Валерый Карбалевіч пра выступ Лукашэнкі: Крэпасць у аблозе — адзіны магчымы спосаб выжывання
Улады паслядоўна ідуць па шляху эскалацыі канфлікту як унутры краіны, так і з вонкавымі ворагамі. Мадэль крэпасці ў аблозе — гэта сёння адзіны магчымы спосаб выжывання, піша на «Свабоде» вядомы беларускі палітолаг.
Выступ Аляксандра
Лукашэнкі 2 ліпеня на ўрачыстым сходзе, прысвечаным Дню Незалежнасці, моцна
адрозніваўся ад папярэдніх. Гэта была прамова чалавека, які знаходзіцца ў
стане вайны, у атачэнні ворагаў. Хоць, здавалася б, усе ворагі пераможаны, яны
ў турмах, пратэсты зніклі, з кім ваяваць?
Аднак,
высвятляецца, што па меры таго, як улады ўзялі сітуацыю пад кантроль і
адбылася пэўная стабілізацыя, колькасць ворагаў толькі ўзрасла. Гэта бачна па
росце маштабу рэпрэсій. Плюс актывізаваліся вонкавыя ворагі, якія ўвялі
санкцыі.
То бок з выступу
Лукашэнкі вынікае, што ўлады паслядоўна ідуць па шляху эскалацыі канфлікту як
унутры краіны, так і з вонкавымі ворагамі. Мадэль крэпасці ў аблозе — гэта
сёння адзіны магчымы спосаб выжывання.
Важны акцэнт у
афіцыйнай рыторыцы ўладаў — гэта атаясамленне ўсіх ворагаў — унутраных і
вонкавых — з фашыстамі, нацыстамі. Не сказаць, што гэта зусім новы наратыў.
Такія намёкі рабіліся і раней. А цяпер гэта дамінуючы трэнд прапагандысцкага
канструкту.
Улады спрабуюць
упэўніць, што сённяшні «калектыўны Захад» працягвае палітыку фашыстаў.
Лукашэнка кажа: «Паглядзіце, як і 80 гадоў таму, мы чуем пра «новы парадак» ад
такіх жа носьбітаў «еўрапейскіх каштоўнасьцяў». На чале — тыя ж заходнія
эліты». Гэтым жа гісторыка-ідэалягічным субстратам памазалі ўсіх суседзяў. У
адным звязку з фашыстамі Лукашэнка ўзгадаў літоўскіх «лясных братоў»,
украінскіх бандэраўцаў, «бандытаў Арміі Краёвай».
Прыкметная
эвалюцыя ў ацэнцы тых, хто пратэставаў мінулым годам. Тады Лукашэнка казаў, што
на вуліцы выходзяць «правакатары», «адмарозкі», «авечкі», «пʼяныя»,
«абкураныя», «наркаманы», «прастытуткі». Цяпер жа на іх вешаюць іншы ярлык:
«нацысты». Лукашэнка адзначыў: «Многія з выклікаў нашай дзяржаўнасці і
суверэнітэту, з якімі мы сутыкаемся сёння, ідуць сваімі каранямі ў гады
Вялікай Айчыннай вайны. Скажу больш, мы сутыкнуліся з феноменам адкладзенага
дзеяння калабаранцтва ў рэаліях нашага часу».
Як гэтыя
недарэчныя паралелі могуць уздзейнічаць у эпоху інтэрнэту? Думаю, для ўладаў
гэта няважна. Галоўнае, каб яны ўздзейнічалі на вузкую групу іх прыхільнікаў,
сілавыя структуры. Гэта, ва ўяўленні Лукашэнкі і ёсць народ, з якім трэба
мацаваць адзінства. А як жа астатнія? І тут Лукашэнка дае адказ: «Засталіся
толькі ворагі, якія кажуць: не, гэта не так, гэта іншае».
Вялізны кавалак
выступу быў прысвечаны падрабязнасцям тэрарыстычных актаў. Дакладней, не
саміх тэрактаў, якіх, як высвятляецца, не было, а толькі намераў нейкіх людзей
учыніць іх. Гэта цяжка каментаваць, маючы толькі агучаную інфармацыю.
Лукашэнка
апавядаў пра выкрытыя «спячыя» тэрарыстычныя ячэйкі, так званыя атрады
самаабароны. Трэба меркаваць, што за тэрарыстаў выдаюць падпісчыкаў
Telegram-рэсурсу «Атрады самаабароны Беларусі». Іх там 2,5 тысячы.
Уладальнікам
гэтага чату, паводле Лукашэнкі, з'яўляецца грамадзянін Германіі спадар дэ
Хофман. На гэтай падставе Лукашэнка абяцаў выставіць прэтэнзіі нямецкаму
канцлеру. Адначасова высветлілася, што асноўным мадэратарам быў грамадзянін
Расійскай Фэдэрацыі Дуднікаў. Цікава, ці стане гэта падставай, каб вылучыць
прэтэнзіі прэзідэнту Расіі Пуціну?