Суд у Чарнігаве пачаў разглядаць па сутнасці справу «беларускага шпіёна»
Новазаводскі раённы суд Чарнігава выклікаў усіх сведак для разгляду па сутнасці справы грамадзяніна Беларусі Юрыя Палітыкі, якога ва Украіне абвінавачваюць у незаконным зборы інфармацыі на карысць нявызначанай дзяржавы, піша «Радыё Свабода».
Юрый Палітыка сказаў Свабодзе, што ў яго добры настрой і ён спадзяецца хутка выйсці на волю. На ўмовы ўтрымання ў ізалятары СБУ Украіны ён не скардзіцца, знаходзіцца ў адной камеры з грамадзянінам Украіны.
Пракурор зачытвае абвінаваўчы акт. Цяпер у Палітыкі ўжо новае абвінавачанне — збіраў сакрэтную інфармацыю для перадачы нявызначанаму падчас дасудовага расследавання дзяржаўнаму органу Рэспублікі Беларусь.
Палітыку затрымалі ў чэрвені 2017 года на ўкраінскім памежным пераходзе «Новыя Ярылавічы», што на мяжы з Беларуссю. Падчас затрымання ў ягоным тэлефоне знайшлі зашыфраваны файл з мапай размяшчэння вайсковых падраздзяленняў у зоне антытэрарыстычнай аперацыі на Данбасе і планам наступальнай аперацыі «Шторм». Паўгода да затрымання спецслужбы Украіны сачылі за ўсімі кантактамі і перамяшчэннямі Юрыя Палітыкі ў Чарнігаве.
З украінскай на беларускую мову абвінаваўчы акт Палітыку перакладае прафесійны перакладчык Дзёбік Ягор, беларус паводле паходжання. Ён жыве ў Луцку, ажаніўся з украінкай і паўгады таму пераехаў ва Украіну, мае беларускае грамадзянства.
Паводле артыкулу 114 Крымінальнага кодэксу Украіны («шпіянаж») грамадзяніну Беларусі пагражае пазбаўленне волі на тэрмін ад 10 да 15 гадоў з канфіскацыяй ці без канфіскацыі маёмасці.
Украінскія эксперты выказвалі думкі, што ўкраінскі журналіст Паўло Шаройка быў затрыманы ў Беларусі ў адказ на затрыманне Юрыя Палітыкі ў Чарнігаве. Паўло Шаройка ўжо асуджаны беларускім судом на 8 гадоў турмы за шпіянаж.
Летась у жніўні Юрыя Палітыку прывезлі на чарговае паседжанне суда ў Чарнігаве з сіняком пад левым вокам. Але сам ён не мог удакладніць абставіны атрымання траўмаў і сцвярджаў, што не памятае, як гэта адбылося. На той момант Галоўнае ўпраўленне Нацыянальнай паліцыі ў Чарнігаўскай вобласці ўжо расследавала крымінальную справу паводле гэтага факту.
Адвакаты беларуса, як і прадстаўнікі Міністэрства замежных спраў Беларусі, не выключалі, што Юрыя Палітыку збілі супрацоўнікі следчага ізалятара, аргументуючы тым, што ў часе дасудовага расследавання ў дачыненні да яго нібыта выкарыстоўваліся незаконныя метады дазнання.
У той жа час у адным з судовых рашэнняў у справе пра збіццё Юрыя Палітыкі адзначалася, што гаворка ідзе аб ягоным канфлікце з іншым затрыманым, які ўтрымліваўся ў адной камеры з беларусам: «Устаноўлена, што Палітыка Юрый атрымаў цялесныя пашкоджанні ад сукамерніка ў выглядзе пералому скулавай косткі злева і гематомы пад левым вокам».
Дарэчы, Юрый Палітыка паведаміў пра гэты канфлікт сваёй маці, а тая, у сваю чаргу, праінфармавала аб інцыдэнце амбасаду Беларусі ва Украіне. Сам Юрый адмовіўся даваць следчым паказанні, бо адсутнічалі ягоныя адвакаты. У межах гэтай справы суд прызначыў экспертызу аб цяжкасці пашкоджанняў і магчымасці іх атрымаць у выніку падзення, але вынікі пакуль невядомыя.
Пасля гэтага выпадку Юрыя Палітыку перавялі ў Кіеў, у следчы ізалятар Службы бяспекі Украіны, адкуль яго цяпер возяць у Чарнігаў на ўсе судовыя паседжанні.
У лютым беларусу падоўжылі тэрмін утрымання пад вартай да 6 красавіка. Сёння суд чарговы раз мусіць падоўжыць ягоны арышт яшчэ на два месяцы, каб завершыць разгляд справы.
Алена Літвінава, svaboda.org