10 фактаў пра мастака Мая Данцыга, які не баяўся пратэставаць супраць знішчэння старога Мінску

27 красавіка споўнілася б 90 гадоў з дня нараджэньня народнага мастака Беларусі Мая Данцыга. «Свабода» публікуе 10 цікавых фактаў пра яго.

Май Данцыг. Фота — Яўген Коктыш

Май Данцыг. Фота — Яўген Коктыш


Май Данцыг (1930–2017) пачынаў у 1950-я са светлых сацрэалістычных карцін, але затым, натхніўшыся мастацтвам Рэната Гутуза, трагічным жывапісам Эль Грэка, творамі нямецкіх экспрэсіяністаў. Пачаў здзіўляць беларускіх гледачоў вялікімі манумэнтальна-жалобнымі (нягледзячы на яркія колеры) палотнамі, прысвечанымі вайне, сучаснаму Мінску, Беларусі.

Галоўнае ўва многіх творах Данцыга — балючае пачуццё трывогі, болю, пакінутасці, непатрэбнасці. Яскравы прыклад гэтаму — яго поўныя болю карціны, створаныя ў брэжнеўскія часы: «Аварыя», «Бяссонніца», «Змрок у горадзе», «На бруку».

 

Май Данцыг. «На бруку», 1970-я

Май Данцыг. «На бруку», 1970-я


1. Быў упэўнены, што без чырвонага колеру жывапіснае палатно мёртвае

«...любімы, фірмовы колер... чырвоны... Без чырвонага, лічыць мастак, карціна мёртвая, а як толькі на ёй з’яўляецца гэты колер, хаця б штрыхом, палатно адразу ж ажывае...» (А. Крылова. Май Данциг: мир, труд, май // Минский курьер. 14.12.2012).

 

Май Данцыг. «Бяссонніца», 1978 г.

Май Данцыг. «Бяссонніца», 1978 г.

 

2. Лічыў, што імпрэсіяністы «пахавалі карціну»

«Я... вучыўся ў Сурыкаўскім інстытуце... і калі вінавацілі імпрэсіяністаў у тым, што яны „пахавалі карціну“, я думаў: „Ну, прапаганда...“ А потым пераканаўся, што тая прапаганда, між іншым, падставы мае. Імпрэсіяністы паспрыялі таму, што карціна знікла. Яны пісалі бліскучыя эцюды... А вось карціну як з’яву насамрэч “пахавалі”» (П. Васілеўскі. Данцыг без эскізаў // Культура. 30.05.2015).

 

Май Данцыг. Ёлачка. 1971 г.

Май Данцыг. Ёлачка. 1971 г.

3. Пускаўся на хітрыкі, каб ягоныя палотны не здымалі з выставаў

«У 1962 г. напісаў карціну „Навасёлы“. ...Іншыя мастакі выяўлялі наваселле іначай — у іх у кватэру ўжо былі звезеныя... чамаданы, шафы... нават фікус. А ў мяне — пустата і два чалавекі... Мяне абвінавацілі ў паклёпе на рэчаіснасць: „Дзе вы бачылі ў нас босых людзей, у якіх няма ніякіх рэчаў, якія сядзяць, сумуючы?“ Хацелі... зняць карціну з экспазіцыі. Я вырашыў, што гэтаму не бываць: за ноч дапісаў у куце... жаночыя лакіраваныя туфлікі — і раніцай маё палатно трыумфальна прынялі. На карціну нават апублікавалі добрую рэцэнзію ў часопісе „Творчество“. А туфлікі я потым усё роўна зафарбаваў» (А. Крылова, 2012).

 

Май Данцыг і карціна «Навасёлы»

Май Данцыг і карціна «Навасёлы»

4. Яго абвінавачвалі ў кровазмяшэнні

«З выставы знялі... „Партызанскую баладу“. Я напісаў жанчыну, якая корміць грудзямі параненага партызана... „Жах! Кровазмяшэнне!“ — так ацанілі працу чальцы выстаўкама. Потым я доўгі час трымаў „Баладу“ ў майстэрні. Карціну не пабаяліся паказаць у Маскве, у Цэнтральным Доме Мастака, на маёй персанальнай выставе. І толькі пасля трыумфу карціны ў сталіцы Расіі карціну пабачылі... мінскія гледачы» (Н. Шарангович. Май Данциг: Искусство должно быть активным // Литературная газета. 29.04.2009).

