СМІ: «Мірны план Трампа» супярэчыць мэтам Уладзіміра Пуціна ва Украіне

Мірны план Дональда Трампа наўрад ці будзе прыняты Уладзімірам Пуціным, таму што ён прадугледжвае тое, праз што Пуцін і пачаў вайну ва Украіне. Таму ўкраінскія вайскоўцы на перадавой скептычна ставяцца да варыянтаў спынення агню. Ідзе 1075-ы дзень шырокамаштабнай вайны ва Украіне, развязанай Расіяй пры саўдзеле рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Фота: Геншаб УСУ

Фота: Геншаб УСУ

На фронце за мінулыя суткі адбылося 110 баявых сутыкненняў з ворагам, з іх 40 разоў расіяне спрабавалі штурмаваць на Пакроўскім кірунку, паведаміў Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 2 лютага.

На Купянскім кірунку адбылося 17 атак расійцаў. На Ліманскім кірунку войска РФ атакавала 15 разоў, спрабуючы прасунуцца паблізу Новаегораўкі, Цернаў, Ямпалаўкі, Торскага і ў кірунку Новаміхайлаўкі. На Краматорскім і Тарэцкім кірунках зафіксавана па сем боесутыкненняў у раёнах Часава Яра, Ступачак, Белай Гары, Тарэцка і Крымскага.

У Курскай вобласці Расіі падраздзяленні УСУ за мінулыя суткі адбілі 8 атак расійскіх войскаў. Расіяне нанеслі 19 авіяўдараў па сваёй тэрыторыі.

Адна з кіраваных авіябомбаў была мэтанакіравана скінутая на інтэрнат у горадзе Суджа Курскай вобласці, у якім знаходзіліся 95 грамадзян Расіі, што рыхтаваліся да эвакуацыі. «Расійскі бок валодаў інфармацыяй, што ў інтэрнаце знаходзяцца выключна грамадзянскія — мясцовыя жыхары, сярод якіх сталыя людзі, жанчыны і дзеці. Цяпер робіцца ўсё магчымае для выратавання ацалелых», — паведамілі ў Генштабе УСУ.

Па словах украінскіх вайскоўцаў, удар па інтэрнаце ў Суджы — чарговае ваеннае злачынства расійскіх уладаў, накіраванае супраць мірнага насельніцтва.

* * *

Сілы абароны Украіны нядаўна прасунуліся ў раёне Тарэцка, у прыватнасці ў паўночнай частцы горада. Пры гэтым фіксуецца прасоўванне расійскіх войскаў каля Часавага Яра, Пакроўска і Курахава, піша амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW).

У Генштабе УСУ 1 лютага апублікавалі карту, на якой пазначана, што расійцы прасунуліся на захад ад Арлянкі (на ўсход ад Купянска). Расійская крыніца сцвярджала, што пуцінскія войскі захапілі Двурэчную (на поўнач ад Купянска), але ў ISW не знайшлі пацвярджэння гэтаму.

Спікер Луганскай групоўкі войскаў УСУ падпалкоўнік Дзмітрый Запарожац 1 лютага заявіў, што расіяне, якія дзейнічаюць на Северскім, Часаярскім і Тарэцкім кірунках маюць тактычныя рэзервы, неабходныя для правядзення ратацый.

У той жа час Сілы абароны Украіны нядаўна прасунуліся ў паўночнай частцы Тарэцка, пра што сведчаць апублікаваныя геалакацыйныя кадры.

Войскі РФ нядаўна прасунуліся на Пакроўскім кірунку. Геалакацыйныя кадры, апублікаваныя 30 і 31 студзеня, сведчаць, што расійцы трохі прасунуліся на паўночны захад ад Котліна (на захад ад Пакроўска) і на паўночную ўскраіну вёскі Надзеждзіна (на паўднёвы захад ад Пакроўска).

1 лютага ў Генштабе УСУ апублікавалі карту, на якой пазначана, што расійцы акупавалі Вялікую Навасёлку.

* * *

У ноч на 2 лютага аналітычны праект DeepState паведаміў аб прасоўванні расійскіх войскаў у раёне трох населеных пунктах Данецкай вобласці, — ля Ваздзвіжанкі, Котліна і Андрэеўкі.

Акрамя таго, па паведамленні DeepState, расійцы ні на дзень не спыняюць штурмавыя дзеянні на Пакроўскім кірунку. «На некаторых участках праціўнік часткова дасягнуў поспеху, але ў цэлым сітуацыя патрабуе ўдакладнення», — адзначаюць у праекце. Сур'ёзныя страты прымусілі расійцаў прыцягваць рэзервы ў раёне Шаўчэнкі-Дачанскае.

