Жыхары Берасця: Заводы працуюць тры дні на тыдзень, заробкі — ніякія

Улады не здольныя адолець эканамічны крызіс.



ai_154825_aux_head_20150609_raboczije_new44_t.jpg

Жыхары абласнога цэнтра распавялі аб праблемах, якія, на іхнюю думку, перашкаджаюць развіццю краіны. Таксама яны адказалі на пытанне “Ці здольныя ажыццявіць рэформы Лукашэнка і тыя людзі, якія цяпер кіруюць Беларуссю?”.

- Рэформы, напэўна, трэба было правесці яшчэ ў 1994 годзе, калі да ўлады прыйшоў гэты чалавек. А на сённяшні дзень, хачу сказаць, цяжка жывецца. Таму трэба нешта мяняць у гэтым жыцці. Бізнэсоўцам рэформу якую зрабіць, ды і ўвогуле ўсё цалкам памяняць. Пусціць да ўлады нармальных, маладых, граматных спецыялістаў, якія маглі б у правільнае рэчышча накіраваць нашу краіну, — кажа жыхар Берасця.

- Мяняць у эканоміцы трэба, але каб у найлепшы бок. Каб людзі не жылі за рысай беднасці, а трошкі падняліся, разбагацелі. Не толькі тыя, што ва ўладзе сядзяць, каб былі багатыя, а каб былі багацейшымі і людзі, якія працуюць на простай працы, — мяркуе пенсіянерка.

- А тыя людзі, якія ва ўладзе, яны могуць гэта зрабіць?

- Могуць зрабіць, калі сабе заробкі паменшаць, тады і зробяць. А як будуць сабе павялічваць, а эканоміць на нас, на простых, то нічога яны і не зробяць.

- Працуюць заводы адзін, два, тры дні на тыдзень, заробкі — ніякія. Людзей як толькі могуць, так і выкідваюць прама на вуліцу. А Лукашэнка кажа, што ўсё залежыць толькі ад нас. Ды нічога ад нас не залежыць, калі ты просты працоўны, — кажа яшчэ адна жыхарка абласнога цэнтра.

- Хоць афіцыйныя СМІ і каманда Лукашэнкі кажуць, што людзі прыйшлі падтрымаць яго, на самай справе людзі хацелі падтрымаць рэформы. Эканамічныя, палітычныя змены, якія павінны былі адбыцца пасля выбараў. Але нічога не адбылося. Улада не хоча мяняцца, ды яна і не будзе змяняцца. Лукашэнка ведае, што калі ён пачне рабіць эканамічныя рэформы, то прыйдзецца саступіць або пачаць дзяліцца ўладай. А ён на гэта не пойдзе, — падкрэслівае берасцеец.

- Сем разоў адмерай, адзін раз адрэж. Я не магу сказаць, што лепш стане ці горш стане, але рухацца трэба неяк паступова. Вось рухаліся мы паступова, і, здаецца, расла эканоміка, і ўсё. А пачнем ламаць, пачнем зноў рухацца не ў той бок, не ў той стэп. Трэба ўсё абдумаць, перш чым нешта рабіць, — мяркуе іншы жыхар горада.

- Трэба заўсёды нешта мяняць. Таму што калі нічога не змяняць, то і паляпшэння не будзе. Калі на заводзе нешта дрэнна робіцца, то трэба кіраўніка мяняць ці нешта паляпшаць. А наколькі сённяшнія кіраўнікі могуць праводзіць рэформы — я сумняваюся. Таму што там адны пенсіянеры сядзяць, ім абы сядзець ва ўладзе. Яшчэ з савецкіх часоў сядзяць. Так што я не думаю, што ў нас тут зараз нешта мяняцца будзе, — сумняваецца берасцейка.

Паводле: Хартыя 97