Жалезная заслона расце. Некалькі прыкладаў таго, як свет адгароджваецца ад беларусаў
Пакуль эксперты разважаюць аб рызыках аднаўлення жалезнай заслоны паміж Беларуссю і цывілізаваным светам, гэтая заслона ўжо ўздымаецца.
Напрыканцы траўня прэм’ер-міністр Польшчы Дональд Туск заявіў аб магчымым адкрыцці памежнага перахода ў Баброўніках. Гэтыя словы з энтузіязмам успрынялі па абодва бакі беларуска-польскай мяжы. Жыхары Падляшша атрымалі надзею на аднаўленне бізнес-стасункаў з «беларусінамі», якія зноў пачнуць прыязджаць «на закупы» і давалі добры прыбытак мясцовым гандлярам. Жыхары Беларусі ўзрадаваліся, што шлях у суседнюю краіны стане карацейшым і шалёныя чэргі на мяжы калі не расмокчуцца, то значна паменшаюць.
Нічога не спраўдзілася. Неўзабаве мігранты забілі польскага вайскоўца, і Баброўнікі адразу зніклі з парадку дня. Цяпер Варшава, наадварот, думае над тым, як умацаваць усходнія кардоны.
Чэргі застаюцца. Каб трапіць у Польшчу — на працу, вучобу ці ў госці да сваякоў — беларусам даводзіцца гібець літаральна суткамі на адзіным пункце пропуску ў Брэсце. Прайсці мяжу — такая, здавалася б, простая рэч — цяпер гэта квэст для самых настойлівых і цярплівых.
Што гэта, калі не жалезная заслона?
У Літве набыла моц пастанова ўрада аб забароне на імпарт з Беларусі і Расіі шэрагу тавараў, у тым ліку прадуктаў харчавання. Цягам некалькіх дзён трываў буйны скандал — літоўскія памежнікі не дазвалялі беларусам увозіць у краіну любы харч, нават бутэрброды ў ссабойках. Фотаздымкі пакінутых у Мядзінінкаі «кілакалорый» абляцелі ўсе тэлеграм-каналы і чаты і зрабілі моцнае ўражанне. Цэлыя горы самай разнастайнай ежы і пітва — хабіла б, каб адкрыць асобную краму.
Праз некалькі дзён, сцяміўшы абсурднасць сітуацыі, мытня Літвы змякчыла забарону, самае неабходнае больш не забіраюць. Але асадак, як той казаў, застаўся. Апроч таго, што пазбаўленне харчоў на мяжы — гэта дзікавата і прыніжальна, такія захады дакладна ўскладняюць паездкі беларусаў у Еўрасаюз.
Чэргі і на гэтым кірунку вялізныя. Літва таксама максімальна скараціла колькасць пунктаў пропуску — працуюць цяпер толькі два (у Каменным Логу і Беняконях), і чакаць хоць якой лібералізацыі не даводзіцца.
Да гэтага трэба дадаць і больш жорсткае стаўленне літоўскіх уладаў да беларускіх мігрантаў. Іх правяраюць на прадмет пагрозы нацыянальнай бяспецы, праз гэта некаторых пазбаўляюць дазволаў на жыхарства. Атрымаць візу ў гэтую (і не толькі) краіну стала вельмі цяжка.
Чым не жалезная заслона?
Пару тыдняў таму беларускія медыя абляцела гісторыя пра беларуску, якую не ўпусцілі ў Грузію пасля візарана. Візаран — гэта такая адмысловая працэдура для падаўжэння права знаходжання ў гэтай краіны. Без візы і дазволу на жыхарства там можна жыць цэлы год, але потым трэба выехаць і зноўку заехаць — каб даць легальны адлік наступнаму году.
Тая жанчына так і зрабіла. Адправілася ненадоўга ў Турцыю, але назад у Грузію яе не ўпусцілі. Выглядае, праз грамадскую актыўнасць у дыяспары.
Пакуль такія выпадкі рэдкія, нават адзінкавыя, хаця трывогі сярод эмігрантаў яны, канешне, ствараюць.
Увогуле палітычныя працэсы ў Грузіі цяпер такія, што будучыня малюецца змрочнымі фарбамі. Урад бярэ ўсё больш выразны курс на збліжэнне з Расіяй і выбудоўвае аўтакратыю. Адносіны ў Еўрасаюзам і ЗША сапсаваліся настолькі, што ў адказ да прыняцце закона аб «замежных агентах» ужо ўводзяцца санкцыі.
