Знішчылі крыжы, шыльды ў мемарыяле ахвяраў сталінскіх расстрэлаў

Скрушную карціну заспелі наведвальнікі мемарыяла, узведзенага ў памяць ахвяраў «сталінскіх» расстрэлаў каля вёскі Хайсы Віцебскага раёна. 

hajsy1.jpg

Невядомыя выламалі драўляныя крыжы, на якіх былі шыльды з прозвішчамі расстраляных, знішчылі ўказальнікі, па якіх можна было дайсці да ямін, дзе ў 2014 годзе былі знойдзеныя і выкінутыя на паверхню чалавечыя парэшткі.

Відавочна, што жалезныя апоры былі зрэзаныя, жалезная шыльда з надпісам «Мемарыял «Хайсы» знятая з балтоў, а рамка пагнутая. На думку Яна Дзяржаўцава, стваральніка ініцыятывы «Хайсы — віцебскія Курапаты», гэта сведчыць пра арганізаваную дзейнасць уладаў дзеля знішчэння памяці пра гэтае месца масавых расстрэлаў, — паведамляюць віцебскія праваабаронцы.
Паводле спадара Дзяржаўцава, наўрад ці вандалізм у дачыненні да мемарыяла можна аднесці на рахунак нейкіх хуліганаў, якія выпадкова апынуліся ў гэтых мясцінах:
«Хуліганы маглі зламаць адзін-два драўляныя крыжы, але ж знішчаныя практычна ўсе. Каб зрэзаць указальнікі, адназначна патрэбная тэхніка.
Ламаць шыльды на крыжах на вышыні 3-4 метраў таксама не стане выпадковы мінак. Я мяркую, усё гэта было зроблена знарок, і вінаватыя тут не простыя людзі. Жыхары найбліжэйшых вёсак выдатна ведаюць пра тутэйшыя падзеі ў 1937-1938 гады, яны самі дзяліліся ўспамінамі, пачутымі ад старэйшага пакалення, і выказвалі адназначнае меркаванне, што ў памяць пра бязвінна забітых патрэбны мемарыял…
Але гэтую думку катэгарычна не падзяляюць у Мазалаўскім сельсавеце. Ад самага пачатку там выказвалі незадавальненне нашай дзейнасцю па ўшанаванні памяці ахвяраў сталінізму. Не выключаю, што па загадзе мясцовых уладаў і былі знішчаныя крыжы, шыльды і ўказальнікі».
Пытанне, што цяпер рабіць, вельмі складанае для Яна Дзяржаўцава. Усталёўваць новыя крыжы ў цяперашніх умовах наўрад ці мае сэнс, бо найбольш верагодна, што самаробны мемарыял будуць знішчаць і надалей.
Застаецца спадзявацца на надыход лепшых часоў і на тое, што ініцыятыва «Хайсы — віцебскія Курапаты» паспела зрабіць дастаткова шмат для таго, каб памяць пра гэтае «расстрэльнае месца» ўжо не знікла.
У прыватнасці, Яну Дзяржаўцаву з аднадумцамі ўдалося сабраць сведчанні каля 40 мясцовых жыхароў пра расстрэлы каля Хайсоў, і яны ўвайшлі ў зборнік успамінаў, выдадзены пазалетась у Віцебску.
Пра тое, што ў лесе каля вёсак Хайсы і Дрыколле мясцовыя жыхары знаходзяць выкінутыя з зямлі чалавечыя парэшткі, стала вядома яшчэ на пачатку 2000-х. Пра жахлівыя знаходкі распавёў жыхар вёскі Лужасна Іван Кудзінаў. У лістападзе 2014 года віцебскія журналісты і актывісты на свае вочы ўбачылі ў лесе чалавечыя косткі і чарапы. 14 лістапада 2014 года тут першы раз ушанавалі памяць ахвяраў: у трох месцах, дзе былі самыя вялікія яміны з парэшткамі, усталявалі крыжы.
Да 2022 года самаробны мемарыял складаўся з больш як трох дзясяткаў драўляных крыжоў, тры жалезныя крыжы з інфармацыйнай шыльдай былі ўсталяваныя каля дарогі з боку вёскі Хайсы, яшчэ адзін жалезны крыж актывісты паставілі на ўскрайку лесу, каля сцежкі, што вядзе да ямін з парэшткамі ад чыгункі Віцебск — Гарадок.
Ямы з парэшткамі двойчы даследавалі адмыслоўцы 52-га пошукавага батальёна, які займаецца невядомымі пахаваннямі ўдзельнікаў Другой сусветнай вайны — іншай структуры для працы з чалавечымі парэшткамі ў Беларусі няма. Актывістаў да месца раскопак не дапусцілі і з высновамі вайсковых археолагаў пазнаёмілі толькі часткова — выключна з фрагментам, дзе сцвярджалася, што былі знойдзеныя артэфакты часоў мінулай вайны.
Чалавечыя парэшткі былі выкапаныя і перапахаваныя на брацкіх вайсковых могілках каля станцыі Лужасна і ў агульнай магіле на ўскрайку грамадзянскіх могілак у пасёлку Мазалава.