За антываенны пікет у Мінску затрымалі Максіма Вінярскага
Сакавіка 5 грамадскі актывіст Максім Вінярскі правёў пікет каля амбасады Расеі ў Беларусі. Каля 16:00 ён стаў насупраць будынка дыппрадстаўніцтва з плакатам «Акупанты, прэч з Украіны».
Раней актывіст растлумачыў БелаПАН сваю пазіцыю адносна падзей ва Украіне: "Я лічу, што настаў час назваць рэчы сваімі імёнамі. Тое, што зараз адбываецца ва Украіне — фактычна акупацыя. Там замежныя войскі, там спробы захапіць воінскія часткі і
дыктаваць краіне, як яна павінна жыць. Зараз украінцы абараняюць сваю незалежнасць, прычым даволі цікавым спосабам — яны не выкарыстоўваюць сілу, не прымяняюць зброю, але не даюць адхапіць кавалак сваёй
краіны. Яны змагаліся за сваю свабоду на Майдане — я быў там
разам з імі некаторы час, дапамагаў чым мог, зараз Майдан злуе дыктатараў, як нішто іншае. Мне давялося быць у Маскве падчас прысуду "балотнікам" і пасля, калі нас затрымалі на
Цвярской, бачыў: ад слова "Майдан" ад слова "Беркут" расейцаў проста трасе. Не ўсіх, вядома, а амапаўцаў, суддзяў, чыноўнікаў. Глядзеў ўчарашнюю прэс-канферэнцыю
Пуціна і адчуваў — для яго гэта таксама жах.
Я патрабую спыніць агрэсію, мы не можам сказаць, што нас гэта не тычыцца. Так званая Саюзная дзяржава фактычна робіць ўсіх беларусаў саўдзельнікамі ў нападзе на Украіну".
Праз хвіліну пасля пачатку пікетавання да Вінярскага падышоў супрацоўнік міліцыі, які ахоўваў пасольства, і паспрабаваў забраць плакат, патрабаваў паказаць дакументы. Ён выклікаў амапаўскі нарад
, які ў 16:40 затрымаў актывіста і павёз яго ў напрамку Цэнтральнага РУУС.
БелаПАН