Жаночае аблічча беларускай улады
На прэзідэнцкіх выбарах у 2010 годзе родная дзяржава даручыла падлічваць галасы выбарцаў 48 307 жанчынам і 22 508 мужчынам. Феміністкі адпачываюць.
На прэзідэнцкіх выбарах у 2010 годзе родная дзяржава даручыла падлічваць галасы выбарцаў 48 307 жанчынам і 22 508 мужчынам. Феміністкі адпачываюць.
У свой час бацька-заснавальнік сучаснай эканамічнай навукі Адам Сміт казаў: «За выключэннем лічбаў, няма нічога больш падманлівага, чым факты». Чаму факты валодаюць такой
нечаканай здольнасцю? Па той жа прычыне, па якой за дрэвамі не бачна лесу. Звернемся, напрыклад, да факту, максімальна набліжанага да побытавага ўзроўню: выйшаў увечары чалавек у двор папаліць. А тут
да яго падыходзяць двое, прад’яўляюць пасведчанні і просяць прайсці ў аддзяленне міліцыі.
Далейшы ход падзей беларусу ўявіць нескладана, бо набор варыянтаў абмежаваны. Няўдачлівага курца паінфармуюць, што ў перапынках паміж зацяжкамі ён нецэнзурна лаяўся, а калі да яго падышлі працаўнікі
праваахоўных органаў, пачаў іх абражаць. Набор варыянтаў, як я ўжо адзначыў, абмежаваны. Замест абвінавачвання ў нецэнзурнай лаянцы можа быць прад’яўлена абвінавачванне ў здзяйсненні малой
патрэбы. Выпадкі абвінавачвання ў здзяйсненні вялікай патрэбы асабіста мне не вядомыя.
Далей — КПЗ (курэц, нагадаю, быў затрыманы ўвечары), а ўжо на наступны дзень самы гуманны суд у свеце вынесе прысуд у выглядзе адміністрацыйнага арышту. Чытачам, якія цікавяцца дэталямі,
рэкамендую звярнуцца да дырэктара Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў, прафесара Еўрапейскага ўніверсітэта ў Санкт-Пецярбургу Аляксея Пікуліка. Думаю, яго ўражанні ад зносін з
прафесійнымі ахоўнікамі права яшчэ не страцілі непасрэднасці і экспрэсіі, якія фармуюцца пад уплывам значных падзей, што адбыліся ў жыцці ўпершыню. Дый часу з дня арышту прайшло няшмат: свой вердыкт
суд Цэнтральнага раёна Мінска вынес 1 чэрвеня. Але якога кшталту лес хавае ад нас гэты факт?
Мыліцы для неэфектыўнасці
1 чэрвеня мінула 40 гадоў з дня трагедыі ў Новачаркаску. Падзеі развіваліся імкліва. У першы дзень лета пачаўся страйк на электравозабудаўнічым заводзе, справакаваны спалучэннем дзвюх прычын:
падвышэннем коштаў на мясныя і малочныя прадукты ў сярэднім на 30% і павелічэннем амаль на траціну нормаў вырабаткі. Ужо на наступны дзень працоўныя, якія сабраліся ў цэнтры горада перад будынкам
гаркама партыі, былі расстраляныя з кулямётаў.
Каб знайсці агульнае паміж сучаснасцю і фактамі, што паспелі стаць гісторыяй, нам спатрэбіцца цытата з Вікіпедыі: «Інфармацыя пра новачаркаскія падзеі ў СССР была засакрэчана па рашэнні
Прэзідыума ЦК КПСС. Першыя публікацыі з’явіліся ў адкрытым друку толькі ў канцы 1980-х гадоў — у перабудову. Падчас даследавання дакументаў і сведчанняў відавочцаў было ўстаноўлена,
што частка дакументаў знікла, ніякіх пісьмовых распараджэнняў не знойдзена, а гісторыі хвароб шматлікіх пацярпелых зніклі».
Сярэднявечным кіраўнікам на месцы камуністычных босаў і ў галаву б не прыйшло засакрэчваць падзеі такога кшталту. Расправы з незадаволенымі ладзіліся публічна, а іх адсечаныя галовы выстаўлялі на
ўсеагульны агляд. Галовы сякуць і сёння, але выстаўляць іх напаказ у большасці краін не прынята. Свет гуляе ў дэмакратыю і гуманізм. Хтосьці гуляе сур’ёзна. Хтосьці толькі імітуе гульню.
