Абвясцілі лаўрэата літаратурнай прэміі «Гліняны Вялес»
Аргкамітэт літаратурнай прэміі «Гліняны Вялес» у Дзень Волі 25 сакавіка абвясціў імя свайго чарговага лаўрэата, піша «Свабода».
Лаўрэатам прэміі стаў празаік з Падляшша Міхал Андрасюк за раман «Поўня», пра гэта паведаміў у Фэйсбуку старшыня аргкамітэту Алесь Аркуш.
У верасні 2019 года Міхал Андрасюк ужо стаў лаўрэатам прэміі Гедройца за раман «Поўня».
Раней дамаўляліся ўручыць прэмію ў траўні на беразе возера Іпуць Глыбоцкага раёна на базе аб’яднання мясцовых аграсядзібаў «Вялесаў шлях», але з прычыны пандэміі каранавіруса ўрачыстасць пераносіцца на больш позні тэрмін, распавёў Алесь Аркуш «Радыё Рацыя».
У шорт-ліст прэміі «Гліняны Вялес — 2020», акрамя Андрасюка, уваходзілі наступныя намінанты:
Валянціна Аксак. «Кава ў арліным гняздзе»
Леанід Дранько-Майсюк. «...Усе бачылі нястачу віна...»
Ігар Кулікоў. «Храм ракі»
Анхеля Эспіноса Руіс. «Колер крылаў»
Уладзімір Сцяпан. «Хвалі»
Макс Шчур. «Кінараман»
Міхал Андрасюк — пісьменнік, журналіст, актыўны дзеяч беларускай меншасьці ў Польшчы. Нарадзіўся 2 снежня 1959 года ў Гайнаўцы на Падляшшы. Піша па-беларуску і па-польску. Дзяцінства прайшло ў вёсцы Войнаўка Дубіцкай гміны. Скончыў у 1978 годзе беларускі ліцэй у Гайнаўцы, працаваў настаўнікам і каменячосам, потым журналістам Беларускага Радыё Рацыя, на тэлеканале «Белсат».
Дэбютаваў у «Ніве» (1979) вершамі. Аўтар зборніка апавяданьняў «Фірма» (Беласток, 2000), дзе яскрава засведчыў разлад, народжаны дзевяностымі. У кнізе «Мясцовая гравітацыя» паказаў жыццё польскай правінцыі на польска-беларускім памежжы, яна пра маленькіх людзей са сваімі звычкамі, дзівакаватымі норавамі, смешнымі надзеямі. У 2006 годзе выдаў аповесць «Белы конь», пабудаваную як зборнік апавяданняў, якія разам складаюцца ў гарманічную карціну свету — праз гісторыі продкаў, летапіс сям’і. Кніга атрымала літаратурную прэмію прэзідэнта горада Беласток імя Веслава Казанецкага. Працягам стала кніга мастацкай прозы «Поўня», дзе сямейны летапіс перапісаны на ўзроўні метафарычным.
«Гліняны Вялес» — найстарэйшая незалежная штогадовая беларуская літаратурная прэмія, заснаваная ў 1993 годзе сябрамі Таварыства Вольных Літаратараў. Старшыня арганізацыйнага камітэту — Алесь Аркуш. Прэмія прысуджаецца за лепшую мастацкую беларускамоўную кнігу году. Лаўрэат атрымлівае сімвалічную ўзнагароду — гліняны стод апекуна мастацтва.
У розныя гады лаўрэатамі прэміі станавіліся Алесь Разанаў, Уладзімер Някляеў, Уладзімер Арлоў, Андрэй Федарэнка, Віктар Казько, Сяргей Дубавец, Валянцін Акудовіч, Барыс Пятровіч і іншыя. Стаць лаўрэатам прэміі можна толькі аднойчы.