Айцец Надсан пераклаў на беларускую мову "Псалтыр"
Аляксандр Надсан, беларускі грэка-каталіцкі святар, апостальскі візітарат для беларусаў-каталікоў замежжа, сёння адзначае свой 87-ы дзень народзінаў. Гэта ўнікальны чалавек, які шмат зрабіў для беларускай справы.
Аляксандр Надсан
Ён можа пахваліцца шматлікімі дасягненнямі і поспехамі, але сам гэта не робіць, паколькі айцец Аляксандр — вельмі сціплы чалавек.
Аляксандр Надсан нарадзіўся ў сям'і настаўнікаў. Падчас нацысцкай акупацыі вучыўся ў настаўніцкай семінарыі ў Нясвіжы.
З 1944 знаходзіцца ў эміграцыі. З 1946 жыве ў Вялікабрытаніі. Там ён заснаваў Згуртаванне беларусаў Вялікабрытаніі. У 1958-м прыняў святарскія пасвечанні. У Лондане ён вёў вельмі актыўную працу на карысць беларускасці, працаваў дырэктарам школы-інтэрнату імя Кірылы Тураўскага пры Беларускай каталіцкай місіі (1966–1975).
У 1971 годзе адбылася знакавая падзея — заснаванне бібліятэкі імя Ф. Скарыны ў Лондане, якая паспяхова дзейнічае да сённяшніх дзён.
Айцец Аляксандр пераклаў з грэчаскай і славянскай моваў на беларускую значную частку корпуса ўсходніх літургічных тэкстаў. Аўтар больш за 250 навуковых публікацыяў, кніг па гісторыі Беларусі і гісторыі беларускага хрысціянства ХХ стагоддзя, малітоўніка «Госпаду памолімся» (2002), які з’яўляецца афіцыйным тэкстам набажэнстваў Беларускай грэка-каталіцкай царквы.
Сёння, калі мы патэлефанавалі айцу Надсану, каб павіншаваць яго з днём нараджэння, ён расказаў, што як раз закончыў перакладаць з грэцкай на беларускую мову “Псалтыр”.
А. Надсан: Калі вы пытаецеся пра рэцэпт жыцця, то трэба жыць нармальна, без канфліктаў. І немалаважнай з’яўляецца малітва.
Цяпер я ўжо працую мала, здароўе не тое. Але вось якраз закончыў праект, пераклаў з грэцкай на беларускую мову “Псалтыр”. Хачу здаць у друк. Гэта мая апошняя праца і, думаю, карысная. Колькі магу, столькі пішу, але на іншае сіл не хапае. Дзякуй Богу, маю маладога памочніка, айца Сяргея Стасевіча, які займаецца астатняй працай. А я пішу і малюся.
Баліць душа і за беларускі народ. Хацелася б, каб было лепш, чым цяпер. Мне здаецца, што тое, што адбываецца цяпер, — не ёсць добрым.
Паважаны айцец Аляксандр! Віншуем з днём нараджэння!