З надыходзячым! Кіберпартызаны заявілі пра ўзлом сайту БелТА

Сайт Беларускага тэлеграфнага Агенства (БелТА) на момант падрыхтоўкі матэрыялу быў сапраўды недасяжны. На старонцы belta.by — пусты ліст з надпісам «real server unavailable».

6fa8af_ae9ce9c6d0374e52b95f616905464b3b_mv2.webp

Кіберпартызаны адзначылі, што прапагандысты Беларускага тэлеграфнага Агенства (БелТА) «шкодзяць беларускаму народу нароўні з карнікамі з МУС і спецслужбаў Лукашэнкі». «Усе гады дыктатуры яны атручваюць розуму беларусаў хлуснёй і маніпуляцыямі ва ўгоду тырану. За гэта мы наносім удар па кампутарнай сетцы Белты, паралізуем працу вэб-сайтаў праўладнай прапаганды і знішчаем бэкапы».

  • Па словах хакераў:
  • Узламаная ўнутраная сетка і асноўныя сайты.
  • Знішчаныя дамен-кантралёры.
  • Выкачана 90 Гб даных (унутраныя дакументы, бухгалтэрыя, асабістыя дадзеныя супрацоўнікаў). «Астатняе — смецце прапаганды, — трэба не выпампоўваць, а спалваць», — гаворыцца ў заяве партызан.
  • Зачышчана ўся бухгалтэрыя, працоўныя станцыі, архівы, бэкапы, серверы вэб-сайтаў.

Як паведамляюць «Кіберпартызаны» яны пачалі кібератаку 29 снежня. Дата была спецыяльна абраная так, каб навагоднія святы ў прапагандыстаў «удаліся». Атакаваць сетку пачалі прама з раніцы, калі супрацоўнікі толькі прыйшлі ў офіс БелТА і ўключылі кампутары.

«І яшчэ мы хацелі парадаваць годных беларусаў, каб хаця б на Новы год ім было весела, з'явілася добрая нагода сустрэць свята і выпіць шампанскага», — адзначаецца ў справаздачы.

Звычайна атака ўнутранай сеткі арганізацыі распрацоўваецца ад некалькіх тыдняў да месяцаў. Але, па інфармацыі «Кіберпартызанаў», сетку БелТА ўжо раней хтосьці спрабаваў шыфраваць, толькі не давёў справу да канца. З тых часоў «дзіркі» ў сетцы так і не ліквідавалі, і хакеры вырашылі скарыстацца гэтым.

«Супрацоўнікі БелТА не выконваюць нават мінімальныя правілы камп'ютарнай бяспекі і інфармацыйнай гігіены. Напрыклад, карысталіся пірацкім софтам і сістэмамі. Таму лёгка падхапілі нашы “кібербомбачкі” і панеслі вялікія страты», — гаворыцца ў спарваздачы.

Цяпер, паводле інфармацыі кіберпартызанаў, праца ў БелТА фактычна паралізаваная. Супрацоўнікі вымушаныя спрабаваць выконваць задачы з хатніх кампутараў. Рабочая тэхніка адмаўляецца працаваць, як мае быць. Шмат у каго цалкам няма доступу да пошты і звыклых рабочых чатаў.

«Мы лічым, што прапагандысты Лукашэнкі цалкам заслугоўваюць гэта за шматгадовую хлусню, маніпуляцыі і бруд у дачыненні да вальнадумных беларусаў. Яны свядома патураюць жорсткай палітычнай цэнзуры і рэпрэсіям, у тым ліку ў дачыненні да незалежных СМІ: захопу даменаў TUT.BY, выцісканню з краіны свабоды слова, арыштам па палітычных матывах і інш.

Дарэчы, кіраўніцтва забараніла супрацоўнікам БелТА распавядаць пра нашу кібератаку. Не здзівімся, калі, як звычайна,  яны будуць усё адмаўляць. Але вы ж усё ведаеце, што ў такім выпадку бывае», — напісалі Кіберпартызаны.