворку, стукаецца і “сячэ”, і ключоў ад саду не мае. Схаваныя і захаваныя, яны ў ім самім, пад наглядам (і даглядам) той суадносіны, якой ураўнаважваецца знадворнае і ўнутранае.

Я  і маё суадносяцца між сабою, як ягады рабіны і каліны са сваёй квеценню. Адпадаючы (ападаючы), квецень супадае з ягадамі так, што перастае быць: гэта адно і тое ж, уведзенае ў розныя поры.

“Мае” для саду, ягады аднятыя ад яго настолькі, што самі ўжо маюць у сабе ягонае “я”, некалі, магчыма, яно пачне з іх выяўляцца.

У суадносіне прысутнічае зварот.

Тое, што мае супасці з “я”, мае супасці, сябе не маючы.

Вядомае – “маё”: у ім яно мае і кшталт, і меру, аднак яно мае сябе і ў невядомым і ў ім не мае ні кшталту, ні меры, і таму, што яно (вядомае) ў ім ( у невядомым) ёсць, ён і яна ў дарозе.

Той, хто сябе знаходзіць, знаходзіць сябе ў суадпаведных акалічнасцях, і ў тым, што верш выяўляе, паэт знаходзіць сябе, а “я” мае самазнаходжанне. Куды б яно ні змяшчалася, самазнаходжанне ўсякі раз тут і ў вершы распазнаецца і атэстуецца.

Верш распачынаецца адразу, без усялякага ўступу, як адразу правальваюцца ў снег сляды, і завяршаецца – нібы яшчэ намерваецца распачацца. Так, у ім ёсць пачатак і канец, аднак у той ёсціне, з якое ён вынікае, няма ні канца, ні пачатку, а ёсць судакрананне з іншым вымярэннем. Судакрананне з іншым вымярэннем – карэнне для верша: наколькі ён суадносіцца з ім, настолькі змястоўны – змястоўны сабой.

Што не згадваецца ў вершы і што не аб’яўляе ў ім сваю прысутнасць, дык гэта сонца, яго ў ім няма, яно засталося ў іншых порах. Было б – сам верш загаварыў бы па-другому і сад не маркоціўся б – не афарбоўваўся б у колер змроку. Адно рабіна і каліна ўтрымліваюць яго ў тым, што выспела, захавалася і апынулася тут, – у ягадах, ды яшчэ сніць снег: абудзіцца – растане. Сонца па-за межамі верша і па-за межамі саду, але з садам і з вершам: усе ўтоеныя інтэнцыі скіроўваюцца да яго. Аднойдзецца – адамкнуцца сховы і вернецца свята: ключы ад яго ў яго.

Верш ведае таго, кім вымаўляецца, знутры: у вершы паэт самаатэстуецца. “Зімовая” самаатэстацыя адметная тым, што ў ёй ён адасабляецца ад усіх сваіх усемагчымых набыткаў – кшталтаў, у ёй ён апынаецца не тым, чым ёсць, а тым, што ёсць, і ў ёй, усё яшчэ не адасобіўшыся, а адасабляючыся і ўсё яшчэ застаючыся тым, чым  ёсць, падстаўляе сябе небяспецы. Так падставіла б сябе небяспецы дрэва, калі б яно ўвайшло ў “золь і снегапад”, яшчэ не адняўшыся ад свята.

“Табе не хочацца назад?..” Назад гэта дадому. Зварот памятае дарогу туды, сляды паказваюць, і калі б насампраўдзе яны падаліся назад, Алена была б вядоўцаю – першай.

Дом не проста месца, у якое ўселена пэўная пабудова, а месца, у якое ўселена суадносіна, дзе яны сябе маюць і аднаходзяць. Яны вядуць яе з сабою, і на ранейшым месцы дома ўжо можа не аказацца. Так, ідучы туды, дзе яны яшчэ не былі, яны гэтаксама скіроўваюцца не куды-небудзь, а дадому.

Дом не ў вядомым і не ў невядомым, а ў тым вядомым, што захоўваецца ў невядомым і з яго вынікае. Захоўваецца – ахоўваецца. Зімовы сад – пакінуты дом: пакінутасць усялілася ў яго краявіды, і пакінутасцю ён ахоўваецца. Нішто знадворку не можа ў яго ўвайсці і нішто знутры выйсці. Гэта ахоўная пакінутасць, дагляд, што мае да ўсяго дачыненне.

