З Беларусі не выпускаюць тых, хто не падаў звестак пра замежны ДНЖ? Усё не так адназначна

Беларусы, якія маюць дазвол на жыхарства альбо грамадзянства іншай краіны, да 11 кастрычніка павінны былі паведаміць пра гэта міграцыйным службам ці ў консульствы. Што з тымі, хто праігнараваў гэтае патрабаванне? Іх сапраўды не выпускаюць з краіны? «Свабода» паспрабавала высветліць, як перасякаюць мяжу такія грамадзяне.

Картка ВНЖ Літвы. Фота: Delfi

Картка ВНЖ Літвы. Фота: Delfi

11 ліпеня 2023 года набылі моц зьмены ў Закон «Аб грамадзянстве Рэспублікі Беларусь». Згодна зь імі, беларускія грамадзяне, якія маюць замежны дакумэнт (пашпарт, дазвол на жыхарства, дакумэнт, які дае права на льготы), абавязаныя праінфармаваць аб гэтым органы ўнутраных спраў або органы дыпляматычнай службы на працягу трох месяцаў з моманту набыцьця законам моцы. Гэтыя тры месяцы якраз скончыліся 11 кастрычніка.

Пытаньне, варта ці ня варта паведамляць пра наяўнасьць ДНЖ, «карты паляка» ці грамадзянства іншай краіны горача абмяркоўвалася ў пабліках, сацыяльных сетках, чатах.

Думкі падзяліліся. Тым больш што адказнасьць пра «неданясеньне на сябе» пакуль ня вызначаная. Ні ў законе «Аб грамадзянстве» Рэспублікі Беларусь, ні ў пастанове № 140/10 МУС і МЗС нічога не сказана пра адміністрацыйную або крымінальную адказнасьць за непадачу зьвестак аб грамадзянстве замежнай дзяржавы або ДНЖ.

«Магчыма, не было дакладных указаньняў»

Пра тое, ці зьмянілася штосьці пры перасячэньні мяжы, даходзяць супярэчлівыя зьвесткі. 12 кастрычніка партал Hrodna.life напісаў, што «два беларусы заявілі, што іх знаёмых «разьвярнулі» і ня выпусьцілі з краіны, бо іхныя дазволы на жыхарства не былі на ўліку. Некаторыя ж пішуць, што пра ДНЖ і «карту паляка» пыталіся, але гэта не паўплывала на перасячэньне мяжы.

Паведамленьні аб праблемах з выездам у тых, хто не рэгістраваў у Беларусі свае замежныя дакумэнты, зьявіліся і ў іншых крыніцах. Аднак ёсьць і адваротная інфармацыя.

Беларус Павал напісаў у чаце, што перасякае мяжу на аўтамабілі ўвечары ў нядзелю, 15 кастрычніка. На памежным пераходзе «Варшаўскім мост» было шмат машын — паводле ягонай ацэнкі, чарга зь легкавікоў расьцягнулася на 2 кілямэтры. Мяжу прайшоў раніцай 16 кастрычніка. Ніякіх дакумэнтаў і даведак у пасажыраў аўтамабіляў не запытваліся.

«Магчыма, не было зьверху дакладных указаньняў памежнікам, ніякіх даведак не патрабавалі. Бо законам жа не прадугледжана яшчэ ніякай адказнасьці. Я праўда ўважліва прачытаў сумесную пастанову МУС і МЗС ад 23 чэрвеня 2023 г. № 140/10. Там апісаны толькі парадак падачы інфармацыі пра замежныя дакумэнты і прыкладзены формы паведамленьняў. Ну няма ў мяне даведкі з АГіМу, і чым мяне могуць пакараць? Ня выпусьцяць за мяжу? На якой падставе?» — рытарычна пытаецца ўладальнік польскага дазволу на жыхарства.


Глядзіце таксама

«Карту побыту раней нават сканавалі»

Супрацоўнік ІТ-кампаніі Андрэй мае дазвол на жыхарства ў Польшчы, атрыманы ўвесну 2022-га на 3 гады паводле візы Poland.Business Harbour (PBH) — большая частка ягонай кампаніі рэлякавалася зь Беларусі ў Польшчу. Андрэй зь сям’ёй жыве ва Ўроцлаве, але ў Менск езьдзіць прыкладна раз на два-тры месяцы, бо там засталіся пажылыя бацькі і бабуля.

«Гэтым разам вяртаўся 14 кастрычніка рэйсавым аўтобусам. Я нікуды не паведамляў, што маю карту побыту (дазвол на жыхарства ў Польшчы), хаця беларускім памежнікам яе паказваў і раней. Мне здаецца, маю карту побыту нават сканавалі. Мяркую, у нейкіх памежных базах усё фіксуецца.

На мяжы паводле размоваў і перашэптваньняў іншых пасажыраў я зразумеў, што ня я адзін маю польскі дакумэнт. Праверка пашпартоў прайшла, як звычайна, ніякіх даведак не пыталіся. Абедзьве мяжы прайшлі за 6 гадзін. Палякі штамп аб перасячэньні мяжы у пашпарт паставілі. Нікога, здаецца, ня высадзілі», — расказаў Андрэй пра свой нядаўні досьвед перасячэньня мяжы.

Ірына ехала ў Варшаву ў ноч на 16 кастрычніка рэйсавым аўтобусам з Гомля. Абедзьве межы яе аўтобус прайшоў за 2,5 гадзіны.

«Чаргі не было, пры тым, што перад намі пайшло некалькі аўтобусаў, поўных пад завязку. У нашым з адпраўкай у 23:25 было толькі адно свабоднае месца. Праверка дакумэнтаў была хуткай, мы больш часу чакалі агляду аўтобуса на польскай мяжы. У мяне два грамадзянствы: беларускае і польскае. Ніхто ніякіх пытаньняў не задаваў.

Наконт штампаў у пашпарты (была інфа, што палякі ня ставяць, каб дапамагаць беларусам), то ў нашым аўтобусе іх усім ставілі», — расказала Ірына.

Выданне пагаварыла таксама зь яшчэ дваімі беларусамі, якія перасякалі мяжу з краінамі Эўразьвязу пасьля 11 кастрычніка, маючы дазвол на жыхарства ў Літве і Польшчы. Ніхто зь іх не сутыкнуўся з праблемамі, нягледзячы на тое, што зьвестак пра свае замежныя дакумэнты беларускім уладам яны не падавалі.

«Я не рэгістраваў свой дазвол на жыхарства ў Літве, таму што проста ня быў у Беларусі пасьля таго, як прынялі гэты новы закон. Зараз прыехаў на адпачынак, быў усяго некалькі дзён у родных. Калі выяжджаў, то беларускія памежнікі толькі спыталі, дзе мая віза і куды еду. Сказаў, што маю дазвол на жыхарства, паглядзелі на яго і прапусьцілі», — расказаў на ўмовах ананімнасьці адзін з суразмоўцаў.