Жанчыну затрымалі разам з 4-гадовым сынам. За малюнак на асфальце

Навапалачанку 31 жніўня будуць судзіць за малюнак БЧБ-сцяга на асфальце. У міліцыю яе забіралі з 4-гадовым сынам, піша Таццяна Матвеева / TUT.BY

scjah_3.jpg


Вечарам у пятніцу, 28 жніўня, каля завода «Вымяральнік» у Наваполацку Зоя Скварцова гуляла з 4-гадовым сынам, потым дзіця захацела памаляваць крэйдай на асфальце. Да яго далучылася і мама. Малы намаляваў домік, а мама  БЧБ-сцяг і напісала: "Жыве Беларусь!" і " Свабоду палітвязням". Ахоўнік завода выклікаў міліцыю, і жанчыну з дзіцём забралі ў ГАУС.

— Каля завода "вымяральнік", на вуліцы Моладзевай, ёсць месца на тратуары, дзе дзеці любяць маляваць на асфальце. Тэрыторыя гэтая не закрытая, не агароджаная, і ніхто з работнікаў прадпрыемства ніколі не рабіў бацькам дзяцей заўваг, што маляваць тут забаронена. Тут увесь час шпацыруюць і малююць многія жыхары нашага мікрараёна, — тлумачыць Зоя Скварцова.
Увечары ў пятніцу, 28 жніўня, на прагулцы была ўся сям'я Скварцовых: бацькі і двое дзяцей — двух і чатырох гадоў.
— Малодшы зваліўся ў лужыну, муж пайшоў з ім дадому, пераапрануць. А мы са старэйшым сынам засталіся на вуліцы. Ян узяў крэйды і пачаў маляваць на асфальце домік. А я намалявала бел-чырвона-белы сцяг, напісала " Жыве Беларусь!" і " Свабоду палітвязням!».
Далей падзеі атрымалі нечаканы паварот:
— Вылецеў начальнік аховы завода "Вымяральнік" і пачаў нецэнзурна крычаць на мяне і сына. Я зрабіла яму заўвагу: "Чаму вы хаміце, ды яшчэ ў прысутнасці дзіцяці?». Ён абураўся: "Што ты тут намалявала?». Я патлумачыла, што бел-чырвона-белы сцяг не забаронены, гэта наша гістарычная сімволіка. Начальнік аховы сказаў: "Гэта тэрыторыя завода, маляваць тут нічога нельга, змывайце свае малюнкі".
У маладой жанчыны была з сабой вада — і яна выканала патрабаванне работніка завода.
— З большага я змыла малюнкі. Надпісы былі амаль не бачныя.
Аднак начальнік аховы тым часам выклікаў міліцыю.
— І нас з дзіцем 4-х гадоў павезлі ў ГАУС. Уявіце, еду я ў міліцэйскай машыне, на руках плача сын — ён баяўся людзей у форме, і яшчэ са мной два дзіцячыя самакаты. Таму што з намі на пляцоўцы застаўся самакат малодшага сына.
Зоя кажа, што міліцыянты не прапанавалі ёй адвезці дзіця дадому:
— Не, такі варыянт яны нават не разглядалі. Па дарозе ў ГАУС  у Яна ліліся слёзы градам, ён казаў: «Я баюся!». Але ад міліцыі на гэта не было ніякай рэакцыі.
У ГАУС Зоя з сынам правялі 1,5 гадзіны:
— Я спрабавала даведацца, дзе ў нас у горадзе можна маляваць крэйдай. Дзеці ж хочуць маляваць. Міліцыянты сказалі, што "ў межах горада крэйдай на асфальце маляваць нельга нідзе". Дзіця за паўтары гадзіны стамілася, прасіў есці, пытаўся, калі мы пойдзем дадому. Выйшлі з міліцыі мы ў 22.10.
У панядзелак, 31 жніўня, па справе Зоі Скварцовай будзе суд. Яе абвінавачваюць па частцы 2 артыкула 21.14 Каап (Парушэнне правілаў добраўпарадкавання і ўтрымання населеных пунктаў). Яна прадугледжвае пакаранне ў выглядзе штрафу да 25 базавых велічынь (да 675 рублёў).

pratakol.jpg


— Вось да такога абсурду ўжо даходзіць у нашай краіне: чалавека могуць пакараць за малюнак мелам на асфальце — кажа жыхарка Наваполацка. — Дарэчы, як я бачыла, нашы з сынам малюнкі каля "Вымяральніка" канчаткова змыла дажджом.
tut.by, пераклад НЧ