«Важу з сабой спецыяльную торбу». Як апазіцыянеры рыхтуюцца да арыштаў

10 сакавіка пасля акцыі "дармаедаў" у Маладзечне былі затрыманыя адразу тры лідары апазіцыі ― старшыня руху "За Свабоду" Юрый Губарэвіч, сустаршыня аргкамітэта па стварэнні БХД Віталь Рымашэўскі і старшыня АГП Анатоль Лябедзька.

dsc_3378.jpg

Мясцовы суд усіх прызнаў вінаватымі ў парушэнні парадку правядзення і арганізацыі масавых мерапрыемстваў і прыгаварыў да 15 сутак арышту. Праз тры дні ў Оршы "прысеў" на такі ж тэрмін Павел Севярынец.

"Пачаў вазіць з сабой торбу. Усё можа адбыцца. Апошні раз так з сабой вазіў яе у 2011 годзе, калі пасадзілі кандыдатаў у прэзідэнты. Але тады набор быў крыху іншы, яшчэ цыгарэты і гарбата. Тады я рыхтаваўся да крымінальнага артыкулу", ― расказвае старшыня БНФ Аляксей Янукевіч.

Па просьбе Еўрарадыё, Аляксей Янукевіч выкладвае на багажнік аўто змесціва сваёй "карыснай торбы". Там кнігі: Біблія і раман Чэстэртана. Яшчэ зубная паста, сурвэткі, некалькі пар шкарпэтак, ручнік. "Рэчаў не шмат тут. Важу іх з сабой у багажніку. Не перашкодзяць", ― кажа Янукевіч.

dsc3438.jpg?itok=S1KZ7Ik1

У Паўла Вінаградава сабраная торба куды большых памераў.

Іншыя апазіцыйныя лідары аказаліся не настолькі асцярожнымі і падрыхтаванымі да непрыемнасцяў.

Зміцер Дашкевіч: "Я з сабой нічога не нашу. Перададуць, калі што. Толькі вопратку нашу рабочую кожны дзень. Каб не шкада".

Мікалай Статкевіч: "Ці падрыхтаваў я торбу на выпадак арышту? Ха-ха-ха-ха-хаааа! Не, не падрыхтаваў. І не буду. Як арыштуюць, то там паглядзім".

Таццяна Караткевіч: "Я вам прызнаюся, што мела такую торбу перад 17 сакавіка. Тады ўпершыню сабрала рэчы на выпадак арышту. У мяне ўвогуле няма досведу "адседкі". Сабрала там рэчы, якія палічыла патрэбнымі, пракансультавалася ў людзей. Цяпер няма ў мяне такой торбы. Спадзяюся, што 25 чысла ўсё будзе спакойна, без затрыманняў. А калі што, то нашы актывісты дапамогуць, перададуць усё неабходнае".

Куды лепш за іншых актывістаў да магчымай "пасадкі" падрыхтаваны Павел Вінаградаў. Ён дастае вялізную торбу і выкладвае на стол рэчы. "Яна ў мяне пастаянна падрыхтаваная. З сабой не цягаю, вядома. Але калі што, то перададуць адразу", ― кажа актывіст.

cdn.thinglink.me__api_image_90067_0837e4675f775b35b58defcd8d933379.gif


Спіс рэчаў з торбы Вінаградава:

1. Мыла гаспадарчае (яго выдаюць на Акрэсціна, але ў невялікай колькасці)

2. Мыла туалетнае

3. Мыльніца

4. Зубная паста

5. Зубная шчотка (у футляры)

6. Вільготныя сурвэткі

7. Шампунь

8. Туалетная папера (два рулоны, на "сутках" яе выдаюць, але папера там не лепшай якасці)

9. Ручнік

10. Сшытак для запісаў

11. Асадка

12. Аловак

13. Цыгарэты (могуць спатрэбіцца, нават калі вы не паліце)

14. Запалкі

15. Запальнічкі (2 штукі на ўсякі выпадак)

16. Сухі дэзадарант

17. Бялізна (2 камплекты)

18. Шкарпэткі

19. Кнігі (Для 15 сутак павінна хапіць двух розных сярэдняга аб'ёму)

20. Байка

21. Зручныя і цёплыя штаны

22. Тапкі

23. Сухія сурвэткі.

 

Павел Вінаградаў дадае, што трэба быць гатовым да таго, што прапісаныя ў нормах туалетную паперу і гаспадарчае мыла на "сутках" выдаюць не заўсёды. Няма і няма. Тое самае часам адбываецца з пасцельнай бялізнай (прасціна, навалачка, ручнік для рук). "Прадуктаў я не бяру з сабой, бо сяджу на сутках на галадоўцы. Лепш паем, калі выйду. На 25 сакавіка не рэкамендую з сабой шмат усяго браць. Бываюць моманты, калі трэба хутка дзейнічаць. Можна ўзяць некалькі батончыкаў "Снікерсаў". Але памятайце, што ад іх хочацца піць. Вазьміце вады, паўлітра... Калі ўжо падыходзіць песімістычна, то лепш мець з сабой туалетную паперу, зубную пасту, некалькі запальнічак і пачкаў цыгарэт", ― раіць эксперт.

Пра кантрабанду

"Чыста тэарэтычна, можна нешта хаваць у банку шампуню, запайваць у мыла, яшчэ нешта прыдумаць, але перадачы для "палітычных" правяраюцца вельмі дасканала, і я не рэкамендую гэтага рабіць. Бо ў вас больш перадач не прымуць. Хіба, вы нешта ўжо зусім важнае хочаце перадаць. Але я нават не ведаю, што гэта можа быць", ― раіць Павел Вінаградаў.

euroradio.fm