Вызваленая журналістка Студзінская расказала пра галадоўку, сукамерніц і катаванне музыкай на Акрэсціна

Журналістку «Радыё Свабода» за кратамі катавалі музыкай. Сярод «Саня останется с нами» і «Любимую не отдают» трапіліся песні Данчыка — супрацоўніка «Свабоды», піша «Белсат».

Іна Студзінская. Фота: «Радыё Свабода»

Іна Студзінская. Фота: «Радыё Свабода»


Раніцай 26 ліпеня пасля 10 дзён арышту выйшлі на волю журналісты «Радыё Свабода» Іна Студзінская іАлег Груздзіловіч. Адначасова вызвалілі журналіста «Белсата» Ігара Ільяша (яго Студзінская бачыла праз акенца-«кармушку»).
Іна Студзінская расказала «Белсату», што адчувае сябе нармальна, а турма была «не такой страшнай, як яе малююць». Ёй не выставілі абвінавачанне, пакінулі ў статусе падазраванай. Допыту ў следчага не было. Далі падпісаць толькі абавязальніцтва аб яўцы ў Следчы камітэт. Падпіску аб неразгалошванні яна не давала. Ёй пакуль не вярнулі тэхніку.
«Там нейкая вялікая справа заведзеная на нявызначаных асоб, — расказвае Студзінская. — Мне далі азнаёміцца са спісам следчай групы, ён быў мо на 50 старонках. Я запыталася: тут усе следчыя, якія ёсць у краіне? Мне кіўнула следчая, сказала:"Амаль што"».
Справа тычыцца «арганізацыі масавых беспарадкаў» ад 14 ліпеня 2020 года да 12 студзеня 2021-га. Іншых падрабязнасцей справы Студзінская не ведае, але, кажа, «усім гэта шыюць» з затрыманых журналістаў.

«Палітычным» на Акрэсціна — асаблівыя ўмовы

Умовы на Акрэсціна для «палітычных» жорсткія: матрацаў і бялізны не давалі, даводзілася спаць на голых шконках, яркае святло і днём, і ноччу. Турэмную баланду «есці немагчыма».
«Катавалі музыкай: "Саня останется с нами", "Любимую не отдают", гімн, — пералічвае Студзінская. — Але там было проста бальзам на душу: дзве песні Данчыка! Музыка вельмі гучная».
Данчык (Багдан Андрусішын) — беларускі спявак і журналіст, які большую частку жыцця пражыў у Нью-Ёрку. Запісаў чатыры альбомы, адзін з якіх — супольна з салістам «Песняроў» Леанідам Барткевічам. З 1977 года супрацоўнічае з «Радыё Свабода». 

Трымала галадоўку 8 дзён

Пра Студзінскую з-за кратаў даходзілі супярэчлівыя звесткі: ці то яна абвясціла галадоўку, ці проста не хацела есці тое, што даюць.
«Была галадоўка, — запэўнівае яна. — Я абвесціла галадоўку, па-першае, пабачыўшы ежу, а па-другое, абвясціла палітычную галадоўку. Ваду я піла. Ёсць сведкі, я не ела з нядзелі, 8 ці 9 дзён. Сёння не снедала, яшчэ нічога не ела, хачу правільна выйсці з галадоўкі».
Журналістка збіраецца звярнуцца і да лекараў. Цяпер яна адчувае сябе нармальна, хоць за кратамі ў яе падаў ціск. На Акрэсціна былі дактары, але толькі адна была «вельмі класная», астатнія былі «дзеўкі брыдкія». Таблеткі Студзінская мела свае, іх дазвалялі прымаць.

Затрымліваюць за працу хімікам, за «экстрэмісцкую» кнігу, за слова «свіння»…

З сукамерніцамі пашанцавала, мяркуе Студзінская, былі «вельмі класныя дзевачкі». У першы дзень да яе прывялі жанчыну-хіміка:
«Цяпер бяруць хімікаў, — тлумачыць Студзінская. — Яна падазраецца ў спрыянні ў арганізацыі выбухаў нявызначанымі асобамі. Яна проста хімік, яна ні сном ні духам: працуе ў прыватнай кампаніі ў вырабе мыйных сродкаў».
Кожныя два дні гэтую жанчыну і Студзінскую пераводзілі ў новую камеру, агулам яны былі ў пяці камерах за 10 дзён. Студзінская бачыла таксама грамадзянку Расіі, якую высылаюць, бачыла «смешныя» выпадкі, як то жанчыну, якую затрымалі за слова «свіння» пад яшчэ жнівеньскім пастом пра міліцыянта ў «Аднакласніках».
Аднойчы а 4-й гадзіне ночы прывялі вельмі спалоханую жанчыну, аж трэслася. Аказалася, у снежні 2020 года яна адпраўляла сяброўцы ў Канаду кнігу «Беларуская нацыянальная ідэя», якую напісалі Зміцер Лукашук і Максім Гаруноў паводле гутарак з вядомымі беларусамі ў перадачы «Ідэя X» на «Еўрарадыё». Гэтую кнігу прызналі экстрэмісцкай толькі ў канцы сакавіка 2021-га.