У з’яве звароту пройдзенае праходзіцца так, што апынаецца вернутым і нанова набытым, і яно апынаецца гэтакім не таму, што хада скіроўваецца назад, а таму, што само пройдзенае не застаецца ззаду. Зварот – хада ў хадзе, і ўсчынаецца адразу: калі асягаецца да, асягаецца і ад, і наколькі асягаецца да, настолькі – ад.

Знадворку зварот вяртае тых, хто ідзе, туды, дзе яны былі, знутры – тым, хто ідзе, вяртае тое, што яны даносяць з сабой і чым выяўляюцца: з’яўляе ім тое, што яны прад’яўляюць. Яны даносяць яшчэ не ўсё і выяўляюцца не зусім, і зварот, адступаючы, вядзе іх далей, а свята застаяцца ў прад’яве.

Невядомая велічыня, якою істотны верш, з’яўляецца невядомай для той вядомасці, якою істотная думка, і думкай не асягаецца.

Думкай чытаюцца сляды, упісаныя ў неруш снегу, сама неруш слядамі не асягаецца, яна наогул не асягаецца якім бы ні было асяганнем, калі асягаецца – перастае быць такой.

Сляды ў дарозе, і думка ў дарозе, яна (яшчэ і ўжо) не саммадастатковая, каб стацца самадастатковай, мае выйсці са свасёй вядомасці – стацца вернутай ёсціне.

Вымаўляючыся, верш адпачатку нешта вытлумачвае – вытлумачвае тое, што, не вытлумачанае думкай, не сталася набыткам вядомасці і свядомасці, і вытлумачвае ў меру, у якой спраўджваецца і сам. Парушаная мера выхіляецца ў недахоп і ў лішак – у дадзенасці, што, навідавоку пярэчачы адно аднаму, усякі раз насампраўдзе пярэчаць ёй.

Што да вытлумачэння, якое набывае вагу з увагі да верша, – гэта пост-верш. Яно выводзіць верш з абсягу вымаўленасці і ўводзіць у абсяг, дзе зместы, прысутныя ў ім, распазнаюцца – становяцца набыткам вядомасці і свядомасці.

У вытлумачэнні верш угадвае, чым ён ёсць і становіцца вершам нанова, альбо: само вытлумачэнне, спраўджваючыся, становіцца вершам нанова.

Вытлумачаны верш – прачытаны верш: у ім гук набывае водгук, а словы – змест.

Вядомае ніколі не ёсць вядомым дарэшты, і невядомае ніколі дарэшты не ёсць невядомым: у іхняй, адзінай для іх, ёсціне збіраюцца і выспяваюць узаемасупротныя – узаемасуразумныя – чыннікі: у невядомым – вядомае, і невядомае ў вядомым.

У  ім  ёсць  яна, у  ёй ён, і таму, суадносячыся адно з адным і з усім, яны здольныя пераўзыходзіць і – пераўзыходзяць – сябе.

У суадносіне прысутнічае зварот.

У вершы думка не адасабляецца ад згадкі і гэтай сваёй неадасобленасцю істотная.

Словы ў ім услухоўваюцца ў цішу і адтаго, наколькі ёй паслухмяныя, наколькі суадпаведныя, настолькі ўведваюць вестку. Яны вынікаюць з услухоўвання, з увагі прысутнага да сутнага, і ціша не ёсць адсутнасцю якога б ні было маўлення, а маўленне, у якое належыць услухоўвацца.

Увага – бязмоўная малітва.

У вершы нехта вымаўляе малітву.

Суадносячыся з садам, кшталты адымаюцца і дадаюцца: усе кшталты адразу сад не можа мець і мае ўсякі раз суадпаведны.

Ягады тое апошняе і выніковае, што асягае і мае сад: у іх ён мае свой скарб, сваю сутву, сваё аднойдзенае “я”.

“Вось і усе яго дары”, – гаворыцца ў вершы. Ён сам увесь у гэтых дарах.

Дзякуй.

Вось мы зрабілі спробу учытвання. Тут намацаліся некаторыя катэгорыі, якія яшчэ катэгорыямі ня ёсць. Іх можна называць: невядомая велічыня, суадносіна, зварот. Магчыма, калі нехта пойдзе далей і выйдзе за межы гэтага верша, тады ён разгаворыцца з гэтымі катэгорыямі – яны маюць, што сказаць. А цяпер гаварыце вы. Пытанні, водгукі?

Пытанне з залі: Пытанне такое: думаю, шмат хто хацеў спытаць, але не адважыўся, можа. Сапраўды, першае пытанне любога чалавека, простага слухача: а ці прамаўляў гэта ўсё сам паэт, на самой справе? Гэтую “выяўленую нявыяўленасць”, “невыяўляную выяўнасць”, “алейную маслянасць”, “масленую алейнасць”?