У студзені 2025 года расійскія войскі акупавалі 325 квадратных кіламетраў украінскай тэрыторыі, што з'яўляецца самым нізкім паказчыкам са жніўня 2024 года, адзначаецца ў справаздачы.

* * *

photo_2025_02_02_07_13_28.jpg

* * *

З вечара 1 лютага расійскія акупанты атакавалі Украіну 55-цю БпЛА; 40 дронаў атрымалася знішчыць, яшчэ 13 былі лакальна страчаныя, паведамляюць Паветраныя сілы УСУ. У выніку атакі пацярпелі Харкаўская і Сумская вобласці.

У Харкаве дрон атакаваў Слабадскі раён: узнік буйны пажар на прадпрыемстве. Інфармацыя аб пацярпелых не паступала.

У Сумскай вобласці пад варожы ўдар трапіў аб'ект інфраструктуры. У выніку атакі ўзнік маштабны пажар. Паводле папярэдняй інфармацыі, абышлося без пацярпелых.

* * *

Украінскія вайскоўцы скептычна ацэньваюць магчымыя дамоўленасці з Расіяй аб спыненні агню. Гэта можа стаць для Украіны «замаскіраванай катастрофай», заявіў CNN камандзір батальёна 66-й механізаванай брыгады Уладзімір Саблін.

«Калі цяпер будзе спыненне агню, для нас стане толькі горш. Таму што вораг адновіцца, сфармуе новыя воінскія часці, перагрупуецца і зноў нападзе», — патлумачыў вайсковец.

Нядаўна прадстаўнік еўрапейскага абароннага ведамства паведаміў CNN, што вядуцца «актыўныя абмеркаванні» спынення агню. Згодна з мірным планам новага спецпрадстаўніка прэзідэнта ЗША Дональда Трампа па Украіне Кіта Келага, пасля спынення агню адбудзецца размяшчэнне сіл NATO у дэмілітарызаванай зоне. Менавіта гэта з'яўляецца ключавым прынцыпам мірнага плана.

Але адна з мэтаў Пуціна, з-за чаго ён і пачаў вайну ва Украіне — недапушчэнне пашырэння NATO да межаў Расіі. І гэтая мэта відавочна разыходзіцца з планам Келага па размяшчэнні ва Украіне міратворцаў Альянса.

Таму «верагоднасць спынення агню складае толькі 30%. Таму што сітуацыя на фронце не такая, што мы можам бачыць, што будзе перамір'е. Усё гэта вельмі складана», —мяркуюць украінскія вайскоўцы, якія знаходзяцца на перадавой.

* * *

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ў інтэрв'ю Associated Press у чарговы раз заявіў, што перамовы па Украіне павінны праходзіць з удзелам Украіны. Выключэнне Кіева з перамоваў паміж ЗША і Расіяй з нагоды вайны ва Украіне было б «вельмі небяспечным». На ягоную думку, за сталом перамоваў павінны знаходзіцца ЗША, Украіна, Расія і прадстаўнікі ЕС. 

Ён адзначыў, што Расія не зацікаўленая ў перамовах аб спыненні вайны або саступках, якія Крэмль разглядае як паразу, асабліва ва ўмовах сваёй вайсковай перавагі на полі бою. Таму Зяленскі мяркуе, што Дональд Трамп можа прымусіць кіраўніка Крамля Уладзіміра Пуціна сесці за стол перамоваў, пагражаючы санкцыямі, накіраванымі на расійскую энергетыку і банкаўскую сістэму, а таксама прадаўжаючы падтрымку ўкраінскіх вайскоўцаў.

«Я думаю, што гэта самыя найбліжэйшыя і самыя важныя крокі», — сказаў Зяленскі.

* * *

Паўнавартаснае сяброўства Украіны ў NATO з'яўляецца «самым танным» варыянтам для хаўруснікаў Кіева, заявіў Уладзімір Зяленскі. «Я сапраўды веру, што гэта самыя танныя гарантыі бяспекі, якія можа атрымаць Украіна, самыя танныя для ўсіх», — сказаў Зяленскі.

Акрамя таго, адзначыў Зяленскі, 800-тысячнае ўкраінскае войска стане «бонусам» для Паўночнаатлантычнага альянсу, асабліва калі Трамп захоча вярнуць дадому войскі ЗША, што дыслакуюцца за мяжой.

Зяленскі адзначыў, што іншыя прапановы па гарантыях бяспекі павінны быць падмацаваныя дастатковай колькасцю зброі з боку ЗША і Еўропы і падтрымкай Кіева ў развіцці ўласнай абароннай прамысловасці. Калі Украіна не будзе ў Альянсе і не будзе фінансавай падтрымкі — тады не атрымаецца трымаць удары РФ без мільённага войска.