«Перш за ўсё — справядлівы мір»: Уладзімір Зяленскі расказаў, калі закончыцца вайна
Ідуць 1072-я суткі шырокамаштабнай узброенай агрэсіі Расійскай Федэрацыі супраць Украіны пры падтрымцы рэжыму Аляксандра Лукашэнкі. Расія працягвае штурмы ўкраінскіх пазіцый, губляючы людзей, а аналітыкі сумняюцца ў жаданні Уладзіміра Пуціна на дасягненне ўстойлівага міру.
За мінулыя суткі, 29 студзеня, на лініі фронту адбылося 158 баявых сутыкненняў. Больш за ўсё расійцы ціснулі на Пакроўскім кірунку. Там было спынена 72 атакі войскаў РФ, паведамляе Генеральны штаб Узброеных Сіл Украіны (УСУ).
Акрамя таго, на Ліманскім кірунку расійцы атакавалі 26 разоў паблізу Новаегораўкі, Копанак, Макееўкі, Новалюбаўкі, Торскага. Па дзесяць атак УСУ адбілі на Купянскім і Краматорскім кірунках.
На Тарэцкім кірунку расійцы здзейснілі 15 атак недалёк ад населеных пунктаў Крымскае і Тарэцк.
У Курскай вобласці Расіі УСУ працягваюць утрымліваць плацдарм, адбілі восем атак расіян.
АСУВ «Хорціца» паведамляе, што расійскае войска актыўна штурмуе ўкраінскія пазіцыі на Краматорскім і Тарэцкім кірунках. Баявыя дзеянні працягваюцца ў гарадской забудове Часавага Яру і Тарэцка. Па Часавым Яры расіяне здзейснілі больш за 170, а па Тарэцку — амаль 120 артылерыйскіх удараў.
* * *
Расійская армія ў ноч на чацвер, 30 студзеня, запусціла па тэрыторыі Украіны 81 ударны дрон, паведамляюць Паветраныя сілы Украіны.
Пацверджана збіццё 37-мі ўдарных дронаў тыпу Shahed і беспілотнікаў іншых тыпаў у 10 абласцях Украіны. Яшчэ 39 беспілотнікаў лакальна страчаныя, без негатыўных наступстваў.
Падчас гэтай атакі расійскі беспілотнік трапіў у шматпавярхоўку ў Сумах. У выніку 4 чалавекі загінулі і 9 атрымалі траўмы рознай ступені цяжкасці, з іх — 1 дзіця. Пошукава-выратавальныя работы працягваюцца.
* * *
Тэорыя перамогі расійскага дыктатара Уладзіміра Пуціна грунтуецца на здагадцы, што Захад адмовіцца ад Украіны, мяркуюць аналітыкі амерыканскага Інстытута вывучэння вайны (ISW). Таму толькі сталая заходняя вайсковая дапамога Кіеву можа прымусіць Пуціна пайсці на саступкі.
Аналітыкі падкрэслілі, што гаворка ідзе менавіта пра рэгулярную дапамогу: «Толькі непахісная падтрымка Захаду і сталыя пастаўкі заходняй вайсковай дапамогі Кіеву могуць прымусіць Пуціна адмовіцца ад сваёй тэрыторыі і прыняць неабходнасць пайсці на саступкі, неабходныя для развязання канфлікту, прымальнага для ЗША, Еўропы і Украіны».
У той жа час у ISW працягваюць лічыць, што толькі Злучаныя Штаты могуць даць Украіне некаторы крытычна важныя ўзбраенні і ваенную тэхніку ў маштабах, і з такой хуткасцю і рэгулярнасцю, якія неабходныя для абароны нашай краіны ад Расіі.
* * *
Як адзначаюць эксперты ISW, Пуцін ужо цяпер стварае перадумовы для апраўдання Масквой парушэння любых будучых дамоўленасцяў з Украінай. Гаспадар Крамля неаднаразова заяўляў пра «нелегітымнасць» усіх украінскіх урадаў, якія прыйшлі да ўлады пасля Рэвалюцыі Годнасці 2014 года. У той жа час ён раней ужо вёў перамовы і заключаў дамоўленасці з украінскімі чыноўнікамі, у прыватнасці ў рамках Мінскіх пагадненняў 2014-2015 гадоў, успамінаюць аналітыкі ISW. Аднак расійскі бок сістэматычна парушаў гэтыя дамоўленасці, выкарыстоўваючы аргумент аб «нелегітымнасці» ўкраінскага кіраўніцтва як апраўдання.
«Нават калі прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі або іншыя прадстаўнікі ўкраінскай улады адменяць указ аб забароне перамоваў з Пуціным, Крэмль, верагодна, парушыць любое дасягнутае пагадненне, апраўдваючы гэта тым, што такія дамоўленасці “несапраўдныя”. Гэта будзе працягвацца, пакуль Пуцін лічыць, што можа дамагчыся сваіх максімалісцкіх ваенных мэтаў шляхам ваенных дзеянняў», — адзначаюць у ISW.
* * *
Прэзідэнт Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы (ПАРЕ) Тэадорас Русапулас лічыць, што падчас магчымых перамоваў паміж Украінай і Расійскай Федэрацыяй павінны быць вызначаныя «чырвоныя лініі».
Ён нагадаў, што яшчэ ў пачатку поўнамаштабнай вайны Расія і Украіна праводзілі пэўныя перамовы, але цяпер пытанне заключаецца ў тым, што менавіта будзе азначаць паняцце «мір». Калі ж вайна скончыцца, але ўсё застанецца «так, як ёсць цяпер» і часова акупаваныя тэрыторыі стануць часткай краіны-акупанта, то «гэта не той мір, які хацелася б падтрымліваць».
«Вядома, мірныя перамовы — гэта ў цэлым нешта добрае, і хтосьці скажа: калі мы не будзем весці перамовы, то як мы даведаемся аб выніках гэтых перамоваў? У прынцыпе, так, але мы павінны ўсталяваць свае межы, чырвоныя лініі, як той казаў, для чаго патрэбны гэты мір», — дадаў ён.
* * *
Вайна Расіі супраць Украіны скончыцца ў той момант, калі ўдасца дасягнуць справядлівага міру, заявіў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі падчас сустрэчы з курсантамі і ліцэістамі 18 вайсковых навучальных устаноў.
Зяленскі падкрэсліў, што пераход да дыпламатычнага развязання канфлікту ў тым ці іншым фармаце не будзе азначаць канчатковае заканчэнне вайны. Паколькі ва Украіны ўжо быў замарожаны канфлікт пасля акупацыі Крыма і частак Данецкай і Луганскай абласцей. Такая сітуацыя прывяла да поўнамаштабнага ўварвання.
«Вайна не скончылася. Вельмі важна нам гэтым разам выстаяць да канца, — патлумачыў Зяленскі. — Калі скончыцца вайна? У той момант, калі Украіна зможа заваяваць для сябе справядлівы мір. Перш за ўсё — справядлівы мір, так, каб не забыцца ўсіх тых, каго з намі няма, хто аддаў жыццё», — падкрэсліў Зяленскі і дадаў, што абавязковай умовай для міру з'яўляецца справядлівая адказнасць за ўсё, што здзейсніла краіна-агрэсар. Калі гэтага атрымаецца дасягнуць, скончыцца вайна.