Жыццё ў эміграцыі: пачынаеш з нуля, але спадзяешся на вяртанне

«Польскае радыё» пагутарыла з беларусам, якому ад пераследу давялося ўцякаць праз Расію і Украіну.

01_33_logo.jpg_logo_1.webp

Падчас пратэстаў ён адміністраваў тэлеграм-канал, дзе выкладваліся звесткі пра міліцыянтаў, якія ўдзельнічалі ў катаваннях. Быў асуджаны на «хімію», следам узбудзілі другую крымінальную справу, але праз Расію і Украіну ён дабраўся ў Польшчу. Настроены вярнуцца ў Беларусь, нават калі гэта адбудзецца радыкальным шляхам.

«Мяне абудзілі стрымы Ціханоўскага»

Іван Каспяровіч — звычайны, як ён сам кажа, аўтаэлектрык. Займаўся рамонтам пераважна аўтамабіляў, аўтобусаў, іншай тэхнікі. Да палітыкі ў Беларусі не прыслухоўваўся, ставіўся больш абыякава. Яго спакой парушылі стрымы Сяргея Ціханоўскага.

— А потым яго арыштавалі ў Гродне, і было зразумела, што гэта была «падстава». А калі ўжо пачалася выбарчая кампанія, яго Святлана Георгіеўна прыязджала да нас, і я быў валанцёрам на сустрэчы.

А далей пабачыў, як сфальсіфікавалі выбары і нахабна паказалі вынікі, якія з людзей ніхто не прызнаваў. Разам з усімі пайшоў у сваім горадзе да райвыканкама патрабаваць праўдзівых лічбаў, але дабіцца там нічога не ўдалося.

Там нам выключалі святло. Пазней даведаўся, што ўнутры будынка знаходзіліся ўзброеныя міліцыянты, і цалкам магчыма, што яны маглі б па нас страляць, калі б людзі пайшлі на штурм. Прыязджала і пажарная машына, каб адганяць нас вадой, але людзі не разыходзіліся.

«Дошка ганьбы» была запатрабаванай у міліцыянтаў…

А пазней, калі пратэсты ў горадзе працягваліся амаль штодзённа, людзей пачалі збіваць.

— Збівалі і хлопцаў і дзяўчат — усіх хто ім трапляўся. Прычым рабілі гэта ў Лідскім РАУСе, там, дзе машыны мыюць, каб лёгка было кроў змываць. Я потым многіх, каго збівалі, бачыў. У некаторых цела было проста сіняе…


Глядзіце таксама

Ён сам удзельнічаў у пратэстах, але акрамя гэтага стаў адміністратарам канала, дзе змяшчаліся звесткі пра міліцыянтаў, якія бралі ўдзел у пабоях і катаваннях.

— Старонка так і называлася: «Дошка ганьбы». Мне адзін міліцыянт расказваў, што іх раніца пачыналася з таго, што яны адкрывалі старонку ў інтэрнэце і глядзелі, ці ёсць іх імёны там ці няма.

Асудзілі на «хімію» і завялі яшчэ адну справу

Пратэсты з часам зменшыліся, але Іван працягваў збіраць інфармацыю пра праваахоўнікаў і змяшчаў яе на «Дошцы ганьбы». За ім пачалі паляваць. Мужчына кажа, што нават не ўяўляў тады, што і сярод «сваіх», якім давяраў, былі тыя, хто даносіў міліцыянтам.

— Мяне затрымалі — і адразу на допыт у ГУБОП. Правялі ператрус у кватэры і гаражы. Забралі ўсе тэлефоны, дасталі з камп'ютара дыск і ўсё такое, што пазнаходзілі, то пазабіралі.

Івана перавезлі ў абласны цэнтр, там зноў дапытвалі, схілялі да супрацоўніцтва, але нічога канкрэтнага ад яго не дабіліся. Адпусцілі пад заклад, але пераслед на гэтым не скончыўся: узбудзілі крымінальную справу і асудзілі да «хатняй хіміі». А потым выявілася, што завялі яшчэ адну крымінальную справу — нібыта за «збор і распаўсюджванне прыватнай інфармацыі аб супрацоўніках міліцыі».

Праз Расію ва Украіну і далей у Польшчу

Знаёмы вывез яго на сваёй машыне ў Расію. Са Смаленска дабраўся да Белгарада, а там яму дапамаглі патрапіць ва Украіну расійскія кантрабандысты. Але гэта, як згадвае суразмоўца, быў вельмі няпросты шлях: з уцёкамі ад расійскіх памежнікаў, якія па іх стралялі… Кантрабандысты іх выпусцілі з машыны ў лесе, гэтым самым адцягнуўшы ўвагу памежнікаў на сябе.


Глядзіце таксама

— Адрэналіну хапіла. Тады зіма была, мінус 20, холад, а мы па палях ідзём, не ведаючы куды. Убачылі нейкае святло, ідзём на яго. А потым нашы кантрабандысты патэлефанавалі і кажуць: «Туды не хадзіце, там памежная застава». Карацей, раніцай нас забралі і прывезлі ў горад, а потым праз некалькі гадзін усё ж перавезлі ва Украіну.

