Замест лінейкі — урок практычнай гісторыі

Мастак Алесь Пушкін 1 верасня ў Слуцку арганізаваў для сына ўрок гісторыі, прысвечаны Слуцкаму паўстанню.

puszkin_015_logo.jpg

Замест традыцыйнай школьнай лінейкі ў Бабры васьмікласнік Мікола Пушкін прыняў удзел у адмысловым уроку гісторыі ў Слуцку пад назвай “Дзень ведаў — урок гісторыі”.

puszkin_002_logo.jpg

Грамадская актывістка і ініцыятарка кампаніі па ўсталяванні помніка слуцкім паўстанцам Аліна Нагорная выканала ролю настаўніцы гісторыі. Аліна правяла вучня і іншых удзельнікаў “урока” па гістарычных месцах Слуцка і распавяла пра найбольш значныя падзеі з гісторыі горада.

puszkin_005_logo.jpg

Асаблівая ўвага была нададзена Слуцкаму збройнаму чыну і найбольш вядомым яго ўдзельнікам. Партрэты ўдзельнікаў паўстання Макара Краўцова, Юркі Лістапада, Паўла Жаўрыда, Лукаша Семянюка, гістарычны герб горада Слуцка, плакат супраць вайны выдатна ажывілі расказ і дапамагалі ўдзельнікам гістарычнага ўрока-перформанса наблізіцца да падзеі мінулага стагоддзя. Дарэчы, партрэт Лукаша Семянюка стварыў сам Алесь Пушкін.

puszkin_013_logo.jpg

puszkin_014_logo.jpg

Увагу ўдзельнікаў падарожжа таксама прыцягнулі будынак Слуцкага краязнаўчага музея, помнікі Анастасіі Слуцкай і Сафіі Слуцкай, вуліца Камсамольская, дзе некалі засядала Рада Случчыны, фабрыка Слуцкіх паясоў і яе музей.

puszkin_001_logo.jpg

Алесь Пушкін патлумачыў знаходжанне свайго сына не на традыцыйнай школьнай лінейцы, а ў Слуцку наступным чынам:

 — Думаю, што майму сыну гэты ўрок практычнай гісторыі Беларусі запомніцца больш, чым звычайная школьная лінейка, на якой традыцыйна гучаць рускамоўныя песні. 1 верасня лічыцца Днём ведаў. Я лічу, што сёння ў Слуцку сын атрымаў нядрэнныя веды па гісторыі, якія ён запомніць назаўсёды.

puszkin_009_logo.jpg

Паводле Пушкіна, случчанам давялося ўцягнуцца ў ваенныя дзеянні 1920 года, паколькі ім патрэбна было бараніць сваю зямлю і ўласнасць ад ворагаў. Таму на адным з плакатаў падчас “уроку” былі словы аб недапушчэнні ўцягвання Беларусі ў войны.

Мастак лічыць, што паколькі ў нашай краіне існуе шмат гераічных гістарычных месцаў, пра якія мала гаворыцца ў падручніках, было б цікава іх наведаць з дзецьмі і дасведчанымі настаўнікамі менавіта 1-га верасня.

puszkin_012_logo.jpg

Мікола, для якога мастак наладзіў адмысловы ўрок, задаволены яго зместам і абставінамі і не мае нічога супраць іншых падарожжаў.

 — Мне было вельмі цікава даведацца, што ў невялікага Слуцка такая незвычайная гісторыя, якой могуць пазайздросціць нават больш буйныя гарады, — гаворыць васьмікласнік. — Шкада, што шмат якія гістарычныя падзеі не пазначаны помнікамі.

puszkin_016_logo.jpg


Зацікавіла знакамітага мастака таксама магіла Альгерда Абуховіча — паэта-дэмакрата, удзельніка паўстання пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага. Надпіс на помніку “беларускага Крылова” зусім сцёрся і патрабуе неадкладнай рэстаўрацыі. Мастак паабяцаў мясцовым актывістам да “Дзядоў” абнавіць помнік.