12 песень на словы Караткевіча, якія варта паслухаць
Сёлета мы адзначаем 90-годдзе Уладзіміра Караткевіча. Большасці ён вядомы як аўтар твораў «Каласы пад сярпом тваім», «Дзікае паляванне караля Стаха», «Ладдзя Роспачы» і іншых. Акрамя таго, творца пакінуў нам вялікую паэтычную спадчыну, якую не абмінулі ўвагай і беларускія музыкі. Прапануем падборку з 12 песень на словы Уладзіміра Караткевіча.
Ulis — Жаўранак (2003)
Легендарны беларускі гурт «Ulis» для многіх асацыюецца з песнямі на словы Фелікса Аксёнцава і Славы Кораня, але ў творчай скарбонцы гурта ёсць песня і на словы Уладзіміра Караткевіча, якая ўвайшла ў альбом «Lusterka»(2003).
Алесь Камоцкі — Як сканаю (1986)
Адзін з пачынальнікаў беларускай аўтарскай песні Алесь Камоцкі мае некалькі твораў на словы Уладзіміра Караткевіча, але спынімся на песні 1986 года «Як сканаю». Словы гэтага верша досыць часта выкарыстоўваюцца, калі гаворка ідзе пра паэзію Уладзіміра Караткевіча.
Вальжына Цярэшчанка — Раманс аб каханні (2003)
Прыгожы моцны голас Вальжыны Цярэшчанкі добра вядомы тым, хто заспеў перыяд беларускага Адраджэння канца 80-ых-пачатку 90-ых. Праз свае песні яна адкрыла для многіх беларусаў такіх , як Ларыса Геніюш, Уладзімір Жылка, Алесь Гарун. Ёсць у творчай скарбонцы Вальжыны Цярэшчанкі і песня на словы Уладзіміра Караткевіча.
Нельга забыць — Перад сечай
Мінскі гурт «Нельга забыць» (назва гурта, дарэчы, паўстала з назвы рамана Уладзіміра Караткевіча) мае некалькі дзясяткаў песень на вершы Уладзіміра Караткевіча, якія ўвайшлі ў асобны альбом «Леаніды не вярнуцца да Зямлі» (яшчэ адна адсылка да творчасці Уладзіміра Караткевіча). У нашу складанку мы дадалі адну песню, але калі ёсць жаданне, то можна паслухаць альбом цалкам
Аляксандр Ясінскі і Сяржук Доўгушаў — Дарогі
Лідар гурта «Vuraj» Сяржук Доўгушаў і баяніст Аляксандр Ясінскі запісалі ў 2017 годзе асобны альбом «Дарогі» на вершы Уладзіміра Караткевіча і Анатоля Сыса. Загалоўная песня альбома «Дарогі» напісана на словы Уладзіміра Караткевіча, якую мы Вам і раім паслухаць, а калі будзе жаданне, дык і ўвесь альбом.
Галіна і Барыс Вайханскія — Мокрыя травы (2004)
З творчасцю гэтых выканаўцаў я пазнаёміўся, дзякуючы песням на словы Уладзіміра Караткевіча. І быў вельмі здзіўлены, калі даведаўся, што Барыс Вайханскі атрымаў Гран-пры Грушынскага фестывалю яшчэ ў 1978 годзе. А дуэт Галіны і Барыса Вайханскіх у 2015 годзе адзначыў сваё 35-годдзе. Сапраўдныя волаты беларускай музычнай сцэны!
Neuro Dubel — Папараць кветка (2004)
У адным са сваіх інтэрв’ю лідар гурта «Neuro Dubel» Аляксандр Кулінковіч прызнаўся, што Уладзімір Караткевіч яго сапраўды «торкнуў». А калі нешта зачэпіць музыку, то чакай твор. Так адбылося і ў выпадку з Кулінковічам. Свет пабачылі песні «Скрыпка-дрыгвы», а таксама «Папараць-кветка».
Акрамя таго, дзякуючы Уладзіміру Караткевічу Аляксандр Кулінковіч пачаў пісаць беларускамоўныя песні. А гэта, на мой погляд, вялікі здабытак для беларускамоўнай музыкі. Нягледзячы на тое, што сам Кулінковіч неаднарозова выбачаўся за свае русізмы і не надта чыстую беларускую мову, на мой густ, беларуская мова Кулінковіча гучыць вельмі шчыра і натуральна.
Фармат падборкі быў вызначаны як адна песня ад аднаго выканаўцы, таму калі зацікавіць песня «Папараць-кветка», без цяжкасцей можна будзе знайсці і другую песню.
Андрэй Мельнікаў — Агеньчык (1991)
Андрэй Мельнікаў мае ў сваёй творчай скарбонцы, акрамя ўласных песень, яшчэ безліч песень на вершы дзясяткаў беларускіх паэтаў. Не стаў выключэннем і Уладзімір Караткевіч, на словы якога Мельнікаў запісаў 5 песень. Яднае Мельнікава з Караткевічам і тое, што яны абодва ладную частку жыцця пражылі ў Оршы. Песня «Агеньчык» на словы Караткевіча была запісана яшчэ ў пачатку 90-х.
Sciana — Павешаным у 1863 г. (2002)
Верш «Павешаным у 1863 г.» з’яўляецца адным з самых папулярных сярод беларускіх музыкаў. Песні на гэты верш запісалі Лявон Вольскі і Алесь Дзянісаў. Але яшчэ ў 2002 годзе словы верша адгукнуліся берасцейцам з гурта «Sciana». Што ў выніку атрымалася, прапануем вашай увазе.
Лявон Вольскі — Павешаным у 1863г.
Усё той жа верш «Павешаным у 1863г.», але ўжо ў выкананні Лявона Вольскага. На розных канцэртах песню можна было пачуць досыць даўно, але ў 2019 годзе адбылося перапахаванне Кастуся Каліноўскага і песня набыла значна большую аўдыторыю. Лявон Вольскі мае таксама песню «Ворагам» на словы Караткевіча.
Алесь Дзянісаў — Павешаным у 1863г.
Алесь Дзянісаў прэзентаваў песню «Павешаным у 1863г.» сёлета, і песня таксама набыла новыя канатацыі. У віры падзей, якія адбываюцца ў краіне, яна стала вельмі актуальнай.
Зміцер Вайцюшкевіч — Дзе мой край?
Пэўна, самая вядомая песня на словы Уладзіміра Караткевіча. У выкананні Зміцера Вайцюшкевіча гучыць яшчэ з 2000-х і добра вядомая ўсім, хто хоць трошкі цікавіцца беларускай музыкай.
У 2020 годзе песня «Дзе мой край» загучала ў выкананні «Вольнага хору»
P.S. Песні на словы Уладзіміра Караткевіча ў сваім рэпертуары маюць значна больш беларускіх выканаўцаў, чым прэзентавана ў падборцы, таму калі цікава, можаце таксама паслухаць песні ў выкананні Касі Камоцкай, Антося Звычайнага, Міколы Рудакоўскага, гуртоў «Крывакрыж», «Балцкі субстрат» і іншых.