Адкрыта парушаць правілы адважваюцца толькі краіны, багатыя нафтай.
Бацькі-заснавальнікі СССР шчыра спадзяваліся, што камунізм пераможа ва ўсім свеце, таму што за ім Праўда. Але вельмі хутка высветлілася, што несці яе ў масы можна толькі пры дапамозе вялікай Хлусні.
Расстрэлу ў Новачаркаску папярэднічала чарговае падвышэнне коштаў. Зразумела, па «просьбах працоўных». Эфектыўнасць не мае неабходнасці ў тлумачэнні — яна самадастатковая.
Неэфектыўнасць жа без сілавых і прапагандысцкіх мыліц не можа існаваць.
Час уносіць свае карэктывы. Тлумачыць рост коштаў просьбамі працоўных улада ўжо не адважваецца. Яна яго тлумачыць жаданнем насельніцтва «скупить уксус, спички, спирт и прочее». Для
тых жа, хто публічна ставіць пад сумнеў такі ўзровень афіцыйнай аналітыкі, і існуюць у краіне работнікі, якія прафесійна ахоўваюць права (права ўлады аднаасобна вырашаць, што лічыць Праўдай, а што
Хлуснёй).
Быццам ластаўкі на дроце
Але спусцімся з макраўзроўню на ўзровень канкрэтнага чалавека і зададзім класічнае пытанне: «А суддзі хто?» Перада мной апошні дадатак да спісу беларускіх чыноўнікаў, якім
забаронены ўезд у Еўрасаюз. Сярод дваццаці суддзяў пятнаццаць — жанчыны (75%)! Цікавая статыстыка, калі ўлічыць, што сярод беларускіх суддзяў жанчыны складаюць 56%.
Паводле артыкула 6 Канстытуцыі, «дзяржаўная ўлада ў Рэспубліцы Беларусь ажыццяўляецца на аснове падзелу яе на заканадаўчую, выканаўчую і судовую». У выканаўчай уладзе ў нас
дамінуюць мужчыны. У парламент, пасля таго, як «адзіны палітык» рэкамендаваў падняць працэнт жанчын да 30%, прыкладна такая колькасць прадстаўніц слабага полу і абіраецца.
Інстытут улады не з’яўляецца вынаходкай homo sapiens. Мы атрымалі яго ў спадчыну ад нашых найбліжэйшых біялагічных сваякоў. Самы важны занятак самцоў у зграях малпаў — барацьба за
ўладу. Хто дасягнуў у ёй поспеху — той і апладняе самак. Але заваёва ўлады — гэта палова справы. Неабходна ўмець яе утрымаць. Прывяду каларытную цытату з кнігі «Эталагічныя
экскурсіі па забароненых садах гуманітарыяў» Віктара Дольніка: «Павіян, які дасягнуў вяршыні ўлады, не спрашчае сабе жыццё. Яму ўвесь час здаецца, што ў зграі няма належнага
парадку. Ён сядзіць на ўзвышэнні і грозна хмурыць бровы то на адну малпу, то на другую. Час ад часу даводзіцца пагражаць кулаком, стукаць сябе ў грудзі, паказваць зубы, паляпваць сябе па геніталіях,
клікаць то аднаго, то другога самца і прымушаць прыняць адну з пастаў падпарадкавання: апусціць галаву, пасці ніцма, устаць у зневажальную для самца позу самкі пры спарванні».
Чаму ж тады на судовай галіне ўлады, быццам ластаўкі на дроце, так шчыльна ўладкаваліся жанчыны? Для адказу на гэта пытанне і для далейшага блукання па закутках азбукавых думак нам прыдасца слова
«канфармізм» (ад лац. “conformis — “падобны) — прыстасаванства, пасіўнае прыняцце існага парадку, пануючых меркаванняў і
інш.
У дыяпазоне ад 15 да 450 вольт
Немагчыма ўявіць сабе падручнік па сацыяльнай псіхалогіі, у якім не згадваліся б эксперыменты Стэнлі Мілграма па вывучэнні канфармізму. Прывяду адну з высноў, якая ў свой час агаломшыла амерыканскае
грамадства: «Калі б у Злучаных Штатах была створана сістэма лагераў смерці на ўзор нацысцкай Германіі, адпаведны персанал для гэтых лагераў можна было б набраць у любым амерыканскім горадзе
сярэдняй велічыні».