Алесь Разанаў: Алесь можа чуе з нейкай той вышыні, з іншага міра. Мне было б цікава пачуць, што сказала б, як адрэагавала б Алена. Алена – гэта сапраўднае імя яго жонкі, яна жывая. Яна ня ведае, што вось ёсць такое тлумачэнне.

Ігар Бабкоў: Алесь Разанаў мае акадэмічную ступень, ён з’яўляецца доктарам філасофіі Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта. Але, канешне, калі бы ад мяне залежыла прысуджэнне ступені, то я бы прысудзіў яму ступень вялікага шамана беларускага мыслення.

Алесь Разанаў: Шаман – гэта небяспечнае слова, я з ім не звыкся, алхіміка давай уже лепш.

Ігар Бабкоў: Алхімік сэнсу, алхімік паэзіі – таму што, насамрэч, гэта пытанне прагучала крышачку странна. І можа праз гэтае пытанне і прамаўлялася гэтая метафізічная Алена. Таму што тое, што вы зрабілі з аўдыторыяй: вы сапраўды зацягнулі людзей у зімовыя сады непакою. Сады, дзе пануе трывога. Усе гэтыя лабірынты, якія выбудаваны, выстраены гэтай звышінтэрпрытацыяй альбо паглыбленнем. Мне здаецца, гэта як пытанне разгубленага дзіцяці, бо вы прапанавалі зайсці ў лабірынт і там пакінулі. Ці адчуваеце вы адказнасць за сваю інтэрпрытацыю і за тую аўдыторю, якую вы спакусілі?

Алесь Разанаў: Я думаю, што вось тая небяспека, якая прысутнічае ў вершы, нейкім чынам вытлумачваецца. Мы згадалі вось гэтае слова суадносіна, мы ўзгадалі слова зварот, калі вядуць не толькі ў тое, адкуль магчыма выйсці, але, можа, дзеля гэтага падарожа і адбываецца – выйсці іншай новай існасцю. Той існасцю, якая ў роўных гэтых суадносінах не асягаецца. Выйсці запаветнай ісцінай. Існасцю, якая прысутнічае ўнутры, унутры кожнага, хто знаходзіцца тут і ўдзельнічае ў гэтай гаворцы.

Ірына Дубянецкая: Тое, што гаворыцца, хочацца працягваць далей гаварыць. І безумоўна штосьці адгукаецца і чуецца тое, што было намацана і недагаворана. Так і у гэтым вершы нешта гучыць з аднаго боку, з другога боку, з трэцяга. Пакуль не скажацца, што гэта сад, і што гэта жанчына і мужчына ў садзе, прычым у садзе страчаным. Пакуль мы не пачуем гэту біблейскую гісторыю, мы таксама будзем вельмі шмат намацваць і страцім недзе вельмі важны момант. Што гэта зноў сутнасны сад, сутнасны “я”, гэты мы, якія былі разам весною ці летам. А цяпер: ці ты са мною? І цяпер пытанне асноўнае, якоя вы казалі, відаць, тое што яно ідзе далей, а не хочацца назад, і не хочацца быць адзіным: ці ўсё ж ты са мною, ці ты ідзеш? І я раблю сляды, я структурую, ты слядоў не пакідаеш, ты дзесьці супадаеш з чымсці, што мне не даступна. Ці ты са мной? Калі са мной, то хто тады мы? Ці ты не са мной, тады хто я? І гэта сонца, якое застаецца па-за тэкстам, бок, які застаецца па-за тэкстам.

Ігар Бабкоў: Як раней жартавалі: два беларуса – партызанскі атрад, а у нас адзін верш – дзве метафізікі альтернатыўныя. Калі ласка, можа быць яшчэ трэцяя паўстане?

Уладзімір Мацкевіч: Насамрэч, у мяне ёсць пытанні, але ж не такія, якія можна спытаць. Пытанне, скажам так, да сябе звернутае, бо, калі я слухаў гэты чытаны тэкст, я ў яго паглыбіўся, як у верш. Гэта быў таксама верш, гэта быў верш у прозе, ініцыянаваны іншым вершам. Я да гэтага і ставіўся, як да паэзіі. І тады зразумеў, што я б так ніколі не змог прачытаць. Я не аматар павезіі. І таму ўзгадаў такога героя Стругацкага, іншапланецяніна Канстанціна, які меў прафесію на сваёй планеце – чытач паэзіі. Калі ў яго пытаюцца, а навошта, якая гэта прафесія “чытач”? Ён кажа, што паэтаў шмат, а калі яны пішуць і ніхто не спажывае, то гэта крыўдна і забівае паэзію. Таму мы размеркавалі на нашай планеце людзей, закрэпілі за пэўнымі паэтамі і яны чытаюць гэтую паэзію. І вось так, як Разанаў прачытаў гэты верш, я думаю, так трэба ўмець. Гэта асаблівая паэзія.

