З 77-гадовай мінчанкі збіраюцца спаганяць штраф за ўдзел у пікеце 4 гады таму
З 77-гадовай пенсіянеркі Лідзіі Пятроўны Кандрашовай хочуць спагнаць штраф за ўдзел у несанкцыянаваным пікетаванні ў цэнтры Мінску.
Лідзія Кандрашова
У інтэрв'ю НЧ былая настаўніца малодшых класаў адной з сярэдніх сталічных школ, вытанчаная і інтэлігентная спадарыня Лідзія распавяла, што 3 кастрычніка 2011 года на адной з цэнтральных плошчаў сталіцы з сімвалічнай назвай — Пляц Волі яна прыняла ўдзел у не дазволеным уладамі пікетаванні актывістаў Грамадзянскай ініцыятывы супраць беззаконня ў судах і пракуратуры пад лозунгамі “Ашуканцаў народу — да адказнасці!”, “Адміністрацыя прэзідэнта Рэспублікі Беларусь — надзейны абаронца беззаконня ў краіне” і “Патрабуем ад чыноўніцтва выканання Канстытуцыі і законаў краіны”. Падчас гэтай акцыі міліцыянты схапілі Лідзію Пятроўну за рукі-ногі і кінулі на падлогу мінівэну, не дачакаўшыся, пакуль жанчына сталага веку сама дойдзе да аўтамашыны.
Лідзія Кандрашова ўпэўненая, што не за такую краіну Беларусь, дзе пануе гвалт, падчас Другой сусветнай вайны загінуў яе бацька, беларус Пётр Іванавіч Кухта, ураджэнец вёскі Лучнікі, што на Случчыне. Дарэчы, ён, мабілізаваны ў Чырвоную Армію 23 чэрвеня 1941 года, склаў сваю галаву менавіта ў баях за вызваленне Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў — у кастрычніку 1944 года…
За ўдзел у акцыі судом Цэнтральнага раёна Мінска гэтая жанчына сталага веку была пакараная адміністрацыйным штрафам у памеры 350 тысяч рублёў. Аднак амаль чатыры гады з пенсіі Лідзіі Пятроўны не вылічалі ў даход дзяржавы ані капейкі з вызначанай сумы штрафу. І ўзгадалі пра гэта толькі зараз. Можа, дзеля таго, каб запужаць былую настаўніцу і іншых актывістаў Грамадзянскай ініцыятывы супраць беззаконня ў судах і пракуратуры? Тым больш, што калі ім у чарговы раз адмовяць у праве на пікетаванне, яны зноў могуць выйсці на адну з цэнтральных плошчаў сталіцы на несанкцыянаваную акцыю.
І апошняе. Чаму гэтая прывабная і свядомая жанчына — сталая чытачка “Народнай волі”, “Новага часу” і іншых незалежных СМІ — увогуле выходзіла на пікет? Яна лічыць, што ў свой час суд горада Слуцку і Слуцкага раёна незаконна вырашыў грамадзянскую справу аб спадкаемцах яе бацькоўскага дому, адзіным уласнікам якога прызнаны ўнук адной з родных сясцёр Лідзіі Пятроўны. Аднак на ўсе звароты ў органы суду і пракуратуры замест адказаў на канкрэтныя пытанні па грамадзянскай справе былая настаўніца атрымлівае толькі адпіскі. На думку жанчыны, саўласнікамі павінны быць прызнаныя і яна з сястрой, якія разам з маці ўзводзілі бацькоўскі дом замест спаленага вайной.