Заява Рады Беларускай Народнай Рэспублікі
Рада Беларускай Народнай Рэспублікі рашуча асуджае гвалтоўныя дзеяньні сілавых структураў лукашэнкаўскага рэжыму супраць грамадзянаў падчас мірных сьвяточных дэманстрацыяў 25 сакавіка 2017 году.
25 сакавіка — галоўнае сьвята беларускага народу і адзначэньне падзеі, ад якой бярэ адлік гісторыя сучаснай беларускай дзяржаўнасьці. У гэты дзень Беларусь упершыню абвесьціла сябе незалежнай дэмакратычнай дзяржаваю. У будучыні гэты дзень без сумневу будзе галоўным дзяржаўным сьвятам Беларусі.
Перашкаджаючы беларусам сьвяткаваць 25 сакавіка, дыктатарскі рэжым на чале з грамадзянінам Аляксандрам Лукашэнкам, які як мінімум ад 1999 году незаконна займае пасаду Прэз дэнта Рэспублікі Беларусь, у чарговы раз прадэманстраваў сваю антыбеларускую і антыдэмакратычную натуру, а таксама сваю беспасярэднюю пераемнасьць з таталітарнай савецкай акупацыйнай уладай.
Злачынствам, зьдзейсьненым пэрсанальна Аляксандрам Лукашэнкам, а таксама асобамі, што бяруць непасярэдні ўдзел у рэпрэсіях супраць грамадзянаў Беларусі, у будучыні будзе дадзеная належная юрыдычная ацэнка, як гэта адбылося ўва ўсіх іншых краінах Усходняй Эўропы пасьля іхнага вызваленьня з-пад савецкай акупацыі або просавецкіх камуністычных дыктатураў.
Рада БНР патрабуе неадкладнага вызваленьня ўсіх арыштаваных 25 сакавіка і напярэдадні гэтае даты, чый лік складае некалькі соцень чалавек.
Рада БНР зьвяртае ўвагу міжнароднай супольнасьці на факты далейшых яскравых парушэньняў правоў чалавека ў Беларусі, адсутнасьць будзь-якога прагрэсу ў справе дэмакратызацыі.
Рада БНР заклікае краіны Эўрапейскага Зьвязу, Злучаныя Штаты Амэрыкі, Канаду і іншыя краіны Вольнага Сьвету ажыцьцявіць актыўны палітычны і эканамічны ціск на прорасейскую дыктатуру ў Беларусі з мэтай неадкладнай дэмакратычнай трансфармацыі і павагі да правоў чалавека ў Беларусі.
(Захаваны правапіс арыгіналу)