Але тут паўстае пытанне. Звычайна ў культуре размяжоўваецца, вось ёсць паэзія, а ёсць літаратуразнаўства. І калі пішуць пра вершы, то гэта ўжо лічыцца не паэзіяй, а чымсці падобным да навукі, даследваннем, напрыклад. І пачатак тэксту ён быў падобны на гэта, а потым пайшла такая паэзія, што заварожвае сама па сабе. І патрабуе паглыбіцца ў гэта. І тады, ці можна ітэрпрэтаваць рознае ад рознага, ці можна алгебрай праверыць гармонію, ці можна квазінавуковым чынам зразумець паэзію? Можа быць сапраўды гэта галіна, яна павінна вось так будавацца “адно ў адным” – паэзія трактуецца іншай паэзіяй. Тады паўстае зноў пытанне: да мовы можна падыходзіць розным чынам. Усё ж такі для мяне першасная функцыя мовы – гэта спосаб, гэта матэрыял, гэта існасць, якая дапамагае нам стасавацца паміж сабой, камунікаваць. А тут з моваю робіцца нешта зусім непадобнае. Мова выступае матэрыялам для стварэння чагосці дзеля самога сабе. Мастацтва дзеля мастацтва, інтэрпрытацыя і трактоўка мастацкага твора мастацкімі сродкамі. І напластаванне мастацтва на мастацтва. І яшчэ мае некалькі ядер, калі вось пытанне Ірыны, што ўсё гэта васходзіць да пэўнай міфалогіі і пэўнай гісторыі, якая сталася стрыжнем некалькіх цывілізацый. Як усталяваць суадносіны паміж гэтымі стрыжнямі пра Адама і Еву, і што вымушае нас хадзіць па садзе, выходзіць ці не выходзіць з яго, блукаць па слядах, пры гэтым паўсюль паэзія на паэзіі. Як нам стасавацца, суадносіцца адзін з адным, як нам размаўляць пра гэта ўсё?

Алесь Разанаў: Я гаварыў, што перш чым пісаць верш, трэба стацца нямым. У немаце нешта здабыць нанова. І калі верш просіцца ў тлумачэнне, ён хоча стацца вершам наноў. Тым, якім ёсць, ён не ёсць завершаны і не да канца вымаўлены, не да канца выяўлены.

Уладзімір Мацкевіч: Верш незавершаны – гэта і ёсць сутнасць? Верш, гэта заўсёды тое, што не мае быць завершана?

Алесь Разанаў: Верш не таму, што ён не да канца завершаны, а таму што мае справу з рэчаіснасцю, якая не абмяжоўваецца тым, што намацваецца, бачыцца, чуецца. І таму ўслухоўваемся ў зместы, якія там захоўваюцца і нейкім чынам вымаўляюцца. Верш заўсёды не да канца вымаўлены, мова – з’ява, якая таксама не да канца вымаўленая. Яна ў  сабе таксама мае вось гэтыя глыбіні і можа мае ў сабе памяць пра іншую рэчаіснасць, з якой яна вынікла, і з якой была суадпаведнай. Зараз мова становіцца гаворкаю, але мова не ёсць гаворка, а камунікацыя – гэта паразуменне вядомага, пра вядомае, мова захоўвае ў сабе і невядомае. І невядомае чакае сваёй пары, свайго часу. Каб пачаць выяўляцца і здзіўляць нас, што мы валодаем тым скарбам, вартасці якога, глыбіняў, ня ведалі. Справа ня ў тым, каб прыйсці і растлумачыць, яшчэ раз. Усё вынікае з увагі. Чаму надаем увагу, асабліваю ўвагу, тое пачынае адгукацца, прамаўляцца. Але ўвага нейкім чынам загадзя прадвызначаная і на абы што ня можа скіравацца. Яна скіроўваецца на тое, што ёй суадгукаецца.

