Затрыманы ў Польшчы дыверсант — мінскі баец ММА і ўльтраправы зяць лукашэнкаўскага дыпламата

Адным з затрыманых у Польшчы па падазрэнні ў арганізацыі падпалаў грамадзян Беларусі можа быць мінчук Сцяпан Касцючэнка, піша «Позірк», спасылаючыся на матэрыялы, перададзеныя яму аб'яднаннем былых сілавікоў BelPol.

Калаж "Еўрарадыё"

Калаж "Еўрарадыё"

28 мая стала вядома, што Агенцтва ўнутранай бяспекі Польшчы (АВБ) затрымала ў Варшаве некалькі чалавек па падазрэнні ў здзяйсненні падпалаў на тэрыторыі краіны. У іх ліку апынуўся ўладальнік аўтамабіля Renault з беларускімі дзяржаўнымі нумарамі 8678 PE-7.

Паводле інфармацыі BelPol, уладальнікам аўто з'яўляецца жыхар Мінска 1987 года нараджэння Сцяпан Касцючэнка. Чалавека з такім жа імем, прозвішчам і падобнай фатаграфіяй удалося выявіць у сетцы прафесійных кантактаў LinkedIn, дзе пазначана, што мужчына знаходзіцца ў Польшчы.

Супадае таксама дата нараджэння (14 лютага) і месца працы, якія ўдалося высветліць Belpol — у 2010—2018 гадах ён працаваў у ААТ «Амкадор». Аднак у інфармацыі экс-сілавікоў пазначана, што мужчына быў слесарам, а ў анкеце ў сацсетцы пазначаная пасада «вядучы інжынер».

Са студзеня па ліпень 2019 года Касцючэнка працаваў спецыялістам па аптовых продажах унітарнага прадпрыемства «ПС Аўта груп», з мая па лістапад 2020 года — спецыялістам па пасляпродажным абслугоўванні СП «Святавіт».

Таксама «Позірку» атрымалася высветліць, што ў чэрвені і лістападзе 2011 года мужчына браў удзел як мінімум у двух баях па змешаных адзінаборствах (ММА): у турнірах «Еўрапейская M-1 бітва» і «M-1 BFC 13— Мінск-Файт». Абодва баі ён прайграў.

Даныя, атрыманыя ад BelPol, сведчаць, што Касцючэнка быў асуджаны да трох гадоў абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову па арт. 70 (прызначэнне больш мяккага пакарання, чым прадугледжана за гэтае злачынства і арт. 205 (крадзеж, учынены арганізаванай групай альбо ў асабліва буйным памеры) Крымінальнага кодэкса.

Паводле фабулы злачынства, мужчыну палічылі вінаватым у выкраданні 35 мабільных тэлефонаў на суму 7,1 млн рублёў. Акрамя таго, мінчук, як сцвярджаецца, 30 разоў прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці па лініі Дзяржаўтаінспекцыі.

Таксама рэдакцыі вядома, што мужчына жанаты і ў яго ёсць дачка.


Глядзіце таксама

На пытанне «Позірка», ці мог мужчына быць завербаваны спецслужбамі, у BelPol адказалі, што такая «верагоднасць вельмі высокая».

29 мая Gazeta Wyborcza паведаміла, што «ў склад дыверсійнай групы, якая дзейнічала па заданні расійскай разведкі», уваходзілі «грамадзянін Польшчы Каміль К. і двое беларусаў: Андрэй В. і Стэфан М.»

На літару «М» пачынаецца прозвішча жонкі меркаванага фігуранта. Акрамя таго, мужчына ў кайданках на фота, апублікаваным польскім выданнем, нягледзячы на накладзены на твар чорны прастакутнік, падобны да Касцючэнкі, фатаграфія якога, як сцвярджаецца, ёсць у рэдакцыі «Позірка», але яна яе не публікуе.

«Альянс расследвальнікаў Беларусі» дадае, што Сцяпан Касцючэнка — зяць вядомага беларускага дыпламата. Мужчына жанаты на дачцэ былога генконсула Беларусі ў Гданьску Сяргея Міхневіча.

Паводле інфармацыі АРБ, Касцючэнка пад мянушкай «Паляк» з сярэдзіны 2000-х звязаны з ультраправымі групоўкамі нацысцкага кшталту з каляфутбольнага руху. Ён нібыта датычны да нацысцкай групоўкі Combat-18 (гэта пацвярджае татуіроўка на назе), Blood&Honor, а таксама да расійскага батальёна «Эспаньёла» (сфарміраваны з футбольных фанатаў пад куратарствам ФСБ).

«Атрымліваецца, што не толькі праваахоўныя органы рэжыму, але дыпламатыя таксама не заўважала «дзівацтваў» за Касцючэнкам і яго прыхільнасці ідэалогіі, з якой рэжым Аляксандра Лукашэнкі на словах змагаецца», — пішуць расследвальнікі.

«З высокай ступенню верагоднасці» АРБ сцвярджае, што «вярбоўка Сцяпана Касцючэнкі адбылася яшчэ ў Беларусі праз кантакты, звязаныя з ужываннем наркотыкаў».

«Сапраўдныя неанацысты, як высвятляецца вельмі патрэбныя рэжыму, так як гэта ідэальны аб'ект для вярбоўкі ў мэтах здзяйснення дыверсійных актаў на тэрыторыі Еўрапейскага саюза», — рэзюмуецца ў матэрыяле.

Пракуратура Польшчы прад’явіла абвінавачванні двум затрыманым беларусам (імя другога невядомае). За падпалы ў Польшчы ім пагражае доўгі тэрмін зняволення — аж да пажыццёвага.