 

6_dancyh.jpg

Мастак Рыгор Таболіч згадваў, што калі студэнтам наведаў майстэрню Данцыга, той «з гонарам паказаў ГДР-аўскі часопіс Bildende Kunst, у якім была надрукавана ягоная праца з параненым байцом і жанчынай, якая корміць яго грудзямі».

 

5. Меў смеласць пратэставаць супраць знішчэння старога Менску

Паводле літаратара Андрэя Мельнікава, у класічным жывапісным творы «Мой горад старажытны і малады» (1972) «грамадзянска смелым учынкам было яму (Данцыгу. — РС) тады, мяркую, упісаць у пейзаж 1972-га Халодную сінагогу XVI стагоддзя, знесеную за колькі гадоў да напісання карціны. Да зносу яна некалькі дзесяцігодздзяў была найстарэйшым з жывых будынкаў».

 

Май Данцыг. «Мой горад старажытны і малады». 1972 г.

Май Данцыг. «Мой горад старажытны і малады». 1972 г.

 

6. Лічыў, што не варта спадзявацца на Бога

«Пасля жахаў Другой сусветнай вайны я сур’ёзна сумняюся, што можна яшчэ спадзявацца на Бога. Іначай, калі ён існуе, дык чаму дапусціў, каб пралілося столькі крыві? Дый сёння, калі кожная рэлігія імкнецца даказаць, што менавіта яе бог „лепшы“, цяжка прызнаць, што пошук ідэалу ў рэлігіі — гэта правільны шлях» (В. Корбут. Кисть. Холст. Май // СБ. Беларусь сегодня. 4.09.2007). 

 

7. Параўноўваў «Чорны квадрат» Малевіча з дарожным знакам

«Колькі ні глядзі, колькі ні ўглядайся ў трэшчыны фарбаванага слою «Чорнага квадрата», нічога не выгледзіш. Асабіста я бачу ў ім дарожны знак, кшталту «Праезд забаронены» (П. Васілеўскі. 2015).

 

Май Данцыг. Трывога. 70-я гг.

Май Данцыг. Трывога. 70-я гг.

8. Большасць сваіх манументальных палотнаў пісаў без эскізаў

«Свае аграмадныя творы... рабіў без эскізаў. Гэта і сапраўды дзівосна! Адчуваў нутром, імправізаваў. Баяўся „расхаладзіцца“ на эскізе і згубіць эмацыйны зарад... Кідаўся, бы той леў, на палатно...» (І. Юдзіна. Все краски Мая // Минский курьер. 22.11.2013).

 

Май Данцыг. Аварыя. 1978 г.

Май Данцыг. Аварыя. 1978 г.

9. Пры ім небяспечна было паказаць слабасць

Паводле ўспамінаў мастака Рыгора Таболіча, які вучыўся на старэйшых курсах у Мая Данцыга: «...Метад яго быў такі: калі вучань даваў хоць маленькую слабінку, ён [Данцыг] хуценька перарабляў яго „пад сябе“. І гэта ён рабіў не з самымі горшымі... любіў укалоць, прыгаворваючы: „Вазряжай! Вазряжай!“ Пры гэтым ззяючы вальтэраўскай усмешкай».

Сам Данцыг напрыканцы жыцця лічыў, што студэнты сталі горшымі: «...апантанасці не бачу... дысцыпліны няма! Маладыя сталі горш ставіцца да працы, яны не так даражаць ёй. Мяне гэта вельмі засмучае» (П. Васілеўскі. 2015).

 

Май Данцыг. Партрэт Васіля Быкава

Май Данцыг. Партрэт Васіля Быкава


10. Лічыў, што трэба быць асцярожным з выказваннем уласнай думкі

«Гнуткасць думкі — гэта тое, што адзначае кожнага чалавека, які мысліць... Уласную думку трэба мець, але не заўсёды яе варта выказваць» (В. Корбут. 2007).

 

Май Данцыг. Менск. Верхні горад. 1971 г.

Май Данцыг. Менск. Верхні горад. 1971 г.

Аўтар дзякуе мастаку Рыгору Таболічу, мастаку і літаратару Уладзімеру Сцяпану.

Рэпрадукцыі карцін узятыя з альбомаў Данцыга савецкага часу. 

Фота са старонкі ФБ Уладзімера Сцяпана з ягонай ласкавай згоды.

 

Май Данцыг, 2016 г.

Май Данцыг, 2016 г.


www.svaboda.org