Журналістка Аляксандра Квіткевіч у размове з ВВС: «У нас тут невялікі прававы дэфолт»
Пра беларускія пратэсты выйшаў вялікі артыкул на ВВС «Проста надзелі белыя сукенкі і ўзялі кветкі. Чаму галоўнай сілай беларускіх пратэстаў сталі жанчыны». Сярод гісторый розных смелых і прыгожых беларускіх жанчын — і расповед затрыманай падчас працы на мітынгу журналісткі «Новага часу» і TUT.by Аляксандры Квіткевіч.
Асновай беларускіх пратэстаў 2020 года сталі жанчыны. Так атрымалася яшчэ і таму, што прэзідэнт краіны Аляксандр Лукашэнка далёкі ад ідэй фемінізму і шмат разоў казаў, што жанчына проста не зможа ўзначаліць краіну. Па выніках года можна сказаць, што правы пратэстоўцаў мужчын і жанчын зраўняліся ў адным: іх аднолькава моцна збіваюць і часта затрымліваюць, — піша ВВС.
Трэнд быў зададзены з самага пачатку. Адзінай кандыдаткай у прэзідэнты ад апазіцыі, хутчэй выпадкова, стала Святлана Ціханоўская, якая спачатку проста хацела замяніць у гэтай ролі свайго арыштаванага мужа.
Іх трыумвірат з Марыяй Калеснікавай (арыштаваная) і Веранікай Цапкала (збегла з краіны) стаў сімвалам запыту на абнаўленне ўлады пасля 26 гадоў кіравання Лукашэнкі.
Жанчыны ў белых сукенках і з кветкамі сталі выходзіць на асобныя акцыі — дэманстравалі іх мірны характар. Жанчыны станавіліся наўкол мужчын, спрабуючы выратаваць іх ад затрымання.
Журналістак, якія працавалі на мітынгах і пісалі пра іх, пераследавалі як і ўсіх: супраць іх распачыналі адміністрацыйныя і крымінальныя справы.
З 157 чалавек, прызнаных у Беларусі палітвязнямі, 23 жанчыны.
Журналістка з газеты "Новы час" і партала TUT.by Аляксандра Квіткевіч удзельніцай пратэстаў не была — яна на іх працавала. На адной з акцый, "Маршы пенсіянераў", ішла наперадзе калоны, здымала яе і дыктавала ў рэдакцыю тое, што бачыла вакол сябе.
Акцыя скончылася, удзельнікі разышліся, раз'ехаліся сілавікі — і Квіткевіч пайшла дадому.
Зусім нечакана яе схапілі і пасадзілі ў мікрааўтобус. Яна паказвала пасведчанне, казала, што працавала. Нічога з гэтага ёй не дапамагло. На яе склалі пратакол за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі.
"Цяпер усе гэтыя нашы дакументы і прэс-карты не маюць ніякай вагі, — кажа яна карэспандэнту ВВС. — Гэта супрацьзаконна, але, калі вы паспелі заўважыць, у нас тут невялікі прававы дэфолт і законы трошачкі не выконваюцца".
У судзе доказам невінаватасці Аляксандры Квіткевіч быў відэазапіс, дзе бачна, што яна проста робіць сваю працу і нават не ўступае ў дыялогі з пратэстоўцамі. Супраць яе выступіў "засакрэчаны сведка" — міліцыянт пад выдуманым імем і ў балаклаве. Ён сказаў, што журналістка спявала песні і крычала лозунгі, аднак месца яе затрымання паказаў няправільна. Нягледзячы на ўсё гэта, Аляксандра Квіткевіч атрымала 15 сутак арышту.
Першыя пяць дзён журналістка правяла ў ізалятары часовага ўтрымання. Там было не так ужо страшна, распавядае яна, — калі параўноўваць з тым, дзе ёй давялося знаходзіцца астатнія дзесяць сутак.
У Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў яна трапіла ў камеру да Вольгі Хіжынковай. Яна — Міс Беларусь 2008 года і мадэль. Яе затрымалі 8 лістапада ў Мінску і спачатку далі 12 сутак, потым 15 і яшчэ 15 сутак.
"Мы з Вольгай былі знаёмыя па працы і раней, а там пасябравалі, — распавядае журналістка. — Стала значна лягчэй. Ва ўсім дапамагалі адзін аднаму, і гэта вельмі дапамагала. Я заўсёды кажу: усё не так дрэнна, усё магло б быць значна горш".
У камеры Квіткевіч дастаўся ложак, на якім да яе ляжала бяздомная жанчына. Матрац, па словах Аляксандры, быў заражаны вошамі. Ноч яна правяла на лаўцы, накрыўшыся сваім пухавіком.
"Вольга Хіжынкова распавядала, што да майго з'яўлення ў камеры ў адной жанчыны, якая сядзела за распіццё спіртнога, здарыўся нейкі прыступ. Магчыма, — мяркуе Квіткевіч, — белая гарачка. Ёй здавалася, што яна не ў камеры, а едзе ў купэ — у цягніку. Яна і днём і ноччу патрабавала "спыніць цягнік" на яе станцыі, адзін раз звалілася і стукнулася галавой. Дапамогу ёй таксама не аказвалі".
У наступнай камеры, куды жанчын перавялі праз суткі, унітаз працякаў так моцна, што яны папрасілі перакрыць ваду і змывалі вадой, якую набіралі з крана ў вядро для смецця. Скразняк быў моцным, жанчыны з камеры казалі, што холадна, але наглядчыкі адказвалі, што трэба было сядзець дома і што яшчэ пару гадоў таму вокнаў наогул не было — і зімой ветрам у камеру заносіла снег.
І Квіткевіч, і Хіжынкова цяпер на волі. Журналістка ўжо сустракалася з тымі дзяўчатамі, хто, як і яна, сядзелі па адміністрацыйным артыкуле за мітынгі — "не чужыя людзі". Перапісваецца з іншымі журналісткамі, якіх прыцягнулі ўжо па крымінальных справах. Напрыклад, яе калега па TUT.by Кацярына Барысевіч падазраецца ў разгалашэнні медыцынскай таямніцы — яна пісала пра стан забітага ў Мінску рамана Бандарэнкі.
Паводле ВВС. Пераклад НЧ