Коратка распавяду сутнасць эксперыменту, які стаў, нам думку сацыёлага Лі Роса, «часткай інтэлектуальнай спадчыны чалавецтва». Эксперыментатар тлумачыць падыспытнаму, што ён бярэ
ўдзел у наватарскім даследаванні эфекту пакарання пры навучанні. Для эксперыменту патрэбна, каб адзін удзельнік эксперыменту навучыў іншага парным словам і караў за памылкі, наносячы ўдары
электрычным токам, інтэнсіўнасць якога ўсё нарастае. У якасці «настаўнікаў» набіралі добраахвотнікаў, якія прыйшлі па аб’яве. «Вучня» (супрацоўніка
Мілграма) саджалі ў фатэль і да яго запясцяў прымацоўвалі электроды. Усё гэта рабілася на вачах «настаўніка». Пасля чаго «настаўнік» уладкоўваўся ў суседнім пакоі
за пультам генератара з пераключальнікам у дыяпазоне ад 15 да 450 вольт.
Эксперыментатар загадваў «настаўніку» пераключаць генератар на адну прыступку вышэй кожны раз, калі «вучань» даваў няслушны адказ. У дыяпазоне ад 75 да 105 вольт
«вучань» пачынаў енчыць (зразумела, гэта быў розыгрыш), пры 120 вольтах — крычаць, што яму балюча, 150 вольтах — маліць спыніць эксперымент, пры 270 вольтах яго
пратэсты пераходзілі ў аганізуючы крык. Пры 300–315 вольтах «вучань» крычаў, што адмаўляецца адказваць. Пасля 330 вольтаў змаўкаў. На прапанову
«настаўніка» перапыніць працэдуру эксперыментатар заяўляў, што адсутнасць адказу павінна расцэньвацца як няслушны адказ.
Як далёка заходзілі «настаўнікі»? 63 працэнта — да мяжы ў 450 вольт! Зразумела, што я выказаў самую агульную схему эксперыменту. Д’яблу ўласціва хавацца ў дэталях.
Змяняючы дэталі (блізкасць/аддаленасць эксперыментатара, яго аўтарытэтнасць — у якасці эксперыментатара мог выступаць прафесар ці лабарант і г.д.) Мілграм атрымліваў дыяпазон падатлівасці ў
межах ад 0 да 93%.
68,2% VS 31,8%
Здольнасць падпарадкоўвацца аўтарытэту — адна з базавых характарыстык чалавека. У «настаўнікі» Мілграм адбіраў мужчын, але няма падстаў сцвярджаць, што жанчыны ў меншай
ступені схільныя да падпарадкавання. Што б мы ні казалі, але ў нашай культуры адказнасць за сям’ю і дзяцей ляжыць на жанчыне ў большай ступені, чым на мужчыне. Груз адказнасці і прымушае
«слабы пол» пасіўна адаптавацца да неспрыяльных умоў.
Нездарма ўчастковыя выбарчыя камісіі фармуюцца ў Беларусі пераважна з жанчын. На прэзідэнцкіх выбарах у 2010 годзе родная дзяржава даручыла падлічваць галасы выбарцаў 48 307 жанчынам і 22 508
мужчынам (68,2% VS 31,8%). Перавага больш чым удвая! Феміністкі адпачываюць.
Няма нічога дзіўнага ў тым, што мужчыны аддаюць перавагу заняткам, якія ўзмацняюць дысананс (пракурор, спецыяліст у галіне рэкламы). Жанчыны, наадварот, імкнуцца да заняткаў, якія дысананс змяншаюць
(адвакат, сацыяльны работнік). Пра сваю нелюбоў да тых, хто «устраивает скандалы и разборки» (дысанансы) нядаўна выказалася нязменны старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына: «У меня
не поднимется рука приказать хоть кому-то включать в состав комиссии человека, который пил кровь избирательной комиссии на предыдущих выборах».
Парламент, як вядома, — не месца для дыскусій. Навошта разводзіць абмеркаванні і ў выбарчых камісіях, тым больш эмацыйныя? Улада імкнецца самаўзнаўляцца ў спакойна-інтымнай атмасферы. А для
гэтага падбіраюцца «нормальные, хорошие, достойные люди, которые себя хорошо зарекомендовали». Сярод homo sapiens з такімі характарыстыкамі пераважаюць жанчыны.