Жыхарам паказалі дулю
“Рэйдэрскі захоп”, — вось што, на думку жыхароў, адбываецца з іх домам па праспекце Незалежнасці, 109.
Суд Маскоўскага раёна Мінска не задаволіў іск жыхароў дома па праспекце Незалежнасці, 109 па адмене рашэння аб мансардным будаўніцтве. Аднак людзі не збіраюцца спыняцца і маюць намер змагацца далей.
Гарадскія ўлады паставілі ўльтыматум. Капітальны рамонт — толькі з умовай будаўніцтва яшчэ трох паверхаў. Прытым, што сам дом — трохпавярховы. Пабудаваны ў 1952 годзе, ён дагэтуль не зазнаў ніводнага капітальнага рамонту. Цяпер жа на стары будынак збіраюцца надбудаваць фактычна такі ж самы дом. Жыхары — у шоку.
“У мяне ў кватэры па столі пайшлі расколіны. І ў любы момант пры ўздрыгу ці пры правядзенні прац на даху не выключана, што ўсё можа абрынуцца”, — распавяла пенсіянерка Таццяна Смірнова.
Забудоўшчык ТАА “Тэра Інжынірынг” не збіраецца адсяляць людзей. Адзінае, на што ён гатовы пайсці, — пры зносе даху перасяліць толькі на 20 дзён і толькі жыхароў верхніх паверхаў. Пры ўзвядзенні надбудоваў людзям, сярод якіх шмат пенсіянераў, давялося б жыць у пекле.
“На будаўніцтве рабочыя ж ходзяць у касках, у рэспіратарах, шумапаглынаючых слухаўках! А нам што? Сядзець пры грукаце і пылу ў кватэрах і чакаць, калі штосьці рухне?” — абураецца Таццяна Смірнова.
І прыклады такіх абвалаў ужо ёсць. Пры правядзенні падобных прац, якія запланаваны на Незалежнасці, 109, адбыліся разбурэнні ў доме № 25 па вуліцы К. Маркса. Аднак там людзей адсялілі з кватэраў.
Да таго ж дом на праспекце зазнае вібрацыю метро, фундамент абсыпаецца. Міжпавярховыя перакрыцці будынка — драўляныя!
Забудоўшчык “Тэра Інжынірынг” запэўнівае, што ўзвядзенне новых паверхаў з мансардамі не нясе бяспекі. Фундамент узмацняць, паверхі ўмацуюць, для “пагашэння” вібрацыі метро ўсталююць адмысловыя палі.
“Рэйдэрскі захоп”, — вось што, на думку жыхароў, адбываецца з іх домам. Пры наяўнасці гатовых камунікацый інвестар атрымае ад продажу новых кватэр звышпрыбытак. А калі ў выніку надбудовы дом пацерпіць і яго прызнаюць аварыйным, вызваліцца дарагі кавалак зямлі ў цэнтры горада.
Рашэнне аб будаўніцтве прымала адміністрацыя Першамайскага раёна і Мінскі гарвыканкам. Суд Маскоўскага раёна разглядаў позву жыхароў тры месяцы. Людзі абураныя паводзінамі прадстаўнікоў улады на працэсе.
“Прадстаўніцы Першамайскай адміністрацыі абмяркоўваюць упакоўкі калготак, — распавяла Наталля Ермаловіч. — Прадстаўніца Мінгарвыканкама пад папкай “Дакументы аддзела юстыцыі Мінгарвыканкама” перыядычна лістае кніжку і фотаальбом аб Арнольдзе Шварцэнегере. А Царык Алена Іванаўна, прадстаўнік ЖРЭА Першамайскага раёна, калі мы выступалі ў спрэчках, у наш адрас трымала дулю”.
Жыхары збіраюцца падаць у гарадскі суд касацыйную скаргу на рашэнне раённага суда. “Мы маем намер ісці да Вярхоўнага суда. Калі спатрэбіцца — і далей”, — заявіла Наталля Ермаловіч.