Вайсковыя могілкі як музей гарадской памяці

Вайсковыя могілкі — месца, наскрозь сшытае з гісторыяй краіны. Праз гісторыі людзей, што там пахаваныя. Здавалася, мы можам пра аўтараў «Пошукаў будучыні», «Кургана», «Новай зямлі» размаўляць на ўроках літаратуры і гісторыі, на імпрэзах, праз артыкулы. Хіба гэтага мала? Навошта прыходзіць на могілкі?

p7059312_logo_1_logo_1.jpg


Могілкі — гэта падстава ўзгадаць жыцці асоб, якія стваралі беларускую культуру. Гэта сімвалічнае месца, інкарпараванае ў гарадскую прастору. Сваёй эстэтыкай яны будзяць цікаўнасць да тых, хто там пахаваны.
Інфармацыя мае здольнасць шматкроць паміраць. Асабліва, калі яна ўкладзена ў выглядзе артыкулаў і кніг. Асабліва ў Беларусі, дзе на дзяржаўным узроўні няма моцнай падтрымкі нацыянальнай культуры. Супольнасць аматараў ведае пра кнігу ўспамінаў таго ці іншага дзеяча, ды толькі. Артыкул прачытаецца ды згубіцца. Таму так важна захоўваць месцы памяці — узнаўляльныя крыніцы інфармацыі. Месца, якое само па сабе з’яўляецца падставай прыйсці з экскурсіяй і паўтараць штораз іншым людзям пра абставіны смерці Кузьмы Чорнага ці гісторыю ўзнікнення Купалінкі.
Але з могілкамі гэта магчыма толькі пры ўмове захавання аўтэнтычнага выгляду. Бо што такое падгалоўнікі, якія ў 2018 годзе пачалі масава ўсталёўваць на Вайсковых могілках замест арыгінальных надмагілляў. Уявіце сабе, вы прыходзіце ў архіў КДБ, вы гарыце даведацца пра любімага рэпрэсаванага паэта. Вы нават мяркуеце, што адшукаеце дагэтуль невядомыя факты. Але што гэта? Чаму тэчка такая тонкая? Вы адкрываеце яе, а перад вамі шарэе сіратлівы аркуш : «Іван Дамінікавіч Луцэвіч (Янка Купала). 1892-1942». І такіх тэчак тысячы, тысячы, тысячы. Замест пранізлівых да дрыготкі фактаў, замест гарачага подыху некалі няўрымслівага імклівага чалавека — два радкі на кепскай паперы.
І вось вы выходзіце з архіва, а вам у спіну: «Радуйся, што паспеў! Праз дзесяць гадоў і таго не пабачыш». Бо падгалоўнікі з таннага мармуровага крышыва маюць тэрмін службы дзесяць гадоў. У выніку, застанецца не цікавы музей — поле. Месца, якое будуць наведваць хіба што дэлегацыі падчас афіцыйных святаў (быццам Плошчы Перамогі на адлегласці ў адзін кіламетр мала). А менавіта так будуць выглядаць Вайсковыя могілкі, калі праект іх рэканструкцыі будзе прыняты (працы былі спыненыя Пракуратурай часова, да распрацоўкі праектнай дакументацыі. Цяпер гэтым па замове Мінгарвыканкама займаецца «Мінскпраект»). Суцэльныя падгалоўнікі, кветнікі з граніту, адсутнасць дрэў і дарожкі з тратуарнай пліткі пасярод надмагілляў. Уніфікацыя як у войску нават пасля смерці.


Што трэба зрабіць, каб гэтага не дапусціць? Казаць, казаць шматкроць пра месца, якое мы можам страціць, але якое пакуль маем шанец выратаваць. Праўда, рабіць гэта трэба ў цікавай форме. Дзе была падгледжана Ружа-кветка? Каго кахаў Міхась Чарот? Чаму Вайсковыя могілкі здавалі ў арэнду? Як Мікалай Бобрык, сваяк Сяргея Грахоўскага, уратаваў жыццё Якуба Коласа? Нашыя дзеячы не забранзавелыя помнікі. У іх жыцці было шмат трагічнага і забаўнага. Яны таксама хварэлі, пакутавалі ад нязручных пінжакоў і сукенак, кахалі і злаваліся. Падчас Дзядоў прыгадваліся не толькі выпадкі, звязаныя з памерлым блізкім, але самыя дробныя рысы знешнасці, кшталту радзімкі на падбароддзе. Гэта трэба было, каб захоўваць жывую памяць пра чалавека. Не размыты абрыс, ці што яшчэ горш — схема са школьнага падручніка, заціснутая ў рамкі гадоў жыцця, але чалавек. Такі, як мы з вамі. Гэтыя разважанні ўжо даўно ёсць агульным месцам, але гэты пункт важна прагаворваць.
Дзякуючы Крэатону (ініцыятывы, якая дапамагае сустрэцца ў адным месцы крэатарам і сацыяльным праектам) узнікла ідэя зрабіць Вайсковыя могілкі Музеем гарадской памяці. Не хвалюйцеся, у адрозненне ад Спецкамбінату мы не будзем знішчаць надмагіллі. Музей віртуальны. «Экспанаты» — гісторыі людзей там пахаваных, людзей, якія тым ці іншым чынам звязаныя з Вайсковымі могілкамі, успаміны гараджан, творы пісьменнікаў. «Экспанаты» можна будзе пабачыць падчас экскурсій, лекцый, імпрэз, якія наша каманда будзе ладзіць. Зрабіць 170-гадовы некропаль адукацыйным цэнтрам. Так як Вайсковыя — гэта галоўны гарадскі некропаль першай паловы ХХ ст., то перад вамі паўстане Менск часоў беларусізацыі, калі паэты стваралі, а навука квітнела.
Мы хочам сабраць інфармацыю не толькі пра вядомых людзей, але як мага больш цікавай інфармацыі пра жыццё гораду на вуліцах Доўгабродскай, Залатагорскай, каля касцёла і Вайсковых. А таксама сямейныя гісторыі пра самі могілкі. Так што калі ў вас заваляліся такія каштоўныя экспанаты — смела нясіце да нас. Мы іх асцярожна паставім, паабціраем пыл, дзе трэба падклеім - і з пашанай змесцім на паліцу. Каб іншыя жыхары Менску маглі пабачыць. Каб памятаць.

86757050_636759867136704_5686067204143972352_n__1_.png


Ну, а распачнем сваю дзейнасць праектам лекцый. Лекцыі будуць самыя разнастайныя і не заўсёды пра могілкі. Вы пазнаёміцеся з літаратарамі трыццатых, больш даведаецеся пра першага рэжысёра Купалаўскага тэатру, пачуеце колькі моў можна пабачыць на Вайсковых могілках. Але гэта яшчэ не ўсё. Першая лекцыя «Жывыя і мёртвыя: тэндэнцыі ўключэння могілак у жыццё грамадства» адбудзецца 25 лютага ў 18:30 у Гістарычнай майстэрні. Таццяна Пятрова, сябра МГА «Гісторыка» распавядзе пра традыцыю наведвання могілак і паспрабуе адказаць на пытанне «Навошта захоўваць гістарычныя могілкі?»
Расклад астатніх лекцый з’явіцца неўзабаве ў нашых сацыяльных сетках:
ІнстаграмФэйсбук#музейгарадскойпамяці