Ігар Бабкоў: Я зафіксую той змест, які паўстаў у гэтым дыялогу. Слухаючы спадара Алеся я раптам зразумеў, што абсалютна здаровая думка аб бессэнсоўнасці літаратуразнаўства, як навукі. Яно існуе, літаратуразнаўства, яно нешта ведае пра літаратуру і плодзіць безсэнсоўныя бясконцыя дысертацыі. Пераважна кшталту “Суфікс “чык” у паэзіі беларускіх паэтаў такога-та часу”. Насамрэч, літаратуразнаўства мусіла б займацца двумя рэчамі: першае – выхоўваць чытачоў і аматараў літаратуры, вучыць чытаць паэзію і літаратуру і любіць гэты занятак, бо першае, ад чаго адвучваюць на філфаках – гэта любіць літаратуру. І другое: думаць разам з паэзіяй і крышачку, можа быць, далей. Вось тое, што паказаў ці здейсніў тут спадар Алесь, гэта мысленне, але не мысленне дысцыплінарнае, філасоўскае ці навуковае, а мысленне сапраўднае паэтычнае. Гэта не паэзія, гэта мысленне, але мысленне разам з паэзіяй, тое, якое сапраўды нас прыводзіць некуды, у якім словы застаюцца тымі словамі, якія мы ўжываем у камунікацыі.

Алесь Разанаў: А што да літаратуразнаўства – я ад самага пачатку гаварыў даследчыкам некаторым, што вось, зараз у дачыненні да мяне, вы пішыце даследванне, уводзіце вершы ў пэўныя сістэмы, аналізуеце ў цэлым. Калі ласка, прааналізуйце адзін верш, усяго адзін. І вось гэты глыбокі аналіз дасць тое, што яшчэ не гаварылася. А так упіхнуць, увесці ў загадзя вядомую сістэму, гэта не зусім той занятак. Калі ласка, звяртаемся да самаго твора, да саміх вершаў, яны нешта ведаюць, нешта захоўваюць. І пры пэўнай аддадзенасці, увазе, яны пачнуць вось гэтыя свае дары і скарбы выяўляць.

Уладзімір Мацкевіч: Я задумаўся пра тое, ці магчыма ўвогуле ўступіць у дыялог з паэтам? Бо вось калі я чытаю вершаваныя драматычныя творы, то там героі, персанажі размаўляюць кароткімі маналогамі, не чуючы адзін аднаго. То бок, паэзія вельмі прыстасавана да маналагічнага выказвання. І ці можна працягнуць, паэтычна працягнуць тлумачэнне, разуменне іншага паэтычнага твору? Ці здольныя паэты да дыялогу? Тым больш, калі гэта не два паэта, а паэт і нейкі іншы парадыгматык, кшталту мяне? Лічыце мяне фінінспектарам у гэтым сэнсе.

Алесь Разанаў: Паэт не заўсёды паэт. Паэт гэта не званне, што бы так знак ці пагоны, ці яшчэ што-небудзь. Пішыцца верш – паэт, верш скончыўся і ён проста чалавек, іншая велічыня, іншая постаць, іншая асоба. Можа глядзець на верш, на свой жа верш, трошкі з далечыні. І таму, натуральны і дыялог, і ацэнка, і меркаванне.

Уладзімір Мацкевіч: Паэт, гэта сапраўды не званне, а лад мыслення такі, і ад яго не адмовіцца, калі перастаць рыфмаваць.

Алесь Разанаў: Пытанне тут мы вялікае закранулі, яно аб’ёмнае. Яно, нават, не хоча ўваходзіць у вядомыя дыскурсы. Гэта тое, што паэзія стаіць на мяжы прынцыпова іншага мыслення. Не таго, якое ўкладаецца ў гаворкі, у дысцыпліну, а прынцыпова іншага мыслення. Якое яшчэ не дадало свайго інструментарыю, сваіх нейкіх праяў. Але калі яно становіцца як іншае, а хоча ўпісацць у вядомыя каноны, яно становіцца нічым і ніякім, губіцца, не выяўляе свайго прызначэння, бо яно самадастатковае. І ў дыялог вось у такі проста не ўпішацца, а калі ўпішацца, то ў нейкі іншы дыялог. Тут ужо справа ідзе пра абсалютна іншую велічыню, а не пра адносную. Велічыню, якая каб здейснілася, мусіла б вярнуцца, ня ведаю, якія гэта часы, але змяніць усю рэчаіснасць прынцыпова. Рэчаіснасць у прынцыпе прынцыпова не меняецца. І таму паэзія станецца заўсёды нейкім чынам адасобленай ад дыялогу, ад нейкіх дыскурсаў, ведзеных у размове.

fly-uni.org