Затрыманым супрацоўнікам «Нашай Нівы» выставілі абвінавачанне
Сёння скончыліся 10 сутак ад моманту паўторнага затрымання нашых калег па крымінальнай справе, калі следства павінна было выставіць абвінавачанне, піша «Наша Ніва».
Ягора Марціновіча і Андрэя Скурко не вызвалілі, яны застаюцца ў СІЗА на Валадарскага. Вынікае, што ім выставілі абвінавачанне па ч.2 арт. 216 КК («Нанясенне маёмаснай шкоды без прыкмет раскрадання групай асоб»).
Сэнс прэтэнзій у тым, што аплата за камунальныя паслугі памяшкання была па тарыфах для фізасоб, а трэба было плаціць па тарыфах для юрасоб. Следчыя налічылі, што прадпрыемству «Мінэнерга» была нанесеная шкода — 3,5 тысячы рублёў. Само прадпрыемства з прэтэнзіямі ніколі не звярталася.
«Нашаніўцы» прызнаныя палітвязнямі. Ягор Марціновіч пры затрыманні збіты, у СК яму вылікалі хуткую дапамогу. Андрэй Скурко хворы на дыябет, у СІЗА ён адразу патрапіў у медчастку — выявіліся праблемы з лёгкімі.
Падтрымайце «нашаніцаў» лістом! 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2. СІЗА-1