Віцебскі ўрач-праўдаруб Ігар Пастноў лічыць, што гарадская газета манапалізавана ўладамі
Віцебскі ўрач-праўдаруб Ігар Пастноў лічыць, што гарадская газета манапалізавана ўладамі
Ігар Пастноў напісаў ліст у рэдакцыю газеты “Віцьбічы”, працытаваўшы Закон Аб сродках масавай інфармацыі, дзе сказана, што манапалізацыя сродкаў масавай інфармацыі, у
прыватнасці, дзяржаўнымі органамі, недапушчальная.
Ліст Ігара Пастнова ў газету "Віцьбічы" размешчаны на сайце www.freeregion.info. Там выказана меркаванне, што газета не адлюстроўвае погляды немалой часткі насельніцтва, якая крытычна настроена ў дачыненні да працы мясцовых уладаў, не задаволеная станам медычных установаў, бачыць іншыя важныя праблемы. На думку Ігара Пастнова, газета аднабакова асвятляе жыццё горада, ператварылася ў орган па развіцці культу асобы губернатара А.М.Косінца, чым груба парушае закон аб СМІ. Як даўняга аўтара і сталага падпісчыка выдання, Ігара Пастнова абурае такая сітуацыя. Пра гэта ён таксама напісаў галоўнаму рэдактару газеты Ніне Тулінавай.
Адказ на свой ліст Ігар Пастноў атрымаў таксама за подпісам Ніны Тулінавай. Яна не пагаджаецца з аўтарам і піша, што рэдакцыя прытрымліваецца "ўласнай, праверанай часам лініі" і заканадаўства аб СМІ не парушае. А што да свабоды меркаванняў, то прыватных меркаванняў можа быць колькі заўгодна, а рэдакцыя мае права іх не падзяляць, "тым больш, што газета адна, а меркаванні самыя розныя".
Пра тое, ці мусіць выданне адлюстроўваць розныя, у тым ліку супрацьлеглыя пункты погляду на нейкія праблемы, Тулінава нічога не адказала аўтару ліста.
Рэдактар "Віцьбічаў” напісала, што памятае ранейшую палеміку з Ігарам Пастновым па пытанні аднабаковага асвятлення гарадскога жыцця, і што неаднаразова мусіла спыняць з ім перапіску, бо змест ягоных лістоў "увесь час пра адно і тое самае".