«Выглядае ён добра». Пытанне аб экстрадыцыі байца Аляксея Кудзіна ў Беларусь разгледзяць 18-га чэрвеня
Жонка беларускага байца Аляксея Кудзіна Таццяна распавяла пра тое, што слуханне ў судзе з нагоды магчымай экстрадыцыі спартоўца перанесенае на 18 чэрвеня. Суддзя запрасіла дакумент, без якога яна не можа вынесці рашэнне.
Слуханні па нагоды магчымай экстрадыцыі Кудзіна ў Беларусь перанесены на 18 чэрвеня
«Паступае шмат пытанняў з нагоды сітуацыі з Аляксеем. Дзе
ён? Што чуваць? Некаторыя нават думалі, што яго ўжо прывезлі ў Беларусь.
Вырашыла запісаць відэа, каб не адказваць кожнаму і для таго, каб растлумачыць
сітуацыю. Было слуханне ў Маскоўскім абласным судзе з нагоды экстрадыцыі
Аляксея. Яго перанеслі на 18-е чэрвеня, бо суддзя запрасіла пэўны дакумент. Без
яго яна не можа вынесці рашэнне. Я бачыла свайго мужа. Выглядае ён добра. Яго ў
панядзелак перавялі ў Зеленаград. Як я зразумела, у яго ёсць магчымасць
трэніравацца. Для яго гэта вельмі важна. Больш нічога пэўнага сказаць не магу.
Буду трымаць усіх у курсе. Дзякуй вялікі за падтрымку!» — прыводзіць словы Таццяны Кудзінай «Трыбуна» са спасылкай на інстаграм жанчыны.
Нагадаем, у красавіку Кудзін атрымаў дакументы на
экстрадыцыю. Ён падаў скаргу на гэтае рашэнне.
Аляксея Кудзіна затрымалі пасля акцыі пратэсту ў
Маладзечне 10 жніўня, пры гэтым у байца стралялі. Адпусцілі 21 жніўня,
узбудзіўшы ў дачыненні да яго крымінальную справу і абраўшы меру стрымання ў
выглядзе хатняга арышту. На судовае пасяджэнне 19 лістапада Кудзін не з'явіўся.
Яго жонка расказала, што раніцай муж паведаміў, што едзе ў суд. Больш яна яго
не бачыла, на тэлефонныя званкі ён не адказваў.
Пасля гэтага суддзя змяніла меру стрымання з хатняга арышту на заключэнне пад варту, а Аляксея Кудзіна афіцыйна абвясцілі ў вышук. 21 студзеня стала вядома аб затрыманні Кудзіна ў Маскве па запыце беларускіх уладаў. Тады больш за 300 беларускіх спартоўцаў напісалі ліст у падтрымку Аляксея Кудзіна. З тых часоў ён знаходзіцца пад арыштам у Маскве ў чаканні канчатковага рашэння па выдачы ў Беларусь.