Віцебскі зеленгас не здолеў ачысціць горад ад снегу

Калі ходнікі на цэнтральных вуліцах яшчэ прыведзеныя ў парадак, то на дваравых тэрыторыях – не прайсці, піша Белсат.

tumblr_o2ej3hlmqg1r7jtd0o1_400.jpg

Снег – пакуль яшчэ сталы атрыбут беларускай зімы, які стварае святочнасць і дадае святла, калі сонца гэтак мала. Але не заўсёды.
«Цэнтральныя вуліцы прыбраныя, у дварах хацелася б, каб гэтага не было. Не хапае дворнікаў». «Яны чысцяць, чысцяць летам, каля начальства. Самыя бачыце, што нічога не робяць». «Вельмі дрэнна. У гэтым годзе нешта зусім не прыбіраюць. У нас у двары не прайсці», — кажуць мясцовыя жыхары.
Крытычнымі словамі віцебчукі ацэньваюць працу«Зеленгасу». Менавіта гэтая арганізацыя выйграла летась тэндар на прыбіранне дваровых тэрыторыяў.
«Ну знайдзі ты людзей, ну прыбяры ты гэты снег! Гэта ж зіма! Не, яны не здольныя нічога зрабіць. Парад арганізаваць, патыркаць нейкіх дурацкіх помнікаў, кампазіцыяў», — абураецца рашэннямі мясцовых уладаў віцебская грамадская дзяячка Таццяна Севярынец (БХД).
Дырэктар мясцовага «Зеленгасу» Алег Сянькоў праблему прызнае:
«Так, трохі ёсць цяжкасці. Таму што ўсё цяпер перавялі на бюджэт, таму што людзі не плацяць цяпер ні капейкі за прыбіранне сваіх двароў. Калі вярнуцца да той сістэмы, каб жыхары плацілі [за прыбіранне] каля свайго пад’езду, было б лепей. Было б больш дворнікаў».
Сістэму памянялі ў 2016-ым годзе. Да гэтага спрычыніўся ўказ Аляксандра Лукашэнкі нумар 535. Цяпер жыхары фактычна аплочваюць 100 % паслугаў з пазіцыі «Тэхнічнае абслугоўванне», але затое саміх паслугаў, якія стаяць за гэтай фармулёўкай, паменела. Гэтак, з жыровак па сутнасці выключылі і прыбіранне тэрыторыяў. З Лукашэнкі № 535:

«Падтрыманне і аднаўленне санітарнага і тэхнічнага стану прыдамавой тэрыторыі шматкватэрнага дому ажыццяўляецца за кошт сродкаў мясцовых бюджэтаў».


І менавіта таму цяпер гэтай справай больш не займаюцца жыллёва-эксплуатацыйныя службы. А мясцовыя ўлады абвяшчаюць тэндары на такога кшталту паслугі.
«Змянілася заканадаўства. Добра, няхай сабе яно мяняецца колькі заўгодна. Але чаму дзякуючы гэтым зменам людзям стала цяжэй жыць!» – дзівіцца Таццяна Севярынец.
Як тлумачаць адмыслоўцы, у тэндарах на прыбіранне тэрыторыяў ніхто асабліва ўдзельнічаць не хоча – бо не прыбытковая справа. А таму ў конкурсах вымушаныя ўдзельнічаць дзяржаўныя структуры, якія потым і бяруцца за выкананне працаў.