Wyborcza: Таемная аперацыя беларускіх службаў супраць Рамана Пратасевіча
Спецслужба Лукашэнкі хацела дыскрэдытаваць Рамана Пратасевіча — «беларускага незалежнага журналіста, які ўцёк у Польшчу». Пра гэта паведамілі інфарматары журналістам газеты «Wyborcza». Правакацыя так і засталася б таямніцай, калі б не памылка супрацоўніка беларускай амбасады.
Для дыскрэдытацыі ўдзельніка медыяпраекта Nexta Рамана Пратасевіча беларускія спецслужбы ў канцы 2020 года праз падстаўных асоб набылі на яго імя два легкавыя аўтамабілі ў Польшчы, адзін з якіх перагналі ў Літву, каб пасля “падставіць” актывіста, адзначае "Позірк".
8 ліпеня Wyborcza ў сваім расследаванні "Таемная аперацыя беларускіх службаў на польскай зямлі" распавяда, што, відаць, беларускія спецслужбы разглядалі розныя варыянты, як дыскрэдытаваць Пратасевіча, сярод якіх — і магчымая аўтаатварыя.
“Раніцай 2 ліпеня 2022 года, гэта якраз была субота, спецслужбы Польшчы закрылі Алею Лотнікаў у Варшаве. Прыпаркаваны на абочыне серабрысты Opel Astra выязджае на сярэдзіну дарогі, — піша Wyborcza. — Піратэхнікі шукалі бомбу ці радыеактыўныя матэрыялы, затым тэхнікі ў белых касцюмах замацоўвалі сляды. Мясцовы партал паведамляе: «Загадкавая акцыя міліцыі і піратэхнікаў у Мокотаве». Інфармацыя лаканічная, службы адмаўляюцца даваць інфармацыю.
Сёння вядома, што акцыя была часткай расследавання Мазавецкага аддзела Нацыянальнай пракуратуры Польшчы і Агенцтва ўнутранай бяспекі. У гэтай гісторыі фігуруюць украінскі бізнесмен, які жыве пад Варшавай, прадпрымальнік з Венгрыі і былы беларускі дыпламат, які ідэнтыфікаваны як афіцэр беларускай выведкі. А таксама галоўная мэта аперацыі – Раман Пратасевіч, шмат гадоў таму незалежны беларускі журналіст, пазней зняволены і зламаны рэжымам Лукашэнкі”.
Wyborcza адзначае, што пра тое, што адбылося, стала вядома, калі пасля арышту Пратасевіча ў Беларусі супрацоўнік беларускай амбасады ў Літве спрабаваў прадаць адну з машын, уладальнікам якой значыўся Пратасевіч. Пакупнікамі сталі прадстаўнікі літоўскай контрвыведкі, пра што беларус не ведаў.
Літоўцы старанна абшукалі машыну, узялі адбіткі пальцаў і сляды ДНК. Яны таксама паведамілі польскім калегам, што ў іх ёсць аўтамабіль, набыты ў снежні 2020 года ў дылера пад Варшавай і ў кантракце згадваецца Раман Пратасевіч, выкрадзены праз паўгода беларускімі сілавікамі, адзначае выданне.
Служба ўнутранай бяспекі Польшчы ўстанавіла пакупніка аўтамабіляў, выхадца з Украіны Расіма Г., які паведаміў, што набыць машыны нібыта для беларускіх будаўнікоў у Польшчы яго папрасіў стары сябар, украінскі бізнесмен Мікалай Х. Той, у сваю чаргу, спаслаўся на просьбу былога дыпламата з Беларусі, з якім яны разам вучыліся ў ваеннай акадэміі ў Адэсе. Той сцвярджаў, што машыны прызначаліся для беларускіх будаўнікоў у Польшчы.
Газета “Wyborcza” зазначае, што Пратасевіч у той час жыў у Літве, аднак часта ездзіў у Польшчу, у сувязі з чым аўтамабілі маглі быць выкарыстаныя ў адной са згаданых краін для дыскрэдытацыі журналіста, напрыклад арганізацыі ДТЗ, у якім ён быў бы абвінавачаны.
Гэты план, відаць, не быў рэалізаваны ў сувязі з тым, што беларускім спецслужбам у траўні 2021 года ўдалося арыштаваць Пратасевіча ў мінскім аэрапорце, калі яны прымусілі да пасадкі самалёт Ryanair, які ляцеў з Афін у Вільнюс і пралятаў над Беларуссю.
На борце самалёта якраз і знаходзіўся Пратасевіч ды яго сяброўка расіянка Сафія Сапега. Яны былі затрыманы 23 траўня 2021 года ў выніку арганізаванай беларускімі ўладамі вымушанай пасадкі ў Мінску самалёта Ryanair.
3 траўня 2023 года Мінскі абласны суд прыгаварыў на той момант палітвязня Пратасевіча, які пайшоў на супрацоўніцтва са следствам, да 8 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Іншых фігурантаў “справы Nexta”, Яна Рудзіка і Сцяпана Пуцілу, судзілі завочна ў рамках “спецыяльнай вытворчасці” і прыгаварылі адпаведна да 19 і 20 гадоў пазбаўлення волі.
22 траўня 2023 года Пратасевіч быў памілаваны. Сафію Сапега, асуджаную на 6 гадоў зняволення, памілавалі ў чэрвені таго ж года. Адметна, што пазней расійскія праваабаорнцы заявілі: гэта менаваата Раман Пратасевіч даў паказанні на сваю былую дзяўчыну.
7 траўня 2024 года суд Мінскага раёна разгледзеў грамадзянскі пазоў дзяржаўных органаў у дачыненні да Пратасевіча, Рудзіка і Пуцілы і пастанавіў спагнаць з іх у даход дзяржавы 23,8 мільёна рублёў як кампенсацыю ўрону, нібыта нанесенага падчас масавых акцый пратэсту ў 2020 годзе.
Асноўная частка выплат павінна пайсці МУС. Выдаткі ведамства на забеспячэнне транспартных выдаткаў, паводле судовага рашэння, склалі больш за 1,4 мільёна рублёў, на камандзіровачныя выдаткі — больш за 285 тысяч. Таксама згаданыя выдаткі на лячэнне пацярпелых падчас пратэстаў супрацоўнікаў, страхавыя выплаты ім і харчаванне пры ўзмоцненым нясенні службы курсантамі.
Міністэрства абароны ацаніла сваю шкоду ў памеры больш за 2 мільёна рублёў, Міністэрства па надзвычайных сітуацыях — у 79 тысяч.
Паводле pozirk.online, wyborcza.pl