Вользе Маёравай працягнулі тэрмін утрымання пад вартай да сакавіка

Палітзняволенай Вользе Маёравай працягнулі тэрмін утрымання на тры месяцы — да сакавіка. Пра гэта «Новаму Часу» распавёў сын Вольгі Сяргей Зіямаў.

Вольга Маёрава

Вольга Маёрава


Паводле слоў Сяргея, сёння яму патэлефанаваў адвакат і паведаміў пра тое, што маці працягнулі тэрмін утрымання. Таксама, распавёў Сяргей, Вольга пісала, што ў зняволенні двойчы перахварэла на каронавірус.
Лісты ад палітзняволенай апошнім часам сталі прыходзіць радзей, але пасылкі даходзяць. У адным з апошніх лістоў Вольга зазначыла, што стала менш перадач ад людзей, але яна разумее, што тым, хто цяпер на волі, цяжка. Грошы ў яе на рахунку таксама скончыліся. Жанчына эканоміць перададзеныя ёй цукаты і сушаную шыпшыну — каб былі вітаміны на зіму. Таксама палітзняволеная піша, што ад пераводу з камеры ў камеру ў яе вельмі хутка рвуцца сумкі.
Апошнім часам Вользе стала цяжка рабіць фізічныя практыкаванні. Праўда, яна стараецца хадзіць падчас прагулак: за 1,5 гадзіны ў прагулачным дворыку ёй удаецца прайсці 8–11 тысяч крокаў.
Грамадскую актывістку Вольгу Маёраву супрацоўнікі КДБ затрымалі 4 студзеня 2021 года ў яе доме ў вёсцы Нача Крупскага раёна па так званай «справе Аўтуховіча». У доме быў праведзены ператрус, у выніку якога супрацоўнікі КДБ забралі з дома тэхніку.
Хоць Вольга ўжо амаль 11 месяцаў знаходзіцца за кратамі, усё яшчэ дакладна невядома, якое абвінавачанне ёй выстаўляюць.
У верасні з’явілася інфармацыя, што Вольгу збіраюцца перавесці ў Мінск, але пакуль гэтага не адбылося, палітзняволеная ўсё яшчэ знаходзіцца ў гродзенскай турме.
Падтрымаць Вольгу Маёраву можна, напісаўшы ёй на адрас: Турма №1. 230023, г. Гродна, вул. Кірава, 1. Маёравай Вользе Уладзіміраўне.
Сыну Вольгі Маёравай Сяргею Зіямаву таксама патрэбная дапамога, найперш на аплату паслуг адваката для маці. Калі вы хочаце падтрымаць сям’ю палітзняволенай, можна ахвяраваць сродкі на карту «Беларусбанка»:
4255 1901 2873 2297тэрмін дзеяння: 05/24.