Журналістку TUT.BY Кацярыну Барысевіч перавялі ў СІЗА на Валадарскага

Восьмыя суткі Кацярына Барысевіч знаходзіцца ў следчым ізалятары. Амаль тыдзень была ў СІЗА КДБ, цяпер яна ў спісах СІЗА № 1 на Валадарскага.

Кацярына Барысевіч фота: сацсеткі

Кацярына Барысевіч фота: сацсеткі


Кацярына паведамляе ў лістах, што стараецца трымацца. Яна атрымала ад родных першую перадачу з адзеннем і прадуктамі. Вядома, што многія ёй пішуць, але на жаль, пакуль лісты ёй амаль не даходзяць.
Увечары 19 лістапада Кацярына Барысевіч была затрыманая супрацоўнікамі ў цывільным і масках, якія пасля ператрусу ў кватэры павезлі яе ў невядомым кірунку. Крыху пазней Кацярына паведаміла дачцэ і калегам, што яна ў СІЗА КДБ, 20 лістапада адбудзецца першы допыт.
Генпракуратура ўзбудзіла крымінальную справу па факце выдавання медычнай таямніцы, што пацягнула цяжкія наступствы. Другі фігурант — -урач-анестэзіёлаг Арцём Сарокін. З адвакатаў журналіста ўзялі падпіску пра неразгалошванне, таму падрабязнасцяў крымінальнай справы мы не ведаем.
Аднак з сюжэту на СТВ стала зразумела, што папярэдняе расследаванне вядуць супрацоўнікі Генеральнай пракуратуры. Па законе Генеральная пракуратура мае права як накіраваць справу для расследавання ў следчыя органы (Следчы камітэт або Камітэт дзяржаўнай бяспекі), так і самастойна праводзіць папярэдняе следства «ў мэтах забеспячэння ўсебаковага, поўнага і аб'ектыўнага даследавання абставінаў крымінальнай справы» (арт.34 КПК), апошняе бывае вельмі рэдка.
Амаль тыдзень Кацярына знаходзілася ў следчым ізалятары КДБ, аднак нядаўна яна з'явілася ў спісах СІЗА № 1 на вуліцы Валадарскага. Тут бытавыя ўмовы горш.
На днях родныя і калегі журналіста атрымалі першыя лісты ад яе, самой Кацярыне перадалі пакуль толькі адзін ліст. З чым гэта звязана, пакуль невядома, дзясяткі людзей ужо адправілі лісты журналісту. Па законе, лісты і тэлеграмы ўручаюцца супрацоўнікамі следчага ізалятара не пазней чым у трохдзённы тэрмін з дня паступлення ліста, за выключэннем святочных і выхадных дзён.
Адрас для лістоў для Кацярыны Барысевіч: СІЗА № 1 г. Мінска, 220050, вул. Валадарскага, 2 (Барысевіч Кацярыне Анатольеўне).
29 лістапада заканчваецца 10 сутак з моманту затрымання Кацярыны. Да гэтага тэрміну ёй павінна быць прад'яўленае абвінавачванне (у прысутнасці абаронцы) і прынята рашэнне аб меры стрымання.
Разгалашэнне медычнай таямніцы, якое пацягнула цяжкія наступствы, караецца пазбаўленнем волі на тэрмін да трох гадоў са штрафам і пазбаўленнем права займаць пэўныя пасады або займацца пэўнай дзейнасцю або без пазбаўлення. Наогул па факце выдавання медычнай таямніцы справа ўзбуджаецца па заяве пацярпелага,паколькі гэта з'яўляецца справай прыватнага абвінавачвання (ч. 1 арт. 178 КК). Але калі гаворка пра надыход цяжкіх наступстваў (ч. 3 арт. 178 КК), а менавіта такой фармулёўкай аперуе Генпракуратура, то ў гэтым выпадку гэта ўжо справа публічнага абвінавачвання, і праваахоўныя органы, у тым ліку пракуратура, могуць распачаць справу і без заявы пацярпелага, як і адбылося ў дадзеным выпадку.
Што ж такое «цяжкія наступствы» адносна арт. 178? У каментары да Крымінальнага кодэксу адзначаецца, што " пад цяжкімі наступствамі разумеюцца, напрыклад, такія наступствы, якія прывялі да звальнення асобы з займанай пасады, да разводу, самагубства, захворвання псіхічнай хваробай і т.п.». Як мы бачым, пералічаныя наступствы маюць непасрэднае дачыненне да асобы, аб дыягназе якой даведалася грамадскасць. Што ж пра «цяжкія наступствы» паведамляе Генеральная пракуратура? "Дзеі названых асоб (лекара і супрацоўніка TUT.BY. — заўв.) пацягнулі за сабой цяжкія наступствы, якія выявіліся ў павышэнні напружанасці ў грамадстве, стварэнні атмасферы недаверу да кампетэнтных дзяржаўных органаў, падахвочванні грамадзян да агрэсіі і супрацьпраўных дзеянняў".
Кацярына больш за 10 гадоў працуе журналістам, адзначана прафесійнымі ўзнагародамі, спецыялізуецца на асвятленні прававых тэм, яна пісала пра шматлікія рэзанансныя крымінальныя справы.
Беларуская асацыяцыя журналістаў патрабуе неадкладна вызваліць Кацярыну Барысевіч. Звяртаючыся ў першую чаргу да Генеральнай пракуратуры, БАЖ заклікае засяродзіцца на пошуку вінаватых у смерці Рамана Бандарэнкі (справа расследуе Генпракуратура), а не пераследваць журналіста, якая падрыхтавала матэрыял, і лекара, які даў каментар па сацыяльна важнай тэме, не парушыўшы правы сваякоў загінулага.
Нагадаем, сваякі рамана прэтэнзій СМІ і медперсаналу не выказвалі, маці дала згоду на распаўсюд інфармацыі аб стане сына.
Міжнародная праваабарончая арганізацыя Amnesty International прызнала журналістку TUT.BY Кацярыну Барысевіч і лекара-анестэзіёлага бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі Арцёма Сарокіна вязнямі сумлення. Беларускія праваабарончыя арганізацыі прызналі Барысевіч палітвязнем.

Паводле news.tut.by