На жыцці беларусаў у гэтай сонечнай краіне гэта пакуль не надта адбіваецца, але што будзе далей, прагназаваць цяжка. Цалкам верагодна, што становішча нашых суграмадзян у Грузіі адчувальна пагоршыцца. Некаторыя, не чакаючы, ужо з’язджаюць у больш гасцінныя дзяржавы.
І гэта таксама можна лічыць праявай жалезнай заслоны.
Можна колькі заўгодна абурацца рашэннямі замежных урадаў. Казаць, што бутэрброд з сырам — ну такое сабе спрыянне расійскай агрэсіі ва Украіне. Што факт службы ў беларускай арміі дваццаць гадоў таму — дзівацкая падстава для пазбаўлення ДНЖ праз пагрозу нацыянальнай бяспекі. Што абмежаванні ў выдачы віз — спрэчны крок у сітуацыі, калі беларускія рукі і галовы запатрабаваныя на рынку працы і маюць добрую рэпутацыю.
Можна — але варта разумець, што Вільня і Варшава знаходзяцца ў сваім праве і дбаюць найперш аб сваіх грамадзянах. Пагроза разрастання вайны павялічваецца, гэта відавочна. Таму і ў Літве, і ў Польшчы лагічна лічаць, што бяспекі зашмат не бывае, і палку лепей перагнуць, чым недагнуць. То і з’яўляецца гэтая заслона, і яна паступова расце. Верны васал Крамля, беларуская дыктатура настолькі мярзотная і таксічная, што лепш ад яе максімальна адгарадзіцца. Што пры гэтым пацерпяць звычайныя грамадзяне — не галоўнае, лес сякуць — трэскі ляцяць.
Варта разумець і тое, што рэжым Лукашэнкі — не толькі не нясе адказнасць за тое, што адбываецца, але з’яўляецца і бенефіцыянтам жалезнай заслоны. Яму выгадна, каб беларусы сядзелі дома і не шасталі ў Еўропу. Каб не з’язджалі, бо ў эканоміцы і так 150 тысяч вакансій, хутка не будзе каму працаваць. Дый увогуле чым менш насельніцтва сутыкаецца з заходнімі каштоўнасцямі, тым лягчэй прапагандыстам пераконваць яго, што ў ЕС усё загнівае, няма што есці і ўсе сціплыя заробкі сыходзяць на аплату камуналкі.
Атрымліваецца дзіўная сітуацыя, калі ў стаўленні да беларусаў інтарэсы Лукашэнкі і суседніх краін ЕС калі не супадаюць, то істотна перасякаюцца. Зразумела, гэта не датычыцца палітычных эмігрантаў. Тут што Польшча, што Літва паслядоўна абараняюць беларусаў, чым вельмі злуюць рэжым у Мінску. Даюць і прытулак, і неабходныя дакументы, і паступова паляпшаюць умовы легалізацыі. Але вось што да эканамічных мігрантаў ды проста падарожнікаў — тут тэндэнцыі зараз нядобрыя.
Вайна робіць свет чорна-белым, і ў працяг расійскай ваеннай агрэсіі ва Украіне гэтыя трэнды будуць узмацняцца. Пуцін ужо адкрыта пагражае краінам Еўрасаюза, і эксперты мяркуюць, што калі нейкая ўзброеная правакацыя рыхтуецца, то здзейсненая яна будзе з тэрыторыі Беларусі. Тым больш дровы ў агонь падкідвае і Лукашэнкі, які рэгулярна апранае вайсковую форму, ездзіць на мяжу і агрэсіўна выказваецца.
Таму, на жаль, бар’еры паміж Беларуссю і цывілізаваным светам будуць павялічвацца. Што ў гэтай сітуацыі рабіць? Толькі адно: карыстацца тымі выгодамі, якія застаюцца. Наведваць заходнія краіны, пакуль такая макчымасць ёсць. Працаваць там, пакуль ёсць і ДНЖ, і працаўладкаванне. І не цягнуць час, калі плануецца пераезд на пастаяннае жахырства. Бо заўтра можа быць позна.