За смерць школьніцы завялі справу аб «неналежным выкананні абавязкаў»
Упраўленне Следчага камітэту Мінскай вобласці распачало крымінальную справу пра здарэнне, у выніку якога 29 верасня ў Маладзечанскім раёне падчас збору бульбы загінула 13-гадовая школьніца.
Справа заведзеная паводле ч.2 артыкулу 165 КК аб неналежным выкананні абавязкаў гарантавання бяспекі жыцця і здароўя малалетняга асобай, на якую такія абавязкі былі ўскладзеныя спецыяльным даручэннем і дабраахвотна прынятыя, што пацягнула смерць ад неасцярожнасьці. Справа распачатая ў выніку рассьледавання, якое раней ішло па ч.2 арт. 317 — аб парушэнні правілаў дарожнага руху і эксплуатацыі транспартных сродкаў, што пацягнулі смерць чалавека. Як сцвярджае СК, парушэнні выяўленыя з боку службовых асобаў школы, з якой дзяўчынку накіравалі на збор бульбы. Кваліфікацыі дзеяньям службовых асобаў яшчэ не далі.
Дзяўчынку разам з аднакласнікамі на загад мясцовай адміністрацыі адправілі дапамагаць гаспадарцы збіраць бульбу. Яна загінула пад коламі грузавіка. Сцвярджаецца, нібы ў яе былі праблемы з слыхам і яна проста не пачула папераджальнага гудку кіроўцы. Загад дапамагчы сельскагаспадарчым прадпрыемствам быў падпісаны кіраўніком Маладзечанскага райвыканкаму Аляксандрам Яхнаўцом. Журналісты высветлілі, што, пасылаючы дзяцей «на бульбу», чыноўнікі парушылі адразу 6 законаў. Сведкі здарэння расказваюць, што ў той дзень на полі было каля паўтысячы чалавек, з іх чалавек 80 — школьнікі.
Паводле svaboda.org