Здзейснены акт вандалізму ў «віцебскіх Курапатах»

Невядомыя зламалі два мемарыяльныя крыжы і пашкодзілі шыльды з надпісам «Месца сталінскіх расстрэлаў», паведамляе «Беларускае Радыё Рацыя».

Адзін з двух пашкоджаных крыжоў / «Беларускае Радыё Рацыя»

Адзін з двух пашкоджаных крыжоў / «Беларускае Радыё Рацыя»


Актывісты ўбачылі факты вандалізму, калі прыехалі рабіць прыборку вакол мемарыяла, кажа стваральнік ініцыятывы «Хайсы – віцебскія Курапаты» Ян Дзяржаўцаў:
– Мы прыехалі, каб заняцца добраўпарадкаваннем: там трэба было пакасіць траву, сабраць галлё. Бачым — няма крыжоў. Стаялі два крыжы, каталіцкі і праваслаўны, паабапал дарогі ў лес. Гэта была старая дарога. Ад гэтых крыжоў прыкладна ў ста метрах расстрэльвалі людзей.
Крыжы былі знойдзены глыбока ў лесе, нехта зламаў іх і кінуў у гушчар. Актывістам удалося іх умацаваць на ранейшае месца, але ў будучыні яны вымагаюць замены. Аднавіць давядзецца і зламаныя шыльды са словамі «Месца сталінскіх расстрэлаў». Удзельнікі ініцыятывы «Хайсы – віцебскія Курапаты» плануюць звярнуцца ў міліцыю, каб вандалаў знайшлі і пакаралі. Хаця яны не маюць на гэта асаблівай надзеі. Калі падобная гісторыя здарылася ў 2014-м годзе, міліцыянты дапамаглі знайсці зламаныя крыжы, якія нехта кінуў у балота. Але вінаватых шукаць ніхто не стаў: справу спынілі, прызнаўшы занадта нязначнай суму матэрыяльнай шкоды.