Віцебскіх актывістаў будуць судзіць за святкаванне Дня Волі

Напярэдадні Дня Волі 24 сакавіка віцебскія актывісты Уладзімір і Яраслаў Кійко ўшанавалі БНР-101 ускладаннем кветак да помнікаў князю Альгерду і Уладзіміру Караткевічу, а таксама да памятнай дошкі Васілю Быкава і да мемарыялу, усталяванаму каля Успенскага сабору на месцы пахавання нявінна забітых грамадзянаў. Праз тыдзень пасля святкавання Дня Волі ў Віцебску на братоў Кійко міліцыянты склалі пратаколы аб адміністрацыйным правапарушэньні паводле ч.1 арт. 23.34 КаАП — «за пікет з выкарыстаннем палотнішча бел-чырвона-белага колеру».

Браты Кійко ля помніка Альгерду ў Віцебску. Фота: vitebskspring.org

Браты Кійко ля помніка Альгерду ў Віцебску. Фота: vitebskspring.org

Як расказаў «Віцебскай вясне» старэйшы брат Яраслаў, да яго дамоў прыйшоў міліцыянт, які назваўся ўчастковым, і прад’явіў пратакол.
«Знаходзячыся каля помніку “Князю Альгерду”… у парушэнні закону “Аб масавых мерапрыемствах” ажыццявіў пікетаванне з выкарыстаннем палотнішча бел-чырвона-белага колеру», — гаворыцца ў пратаколе, складзеным міліцыянтам Кастрычніцкага РАУС Віцебска Канстанцінам Ярашэўскім.
«Гэты ж самы міліцыянт, што прыходзіў да мяне, заходзіў і да майго брата, але дома не застаў. Там таксама казаў, што ён ягоны ўчастковы, хоць мы з братам жывем на розных вуліцах і ўчастковыя ў нас розныя. А праз дзень гэты “ўчастковы” чакаў майго брата на выхадзе з тэатру. За паўгадзіны да гэтага я размаўляў з братам па тэлефоне, і той сказаў, што знаходзіцца ў тэатры. Таму я раблю выснову, што нашыя тэлефонныя размовы з братам праслухоўваюцца», — расказаў Яраслаў Кійко.  
«Улада лёгка падмінае пад сябе і мараль, і закон, калі на кану стаіць пытанне кантролю за людзьмі, якія хочуць адчуваць сябе ў сваёй жа дзяржаве паўнавартаснымі грамадзянамі. Нават калі ты вырашыў у нядзельны святочны дзень сфатаграфавацца з традыцыйным і нікім не забароненым сцягам гэтай краіны, ты ўжо трапляеш у разрад “нязгодных”, на жаль…» — дадае Яраслаў.
Актывісты з пратаколамі не пагадзіліся і даваць тлумачэнні адмовіліся.
Суд над віцяблянамі адбудзецца 11 красавіка ў 10.00 у будынку суда Кастрычніцкага раёна Віцебска.
Напярэдадні Дня Волі 24 сакавіка віцябляне ўшанавалі БНР-101 ускладаннем кветак да помнікаў князю Альгерду і Уладзіміру Караткевічу, а таксама да памятнай дошкі Васіля Быкава і да мемарыялу, усталяванаму каля Успенскага сабору на месцы пахавання нявінна забітых грамадзянаў. Усё, што адбывалася падчас ускладання кветак, фіксавалі на фота- і відэакамэры супрацоўнікі міліцыі ў цывільным адзенні. Але ў той дзень нікога не затрымлівалі і не папярэджвалі.  
Уладзімер Бяляўскі, vitebskspring.org