Як і многія, пачынаў з нуля

Нейкі час давялося пажыць і папрацаваць ва Украіне, але зрабіў польскую візу і дабраўся да польскай мяжы, дзе і папрасіў міжнароднай аховы. Напачатку знаходзіўся ў лагеры для ўцекачоў, а пазней знайшоў працу і пачаў здымаць кватэру. Згадвае, што не ўсё давалася проста.

— На прадпрыемстве, куды ўладкаваўся, стаўленне было не вельмі прыемнае. Паляк мог сядзець і нічога не рабіць, і яму ніхто ніякіх заўваг не рабіў. Ты, як толькі стаў і запаліў, то адразу прэтэнзіі, маўляў, не маеш працы. Дарэчы, калі прымалі на працу, абяцалі 20 злотых, а потым скінулі да 17 злотых за гадзіну. Ну, але трэба было з нечага пачынаць, трываў. Два месяцы адпрацаваў, трохі назбіраў грошай, знайшоў месца ў Беластоку і пераехаў. Уладкавацца дапамаглі нашы беларусы.

У Беластоку ўладкаваўся працаваць у фірму, дзе ўласнікам быў беларус — рамантавалі аўто. Але і тут  яму не пашанцавала. Гаспадар на такіх, як Іван, імкнуўся зэканоміць.

— Ён падмануў мяне з паперамі. Адзін раз дамову на працу заключыў і ўвесь час гаварыў, што ўсё законна, а потым высветлілася, што я працаваў нелегальна. І калі ў канцы года трэба было атрымліваць паперу аб заробку для падаткавай інспекцыі, то атрымалася, што я за год афіцыйна ў яго зарабіў толькі чатыры тысячы злотых.

Паціхеньку, паціхеньку…

Ізноў стрэс, ізноў давялося шукаць працу. Гэтым разам уладкаваўся ў польскую фірму, дзе з’яўляецца адзіным замежнікам. Рамантуе машыны, працай і стаўленнем з боку кіраўніцтва і калег задаволены.

— Усе нармальна ставяцца. Што датычыць заробкаў, як хочаш зарабіць — то заробіш. Можаш заставацца пасля працы дадаткова, а там ужо большыя грошы плацяць. Вось так паціхеньку. Купіў машыну недарагую і езджу сабе на працу.

Іван, разважаючы пра жыццё, кажа, што ў сваім амаль перадпенсійным веку пачаў жыць амаль з нуля. Але лічыць, што ўжо нешта мае, і ёсць планы, як будаваць жыццё далей.

— Ужо маю дамову на працу, хачу ўзяць крэдыт, каб была нейкая крэдытная гісторыя, і буду думаць, каб купіць аднапакаёвую кватэру. Бо навошта плаціць чужому чалавеку, калі тыя самыя грошы можна заплаціць за крэдыт — і кватэра будзе твая.


Глядзіце таксама

Што датычыць відавочных праблем, якія ёсць у Івана, то ён прызнаецца, што хацелася б лепш ведаць польскую мову, бо тады адкрываюцца большыя магчымасці ў жыцці. Але, паводле яго слоў, хадзіць некуды на курсы не стае часу і сіл.

Любы палітычны эмігрант сумуе па радзіме

Праўда, ён заўважае, што ў Польшчы рабочаму чалавеку, калі ён мае сталую працу, жывецца лягчэй, чым у Беларусі. Маўляў, каб мець такі заробак, як цяпер, у Беларусі яму даводзілася працаваць на некалькіх працах і спаць у суткі па шэсць гадзін. Але, у той самы час, мужчына настроены вяртацца на радзіму.

— Я ўсё ж чакаю, што адбудуцца нейкія змены. Нават, калі яны будуць нейкія радыкальныя, то я ўсё роўна паеду туды, каб вызваляць радзіму. Таму я моцна не прывязваюся да Польшчы.

— Значыцца, сумуеце па Беларусі?

— Любы беларус, які трапіў у эміграцыю з-за палітычнага пераследу, а не прыехаў сюды за доўгім рублём, сумуе па радзіме. А тыя, хто проста грошы зарабляюць, то яны на выходныя ездзяць у Беларусь, ім усё роўна. Ім няма па чым сумаваць, ім пры любой уладзе будзе добра.

Пацікавіўся ў спадара Івана: што для яго азначае эміграцыя. Трошкі задумаўшыся, ён адказаў, што гэта азначае, што ён надалей жыве.

— Я ведаю, што міліцыянты мне не прабачылі б тое, што я выкладваў у інтэрнэт звесткі пра іх. А эміграцыя дала мне жыццё і магчымасць далей змагацца з гэтымі пачварамі. Так, эміграцыя — гэта цяжка, тут няма ніякага мёду, але ніхто і не абяцаў, што тут будзе нейкі мёд…